*§ 56. Паводзіны чалавека
Асаблівасці патрэбнасцей і паводзін чалавека. Чалавек разумны (Homo sapiens) з'яўляецца адным з відаў царства Жывёлы. Для яго характэрныя біялагічныя патрэбнасці, уласцівыя ўсім жывёлам, — у ежы, вадзе, адпачынку, бяспецы і інш. Аднак паводзіны людзей маюць шэраг важных адметных асаблівасцей. Як вы ўжо ведаеце, ў працэсе антрапагенезу ў чалавека ўдасканальвалася будова галоўнага мозгу, мысленне, развілася другая сігнальная сістэма і г. д. Найважнейшую ролю ў сучасным чалавечым грамадстве адыгрываюць сацыяльныя фактары. У сувязі з гэтым можна сказаць, што чалавек з'яўляецца біясацыяльнай істотай і яго паводзіны вызначаюцца не толькі біялагічнымі патрэбнасцямі, але і сацыяльнымі матывамі.
Грамадскі спосаб жыцця і асаблівасці псіхічнай дзейнасці чалавека, такія як наяўнасць абстрактнага мыслення і маўлення, прывялі да з'яўлення новых сацыяльных патрэбнасцей, якія не характэрны для іншых прадстаўнікоў царства Жывёлы. Так, напрыклад, узніклі патрэбнасці ў зносінах і сяброўстве, павазе, прызнанні, справядлівасці, самарэалізацыі. Аднак такія сацыяльныя патрэбнасці не могуць выяўляцца ў поўнай меры, пакуль не будуць здаволены базавыя біялагічныя патрэбнасці. Паводле тэорыі псіхолага А. Маслоў, патрэбнасці, якія прымушаюць людзей здзяйсняць тыя ці іншыя дзеянні, можна размеркаваць іерархічна ад больш важных для выжывання да менш важных. Іерархія патрэбнасцей чалавека часта адлюстроўваецца ў форме піраміды (мал. 56.1).
У аснове піраміды знаходзіцца ўзровень фізіялагічных патрэбнасцей, і для таго, каб узнікалі патрэбнасці больш высокага ўзроўню, чалавек спачатку павінен задаволіць фізіялагічныя. А. Маслоў пісаў: «Я цалкам перакананы, што чалавек жыве хлебам адным толькі ва ўмовах, калі хлеба няма. Але што здараецца з чалавечымі імкненнямі, калі хлеба ўдосталь і страўнік заўсёды поўны? З'яўляюцца больш высокія патрэбнасці, і менавіта яны, а не фізіялагічны голад, кіруюць нашым арганізмам. Па меры задавальнення адных патрэбнасцей узнікаюць другія, усё больш і больш высокія. Так паступова, крок за крокам чалавек прыходзіць да патрэбнасці ў самаразвіцці — найвышэйшай з іх». Разам з тым, на думку вучонага, для пераходу на наступны ўзровень кожная з патрэбнасцей папярэдняга не абавязкова павінна быць здаволена цалкам — дастаткова частковага насычэння.
Як правіла, паслядоўнасць задавальнення патрэбнасцей адпавядае іх іерархіі ў пірамідзе, і патрэбнасці ніжэйшых узроўняў задавальняюцца ў большай меры, чым вышэйшых. Так, калі чалавек увесь час адчувае голад, ён наўрад ці будзе востра мець патрэбнасць ў каханні. Аднак нават закаханы чалавек усё адно рэгулярна мае патрэбнасць ў ежы, вадзе і адпачынку.
У некаторых людзей іерархія патрэбнасцей можа адрознівацца ад паказанай на малюнку 56.1. Напрыклад, пазнавальныя патрэбнасці могуць аказацца важнейшымі, чым патрэбнасць ў павазе і прызнанні. Акрамя таго, людзі могуць спыняцца на пэўным узроўні патрэбнасцей, не адчуваючы цікавасці да больш высокіх, нават калі патрэбасці ніжэйшых узроўняў цалкам здаволены.
Формы, у якіх выяўляюцца патрэбнасці, могуць быць рознымі, паколькі ў кожнага чалавека свае здольнасці і матывацыя. Напрыклад, для задавальнення патрэбнасці ў павазе і прызнанні адным людзям трэба заваяваць ухваленне большасці суграмадзян, а другім дастаткова, каб уласныя дзеці прызнавалі іх аўтарытэт. Такі ж шырокі дыяпазон у межах пэўнай патрэбнасці можна назіраць на кожным узроўні піраміды, нават на першым.
Адной з важных патрэбнасцей людзей з'яўляецца патрэбнасць ў зносінах, паколькі чалавеку, які жыве ў грамадстве, трэба ўвесь час уступаць у кантакты з іншымі людзьмі. І галоўным інструментам такога ўзаемадзеяння выступаюць зносіны. Стыль і формы зносін з цягам часу змяняюцца. Так, у сучасным свеце са з'яўленнем новых тэхналогій (мабільныя тэлефоны, камп’ютары і іншыя гаджэты) людзі сталі ўдзяляць менш часу жывым (рэальным) зносінам, і яны ўсё часцей становяцца віртуальнымі.
Виртуальныя зносіны (у некаторых крыніцах іх называюць сурагатнымі зносінамі) паміж людзьмі ў наш час з'яўляюцца неад’емнай часткай жыцця. У такога віду зносін ёсць свае станоўчыя і адмоўныя бакі. Так, напрыклад, віртуальныя зносіны даюць магчымасць не выходзячы з дому абменьвацца інфармацыяй з людзьмі, рэальная сустрэча з якімі немагчыма з прычыны недахопу часу, вялікай адлегласці, ізаляцыі ў сувязі з пандэміяй і г. д. З дапамогай Інтэрнэту лёгка падтрымліваць адносіны з многімі людзьмі, а таксама знаходзіць новых знаёмых і аднадумцаў. Для шэрага людзей сацыяльныя сеткі з'яўляюцца спосабам самавыяўлення, самасцвярджэння і павышэння самаацэнкі за кошт публікацыі фатаграфій, атрымання лайкаў і ўхваленых каментарыяў.
Аднак віртуальныя зносіны, асабліва з дапамогай тэкставых паведамленняў, не могуць цалкам замяніць жывыя зосіны паміж людзьмі. Значную частку інфармацыі чалавек атрымлівае і перадае з дапамогай невербальных сродкаў зносін, такіх як міміка, паставы, жэсты, інтанацыі. У шэрагу выпадкаў невербальныя сігналы, напрыклад усмешка, могуць істотна змяніць успрыманне таго, што чалавек кажа. Пры віртуальных зносінах, людзі могуць адчуваць розныя эмоцыі — пяшчоту, сімпатыю, страх, нянавісць і інш., але пры гэтым набіраць на клавіятуры аднолькавыя словы і фразы. Таму пры віртуальных зносінах бывае складана распазнаць праўдзівыя якасці чалавека, рысы яго характару і настрой. Нярэдка віртуальныя зносіны даюць нагоду няправільна ўспрымаць сэнс слоў і матывацыю суразмоўцы, пераацэньваць ці недаацэньваць яго. Акрамя таго, у некаторых людзей зносіны з дапамогай Інтэрнэту выклікаюць залежнасць і практычна цалкам замяняюць жывыя зносіны.