§ 28. Агульная (неспецыфічная) ахова ўнутранага асяроддзя арганізма

Для падтрымання пастаянства ўнутранага асяроддзя жывёлам неабходна ахоўваць яго ад пранікнення іншых арганізмаў. Для гэтага ў іх ёсць асаблівыя прыстасаванні. Лепш за ўсё яны развіты ў самых складаных па будове жывёл. Разгледзець іх можна на прыкладзе прадстаўніка класа Млекакормячыя — Чалавека разумнага.

Скурнае покрыва і слізістыя абалонкі чалавека выконваюць бар’ерную функцыю. Скурнае покрыва перашкаджае пранікненню мікраарганізмаў за кошт пастаяннага адмірання і злушчвання клетак верхніх слаёў эпідэрмісу. Разам з імі выдаляюцца і мікраарганізмы, якія трапілі на паверхню цела. Для выдзяляемага на паверхню эпідэрмісу поту характэрна слабакіслае асяроддзе *(значэнне рН каля  5,5)*. Гэта стварае неспрыяльныя ўмовы для размнажэння бактэрый. Змешчаная пад эпідэрмісам дэрма (уласна скура) уяўляе сабой шчыльны механічны бар’ер на шляху мікраарганізмаў. Але пры высыханні скура можа растрэсквацца і губляць сваю бар’ерную функцыю. Высыханню скуры перашкаджае сакрэт тлушчавых залоз, таму яго таксама можна аднесці да ахоўных вадкасцей.

Мяжой паміж унутраным і знешнім асяроддзем з’яўляюцца слізістыя абалонкі дыхальнай, стрававальнай, выдзяляльнай і палавой сістэм. Іх бар’ерная функцыя вызначаецца высокай рэгенератыўнай здольнасцю і пастаянным выдзяленнем слізі. Гэта слізь дзякуючы вязкасці перашкаджае ўздзеянню мікраарганізмаў на клеткі. Яе выдаленне, напрыклад, пры кашлі ці чыханні спрыяе ачышчэнню арганізма. У састаў слізі ўваходзяць бактэрыцыдныя рэчывы. Галоўным з іх з’яўляецца лізацым, які разбурае клетачную сценку бактэрый. *Таксама ў саставе слізі ёсць невялікая колькасць нізкамалекулярных пептыдаў — дэфензінаў. Яны здольныя ўбудоўвацца ў біялагічныя мембраны мікраарганізмаў і парушаць іх цэласнасць. Супольнае дзеянне лізацыму і дэфензінаў знішчае бактэрыі.* Пры інфекцыйных захворваннях колькасць слізі павялічваецца і ўтрыманне бактэрыцыдных рэчываў у ёй узрастае.

Лізацым прысутнічае таксама ў саставе слёзнай вадкасці і сліны. У стрававальным тракце, акрамя слізі, абеззаражвальнае дзеянне аказваюць саляная кіслата страўнікавага соку, кампаненты жоўці і ўсе стрававальныя ферменты.