§ 33. Дыгібрыднае скрыжаванне. Трэці закон Мендэля

1. Што ўяўляе сабой дыгібрыднае скрыжаванне? Полігібрыднае?

2. У чым заключаецца сутнасць закона незалежнага наследавання? Якія цыта­лагічныя асновы абумоўліваюць незалежнае наследаванне генаў і адпаведных ім прымет?

3. Якое расшчапленне па генатыпе і па фенатыпе будзе назірацца ў патомстве, калі дыгетэразіготную асобіну падвергнуць аналізуючаму скрыжаванню? Якое расшчапленне па фенатыпе назіраецца ў выніку скрыжавання дыгетэразігот паміж сабой?

4. Выпішыце ўсе тыпы гамет, якія ўтвараюць асобіны з генатыпам: AAbb, AaBb, aaBb, AaBbDd.

5*. Афарбоўка кветак начной прыгажуні наследуецца па тыпе няпоўнага дамінавання (чырвоныя кветкі дамінуюць над белымі, у гетэразігот кветкі ружовыя), а высокае сцябло поўнасцю дамінуе над карлікавым. Скрыжоўваюць дзве дыгетэразіготныя расліны. Колькі працэнтаў раслін першага пакалення ўнаследуюць: а) карлікавае сцябло і ружовыя кветкі; б) высокае сцябло і чырвоныя кветкі; в) карлікавае сцябло і белыя кветкі; г) высокае сцябло і ружовыя кветкі?

6*. У чалавека цёмны колер валасоў поўнасцю дамінуе над светлым, а нармальны слых — над прыроджанай глухатой. У светлавалосага мужчыны, глухога з нараджэння, ёсць цёмнавалосы сын з нармальным слыхам і дачка са светлымі валасамі, у якой выявілася спадчынная глухата. Вызначыце генатып маці гэтых дзяцей. Якая верагоднасць нараджэння ў гэтай сям’і дзіцяці з фенатыпам маці?