§ 33. Дыгібрыднае скрыжаванне. Трэці закон Мендэля

Гены, якія кантралююць развіццё розных (неальтэрнатыўных) прымет, называюцца неалельнымі. Яны могуць размяшчацца ў розных парах храмасом (у негамалагічных храмасомах) або ў розных локусах гамалагічных храмасом. Калі неалельныя гены знаходзяцца ў  негамалагічных храмасомах, то ў ходзе меёзу гены кожнай пары выпадковым чынам, незалежна ад іншых пар, размяркоўваюцца паміж гаметамі. Гэта вядзе да фарміравання палавых клетак з рознымі спалучэннямі генаў. Выпадковае зліццё гамет пры апладненні прыводзіць да ўтварэння розных тыпаў зігот. Гэтыя з’явы ляжаць у аснове незалежнага наследавання прымет, якое назіраў Г. Мендэль у доследах па дыгібрыдным і полігібрыдным скрыжаванні. Ён вызначыў, што пры скрыжаванні асобін, якія адрозніваюцца па дзвюх і больш парах альтэрнатыўных прымет, гены і адпаведныя ім прыметы наследуюцца незалежна і камбінуюцца ва ўсіх магчымых спалучэннях. Гэта заканамернасць названа законам незалежнага наследавання прымет ці трэцім законам Мендэля.