§ 33. Дыгібрыднае скрыжаванне. Трэці закон Мендэля
Дыгібрыднае скрыжаванне. Закон незалежнага наследавання прымет. Скрыжаванне, пры якім бацькоўскія асобіны адрозніваюцца па дзвюх парах альтэрнатыўных прымет, называюць дыгібрыдным. Калі бацькі адрозніваюцца па многіх парах альтэрнатыўных прымет, скрыжаванне называецца полігібрыдным.
Вызначыўшы заканамернасці наследавання асобных пар альтэрнатыўных прымет з дапамогай монагібрыднага скрыжавання, Г. Мендэль прыступіў да доследаў па дыгібрыдным скрыжаванні. Ён правёў серыю эксперыментаў, у якіх ажыццяўляў гібрыдызацыю чыстых ліній гароху, што адрозніваліся па дзвюх парах прымет. Так, у адным з доследаў бацькоўскія асобіны адрозніваліся па афарбоўцы насення і форме яго паверхні (мал. 76). Адны расліны мелі жоўтае гладкае насенне, другія — зялёнае маршчыністае. У першым пакаленні назіралася аднастайнасць гібрыдаў — усе яны мелі жоўтае гладкае насенне. Значыць, у гароху жоўтая афарбоўка поўнасцю дамінуе над зялёнай, а гладкая паверхня — над маршчыністай.
Шляхам самаапылення гібрыдаў першага пакалення Г. Мендэль атрымаў другое пакаленне. У адпаведнасці з законам расшчаплення ў гібрыдаў F2 праявіліся не толькі дамінантныя, але і рэцэсіўныя прыметы. Пры гэтым назіраліся ўсе магчымыя спалучэнні прымет насення: жоўтае гладкае, жоўтае маршчыністае, зялёнае гладкае і зялёнае маршчыністае ў суадносінах 9 : 3 : 3 : 1.
Такім чынам, было атрымана патомства чатырох фенатыпічных класаў: дамінантныя па абедзвюх прыметах — , дамінантныя па першай прымеце і рэцэсіўныя па другой — , рэцэсіўныя па першай і дамінантныя па другой — , рэцэсіўныя па абедзвюх прыметах — частка.
Прааналізуем наследаванне кожнай пары альтэрнатыўных прымет асобна. Жоўты колер мелі 12 частак насення, зялёны — 4 часткі. Такім чынам, расшчапленне па афарбоўцы насення складае 3 : 1, як і пры монагібрыдным скрыжаванні. Такая ж карціна назіраецца і пры аналізе расшчаплення па форме паверхні насення — 12 гладкіх и 4 маршчыністых, г. зн. 3 : 1. Гэта гаворыць пра тое, што пры дыгібрыдным скрыжаванні расшчапленне па кожнай пары альтэрнатыўных прымет адбываецца незалежна. Значыць, дыгібрыднае скрыжаванне, у сутнасці, уяўляе сабой два незалежныя монагібрыдныя.
У наступных доследах Г. Мендэль вызначыў, што незалежнае наследаванне прымет назіраецца і пры полігібрыдным скрыжаванні. Дадзеная заканамернасць была названа законам незалежнага наследавання прымет ці трэцім законам Мендэля. Гэты закон гучыць наступным чынам: пры скрыжаванні асобін, якія адрозніваюцца па дзвюх і больш парах альтэрнатыўных прымет, гены і адпаведныя ім прыметы наследуюцца незалежна і камбінуюцца ва ўсіх магчымых спалучэннях.