§ 36. Мадыфікацыйная зменлівасць

Роля генатыпу і ўмоў асяроддзя ў фарміраванні прымет. Вам вядома, што прыметы вызначаюцца генамі, г. зн. фенатып арганізма залежыць ад генатыпу. Аднак асобіны, якія маюць аднолькавы генатып (напрыклад, даччыныя расліны, якія развіліся з мацярынскай  шляхам вегетатыўнага размнажэння), але выраслі ў розных умовах, могуць істотна адрознівацца адна ад адной.

Калі высадзіць клубні, атрыманыя ад адной расліны бульбы, то сярод даччыных асобін, якія вырастуць, мы не зможам знайсці дзвюх зусім аднолькавых. Нягледзячы на ідэнтычны генатып, яны будуць адрознівацца па вышыні сцёблаў, кусцістасці, развіццю каранёвай сістэмы, колькасці і памерах лістоў, клубняў і шэрагу іншых прымет (мал. 36.1). Відавочна, што адрозненні паміж гэтымі раслінамі абумоўлены не розным наборам генаў, а дзеяннем фактараў навакольнага асяроддзя. Розныя клубні не маглі развівацца ў абсалютна аднолькавых умовах. Асаб­лівасці механічнага і хімічнага саставу глебы, яе вільготнасць, глыбіня закладання, наяўнасць шкоднікаў, канкурэнцыя з іншымі раслінамі — гэтыя і многія іншыя фактары ўплывалі на развіццё фенатыпу асобін.

Яшчэ адным прыкладам уздзеяння ўмоў асяроддзя на фарміраванне прымет арганізмаў можа служыць індывідуальнае развіццё моназіготных (аднаяйцавых) блізнят. Яны ідэнтычныя па генатыпе, паколькі развіліся з адной зіготы, якая дала на этапе драблення пачатак дзвюм ці больш зародкам. У раннім узросце такія блізняты падобныя адзін да аднаго як дзве кроплі вады, часам нават бацькам складана адрозніць іх (мал. 36.2). Аднак з узростам паміж моназіготнымі блізнятамі ўзнікаюць адрозненні. Яны могуць, напрыклад, мець розны рост, масу цела і густату валасоў, розную ступень развіцця шкілетнай мускулатуры і г. д. З’яўленне гэтых адрозненняў звязана перш за ўсё з уплывам умоў жыцця: асаблівасцей харчавання, заняткаў спортам, характару працоўнай дзейнасці і інш.

Такім чынам, на фарміраванне прымет арганізма ўплываюць не толькі гены, але і розныя знешнія фактары. Іншымі словамі, фенатып кожнай асобіны — гэта вынік праяўлення яе генатыпу ў пэўных умовах нава­кольнага асяроддзя.