§ 35. Генетыка пола

Генатып як цэласная сістэма. Вывучаючы заканамернасці наследавання прымет у арганізмаў, вы пазнаёміліся з рознымі тыпамі ўзаема­дзеяння алельных генаў. У шэрагу выпадкаў вынікам такога ўзаема­дзеяння можа быць з’яўленне прыметы, прамежкавай паміж дамінантнай і рэцэсіўнай, ці якасна новай прыметы, якая не вызначалася ні адным з генаў паасобку (успомніце, напрыклад, чым абумоўлена IV група крыві ў чалавека).

Аднак у жывых арганізмаў вядома мноства прымет, якія кантралю­юцца не адной, а дзвюма і больш парамі генаў. Узаемадзеяннем неалель­ных генаў вызначаюцца, напрыклад, рост, тып целаскладу і колер скуры ў чалавека, афарбоўка шэрсці і апярэння ў многіх млекакормячых і птушак, форма, велічыня, афарбоўка пладоў і насення раслін і г. д. Сустракаецца і процілеглая з’ява, калі адна пара алельных генаў уплывае адразу на некалькі прымет арганізма.

Такім чынам, гены цесна звязаны і ўзаемадзейнічаюць адзін з адным. Таму генатып любога арганізма нельга разглядаць як простую суму асобных генаў. Генатып — гэта цэласная сістэма генаў, якія ўзаемадзейнічаюць.