§ 36. Мадыфікацыйная зменлівасць
Фенатып арганізма залежыць не толькі ад генатыпа, але і ад умоў навакольнага асяроддзя. Адрозніваюць спадчынную і няспадчынную зменлівасць. Да няспадчыннай належыць мадыфікацыйная зменлівасць. Яна ўяўляе сабой змяненне фенатыпу арганізма пад дзеяннем фактараў асяроддзя, якое адбываецца без змянення генатыпу ў межах нормы рэакцыі. Мадыфікацыі характарызуюцца вызначанасцю (прадказальнасцю), маюць масавы характар, у большасці выпадкаў з’яўляюцца абарачальнымі і спрыяюць адаптацыі асобін да зменлівых умоў асяроддзя. Для выяўлення заканамернасцей мадыфікацыйнай зменлівасці выкарыстоўваюць статыстычныя метады, напрыклад пабудову варыяцыйнага рада і варыяцыйнай крывой.