Печатать книгуПечатать книгу

§ 28. Агульная (неспецыфічная) ахова ўнутранага асяроддзя арганізма

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 11 клас
Книга: § 28. Агульная (неспецыфічная) ахова ўнутранага асяроддзя арганізма
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 4 Май 2024, 09:33

Для падтрымання пастаянства ўнутранага асяроддзя жывёлам неабходна ахоўваць яго ад пранікнення іншых арганізмаў. Для гэтага ў іх ёсць асаблівыя прыстасаванні. Лепш за ўсё яны развіты ў самых складаных па будове жывёл. Разгледзець іх можна на прыкладзе прадстаўніка класа Млекакормячыя — Чалавека разумнага.

Скурнае покрыва і слізістыя абалонкі чалавека выконваюць бар’ерную функцыю. Скурнае покрыва перашкаджае пранікненню мікраарганізмаў за кошт пастаяннага адмірання і злушчвання клетак верхніх слаёў эпідэрмісу. Разам з імі выдаляюцца і мікраарганізмы, якія трапілі на паверхню цела. Для выдзяляемага на паверхню эпідэрмісу поту характэрна слабакіслае асяроддзе *(значэнне рН каля  5,5)*. Гэта стварае неспрыяльныя ўмовы для размнажэння бактэрый. Змешчаная пад эпідэрмісам дэрма (уласна скура) уяўляе сабой шчыльны механічны бар’ер на шляху мікраарганізмаў. Але пры высыханні скура можа растрэсквацца і губляць сваю бар’ерную функцыю. Высыханню скуры перашкаджае сакрэт тлушчавых залоз, таму яго таксама можна аднесці да ахоўных вадкасцей.

Мяжой паміж унутраным і знешнім асяроддзем з’яўляюцца слізістыя абалонкі дыхальнай, стрававальнай, выдзяляльнай і палавой сістэм. Іх бар’ерная функцыя вызначаецца высокай рэгенератыўнай здольнасцю і пастаянным выдзяленнем слізі. Гэта слізь дзякуючы вязкасці перашкаджае ўздзеянню мікраарганізмаў на клеткі. Яе выдаленне, напрыклад, пры кашлі ці чыханні спрыяе ачышчэнню арганізма. У састаў слізі ўваходзяць бактэрыцыдныя рэчывы. Галоўным з іх з’яўляецца лізацым, які разбурае клетачную сценку бактэрый. *Таксама ў саставе слізі ёсць невялікая колькасць нізкамалекулярных пептыдаў — дэфензінаў. Яны здольныя ўбудоўвацца ў біялагічныя мембраны мікраарганізмаў і парушаць іх цэласнасць. Супольнае дзеянне лізацыму і дэфензінаў знішчае бактэрыі.* Пры інфекцыйных захворваннях колькасць слізі павялічваецца і ўтрыманне бактэрыцыдных рэчываў у ёй узрастае.

Лізацым прысутнічае таксама ў саставе слёзнай вадкасці і сліны. У стрававальным тракце, акрамя слізі, абеззаражвальнае дзеянне аказваюць саляная кіслата страўнікавага соку, кампаненты жоўці і ўсе стрававальныя ферменты.

Запаленне. Калі цэласнасць покрыва парушаецца, развіваецца спецыяльная ахоўная рэакцыя — запаленне (мал. 28.1). У яе рэалізацыі прымае ўдзел крывяносная сістэма. Сігналам для пачатку запалення служыць спецыяльнае рэчыва — гістамін. Ён вылучаецца пры разбурэнні клетак любых тканак, а таксама прыжыццёва спецыяльнымі лейкацытамі *— тлустымі клеткамі*. 

Пад уплывам гістаміну ўзмацняецца прыток крыві да месца пашкоджання і павялічваецца пранікальнасць сценак капіляраў. У выніку гэтага з крыві ў ачаг запалення паступаюць спецыяльныя ахоўныя бялкі і лейкацыты  (мал. 28.2).

  

Лейкацыты паглынаюць рэшткі пашкоджаных клетак і мікраарганізмы, якія трапілі ва ўнутранае асяроддзе. Такая дзейнасць лейкацытаў называецца фагацытозам (мал. 28.3). Фагацытоз з’яўляецца асобнай ахоўнай рэак­цыяй і можа ажыццяўляцца без запалення. Аднак у ачагу запалення ён выяўляецца ў найбольшай ступені.

Ахоўныя   бялкі,   якія   прынесла кроў, таксама ўступаюць у дзеянне. Галоўнымі з іх з’яўляюцца бялкі сістэмы камлементу. Яны актывіруюцца і далучаюцца да мембраны чужародных клетак, напрыклад бактэрый. У выніку клеткі мікраарганізмаў разбураюцца. Іх рэшткі таксама фагацытуюцца лейкацытамі.

У ахове ад вірусаў важную ролю адыгрываюць іншыя бялкі — інтэрфероны. Яны ўтвараюцца ў пашкоджаных клетках і перашкаджаюць размнажэнню ў іх віруса. Пры гэтым заражаныя клеткі вылучаюць інтэрфероны ў тканкавую вадкасць. Малекулы інтэрферонаў стымулююць супрацьвірусны адказ у яшчэ не заражаных клетках шляхам далучэння да адпаведных рэцэптараў гэтых клетак. Гэта абмяжоўвае распаўсюджванне вірусаў ва ўнутраным асяроддзі.

Для лепшага ажыццяўлення ахоўных рэакцый у ачагу запалення пад­трымліваецца больш высокая, чым звычайна, тэмпература. Гэта вызначаецца спецыяльнымі рэчывамі, якія выдзяляюцца пры запаленні. Іншыя спецыяльныя рэчывы прыводзяць да ўзнікнення болевых адчуванняў. Боль абмяжоўвае выкарыстанне запаленага органа, што спрыяе больш хуткаму ліквідаванню пашкоджанняў.

Заканчваецца запаленне пасля поўнага знішчэння мікраарганізмаў, якія трапілі ва ўнутранае асяроддзе. Характэрныя для запаленага ўчастка сімптомы (пачырваненне, ацёчнасць, павышаная тэмпература, боль) паступова знікаюць, а пашкоджаныя тканкі аднаўляюцца.

У працэсе запалення ахоўныя рэакцыі ажыццяўляюцца арганізмам сумесна. Пры гэтым кожная з іх спрыяе лепшаму ажыццяўленню іншых. *Напрыклад, пры актывацыі сістэмы камплементу ўтвараюцца малекулы, якія стымулююць фагацытоз. Яны ўзмацняюць рухомасць лейкацытаў, а таксама спрыяюць захопу і знішчэнню фагацытуемых аб'ектаў. Некаторыя з гэтых малекул спрыяюць выпрацоўванню гістаміну і тым самым падтрымліваюць запаленне. Гэта адбываецца за кошт іх уплыву на гладкія клеткі. Акрамя таго, пэўныя малекулы, якія з'яўляюцца пры актывацыі сістэмы камплементу, самі дзейнічаюць падобна гістаміну. Яны ўзмацняюць прыток крыві да месца запалення і пранікальнасць сценак капіляраў. Фагацытуючыя лейкацыты таксама стымулююць запаленне, выдзяляючы так званыя празапаленчыя інтэрлейкіны. Тым не менш, кожная з ахоўных рэакцый пры неабходнасці ажыццяўляецца незалежна. Таму ўсе яны разглядаюцца як асобныя спосабы аховы ўнутранага асяроддзя.* 

Аб’ядноўвае гэтыя ахоўныя рэакцыі некалькі агульных рыс. Усе яны належаць да так званага першага ўзроўню аховы. Арганізм гатовы да іх ажыццяўлення ўвесь час. Праяўляюцца яны хутка — на працягу некаль­кіх мінут ці гадзін. Кожная з іх і ўсе яны комплексна могуць узнікаць як адказ на розныя фактары, якія шкодзяць арганізму. Напрыклад, запаленне развіваецца падобным чынам у адказ на тэрмічнае (апёк), механічнае (парэз ці драпіна), біялагічнае (уздзеянне бактэрый і г. д.) па­шкоджанні. Усё гэта дазваляе разглядаць ахоўныя ўласцівасці покрыва, фагацытоз, функцыянаванне бялкоў сістэмы камлементу і інтэрферонаў як агульныя (неспецыфічныя) фактары аховы.

Гэтыя фактары развіліся ў працэсе эвалюцыі віду і перадаюцца па спадчыне. Дзякуючы іх наяўнасці кожная асобіна валодае відавым (прыроджаным) імунітэтам. Напрыклад, чалавек не хварэе на чумку сабак, курыную халеру і яшчэ мноства хвароб другіх відаў. Але ёсць віды ўзбуджальнікаў, якія здольныя пераадольваць ахову першага ўзроўню. Тады дзеянне агульных неспецыфічных ахоўных фактараў у кожнага пэўнага чалавека дапаўняецца аховай другога ўзроўню. Гэта прыводзіць да развіцця індывідуальнага (набытага) імунітэту. Якім чынам рэалізуецца ахова другога ўзроўню, вы даведаецеся з наступнага параграфа.

Скурнае покрыва і слізістыя абалонкі жывёл перашкаджаюць пранікненню шкодных рэчываў і мікраарганізмаў. Эпідэрміс скуры пастаянна адмірае і злушчваецца, што прыводзіць да выдалення мікраарганізмаў. Уласна скура (дэрма) уяўляе сабой трывалы механічны бар’ер на шляху мікраарганізмаў. Выдзяляемая слізістымі абалонкамі вязкая вадкасць (слізь) перашкаджае ўздзеянню шкодных агентаў на клеткі эпітэлію. У слізі змяшчаюцца бактэрыцыдныя рэчывы. Пры парушэнні бар’ерных тканак развіваецца запаленне. Да месца запалення перамяшчаюцца лейкацыты. Яны ажыццяўляюць фагацытоз. У ачагу запалення дзейнічаюць спецыяльныя ахоўныя бялкі — сістэма камплементу. Іх дзеянне прыво­дзіць да разбурэння клетак мікраарганізмаў. Бялкі інтэрфероны ахоўваюць арганізм ад вірусаў. Усё гэта забяспечвае неспецыфічную ахову — відавы імунітэт.

1. У чым заключаецца ахоўная функцыя скурнага покрыва?

2. Як слізістыя абалонкі перашкаджаюць пранікненню мікраарганізмаў ва ўнутранае асяроддзе?

3. Якая роля запалення ў ахове арганізма?

4. Што такое фагацытоз? Якія клеткі яго ажыццяўляюць?

5. Ад якіх узбуджальнікаў захворванняў ахоўваюць інтэрфероны?

6. Як дзейнічаюць бялкі сістэмы камплементу?

7. Пералічыце асноўныя фактары аховы, якія забяспечваюць відавы імунітэт.