§ 35. Генетыка пола

Паняцце полу і палавых прымет. З даўніх часоў людзі задаваліся пытаннем: чаму ў адных і тых жа бацькоў з’яўляюцца нашчадкі рознага полу і ў сувязі з чым у большасці раздзельнаполых арганізмаў назіраюц­ца прыкладна аднолькавыя суадносіны мужчынскіх і жаночых асобін? Выказвалася мноства гіпотэз, але толькі ў XX ст. дзякуючы даследаванням у галіне цыталогіі і генетыкі ўдалося выявіць механізм вызначэння і наследавання полу.

Пол — гэта сукупнасць марфалагічных, фізіялагічных, біяхімічных і іншых прымет арганізма, якія забяспечваюць узнаўленне сабе падобных. Адрозніваюць першасныя і другасныя палавыя прыметы. Наяўнасць у асобін спецыялізаваных органаў, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у размнажэнні (палавых залоз пэўнага тыпу і іншых рэпрадуктыўных органаў) адносяць да першасных палавых прымет. Другасныя палавыя прыметы — гэта фенатыпічныя адрозненні мужчынскіх і жаночых асобін, напрамую не звязаныя з працэсам размнажэння. Напрыклад, у чалавека і шэрага іншых млекакормячых асобіны рознага полу адрозніваюцца па памерах і прапорцыях цела, асаблівасцях валасянога покрыва, тэмбру голасу і г. д. Як вы ведаеце, прыметы (у тым ліку і палавыя) кантралююцца генамі. Такім чынам, пол арганізма павінен вызначацца генетычна.