*§ 56. Паводзіны чалавека

Чалавек з'яўляецца біясацыяльнай істотай і яго паводзіны вызначаюцца не толькі біялагічнымі патрэбнасцямі, але і сацыяльнымі матывамі. Іерархію патрэбнасцей, якія прымушаюць людзей здзяйсняць пэўныя дзеянні, можна адлюстраваць у выглядзе піраміды, у аснове якой знаходзіцца ўзровень фізіялагічных патрэбнасцей, а на вяршыні — патрэбнасць у самаразвіцці. Адной з патрэбнасцей людзей з'яўляецца патрэбнасць у зносінах. Неад’емнай часткай жыцця ў наш час з'яўляюцца віртуальныя зносіны, у якіх ёсць свае станоўчыя якасці і недахопы. Найважнейшым фактарам і ўмовай фарміравання і развіцця асобы чалавека выступае сацыяльнае асяроддзе. Яно ўключае як бліжэйшае акружэнне, якое непасрэдна ўплывае на чалавека, гэтак і сістэму сацыяльных адносін у грамадстве. Для захавання нашай цывілізацыі і біясферы ў цэлым чалавецтву трэба забяспечыць такое далейшае развіццё, пры якім задавальненне патрэбнасцей людзей не будзе ставіць пад пагрозу дабрабыт наступных пакаленняў.