Печатать книгуПечатать книгу

*§ 56. Паводзіны чалавека

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 11 клас
Книга: *§ 56. Паводзіны чалавека
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 4 Май 2024, 08:26

Асаблівасці патрэбнасцей і паводзін чалавека. Чалавек разумны (Homo sapiens) з'яўляецца адным з відаў царства Жывёлы. Для яго характэрныя біялагічныя патрэбнасці, уласцівыя ўсім жывёлам, — у ежы, вадзе, адпачынку, бяспецы і інш. Аднак паводзіны людзей маюць шэраг важных адметных асаблівасцей. Як вы ўжо ведаеце, ў працэсе антрапагенезу ў чалавека ўдасканальвалася будова галоўнага мозгу, мысленне, развілася другая сігнальная сістэма і г. д. Найважнейшую ролю ў сучасным чалавечым грамадстве адыгрываюць сацыяльныя фактары. У сувязі з гэтым можна сказаць, што чалавек з'яўляецца біясацыяльнай істотай і яго паводзіны вызначаюцца не толькі біялагічнымі патрэбнасцямі, але і сацыяльнымі матывамі.

Грамадскі спосаб жыцця і асаблівасці псіхічнай дзейнасці чалавека, такія як наяўнасць абстрактнага мыслення і маўлення, прывялі да з'яўлення новых сацыяльных патрэбнасцей, якія не характэрны для іншых прадстаўнікоў царства Жывёлы. Так, напрыклад, узніклі патрэбнасці ў зносінах і сяброўстве, павазе, прызнанні, справядлівасці, самарэалізацыі. Аднак такія сацыяльныя патрэбнасці не могуць выяўляцца ў поўнай меры, пакуль не будуць здаволены базавыя біялагічныя патрэбнасці. Паводле тэорыі псіхолага А. Маслоў, патрэбнасці, якія прымушаюць людзей здзяйсняць тыя ці іншыя дзеянні, можна размеркаваць іерархічна ад больш важных для выжывання да менш важных. Іерархія патрэбнасцей чалавека часта адлюстроўваецца ў форме піраміды (мал. 56.1).

У аснове піраміды знаходзіцца ўзровень фізіялагічных патрэбнасцей, і для таго, каб узнікалі патрэбнасці больш высокага ўзроўню, чалавек спачатку павінен задаволіць фізіялагічныя. А. Маслоў пісаў: «Я цалкам перакананы, што чалавек жыве хлебам адным толькі ва ўмовах, калі хлеба няма. Але што здараецца з чалавечымі імкненнямі, калі хлеба ўдосталь і страўнік заўсёды поўны? З'яўляюцца больш высокія патрэбнасці, і менавіта яны, а не фізіялагічны голад, кіруюць нашым арганізмам. Па меры задавальнення адных патрэбнасцей узнікаюць другія, усё больш і больш высокія. Так паступова, крок за крокам чалавек прыходзіць да патрэбнасці ў самаразвіцці — найвышэйшай з іх». Разам з тым, на думку вучонага, для пераходу на наступны ўзровень кожная з патрэбнасцей папярэдняга не абавязкова павінна быць здаволена цалкам — дастаткова частковага насычэння.

Як правіла, паслядоўнасць задавальнення патрэбнасцей адпавядае іх іерархіі ў пірамідзе, і патрэбнасці ніжэйшых узроўняў задавальняюцца ў большай меры, чым вышэйшых. Так, калі чалавек увесь час адчувае голад, ён наўрад ці будзе востра мець патрэбнасць ў каханні. Аднак нават закаханы чалавек усё адно рэгулярна мае патрэбнасць ў ежы, вадзе і адпачынку.

У некаторых людзей іерархія патрэбнасцей можа адрознівацца ад паказанай на малюнку 56.1. Напрыклад, пазнавальныя патрэбнасці могуць аказацца важнейшымі, чым патрэбнасць ў павазе і прызнанні. Акрамя таго, людзі могуць спыняцца на пэўным узроўні патрэбнасцей, не адчуваючы цікавасці да больш высокіх, нават калі патрэбасці ніжэйшых узроўняў цалкам здаволены.

Формы, у якіх выяўляюцца патрэбнасці, могуць быць рознымі, паколькі ў кожнага чалавека свае здольнасці і матывацыя. Напрыклад, для задавальнення патрэбнасці ў павазе і прызнанні адным людзям трэба заваяваць ухваленне большасці суграмадзян, а другім дастаткова, каб уласныя дзеці прызнавалі іх аўтарытэт. Такі ж шырокі дыяпазон у межах пэўнай патрэбнасці можна назіраць на кожным узроўні піраміды, нават на першым.

Адной з важных патрэбнасцей людзей з'яўляецца патрэбнасць ў зносінах, паколькі чалавеку, які жыве ў грамадстве, трэба ўвесь час уступаць у кантакты з іншымі людзьмі. І галоўным інструментам такога ўзаемадзеяння выступаюць зносіны. Стыль і формы зносін з цягам часу змяняюцца. Так, у сучасным свеце са з'яўленнем новых тэхналогій (мабільныя тэлефоны, камп’ютары і іншыя гаджэты) людзі сталі ўдзяляць менш часу жывым  (рэальным) зносінам, і яны ўсё часцей становяцца віртуальнымі.

Виртуальныя зносіны (у некаторых крыніцах іх называюць сурагатнымі зносінамі) паміж людзьмі ў наш час з'яўляюцца неад’емнай часткай жыцця. У такога віду зносін ёсць свае станоўчыя і адмоўныя бакі. Так, напрыклад, віртуальныя зносіны даюць магчымасць не выходзячы з дому абменьвацца інфармацыяй з людзьмі, рэальная сустрэча з якімі немагчыма з прычыны недахопу часу, вялікай адлегласці, ізаляцыі ў сувязі з пандэміяй і г. д. З дапамогай Інтэрнэту лёгка падтрымліваць адносіны з многімі людзьмі, а таксама знаходзіць новых знаёмых і аднадумцаў. Для шэрага людзей сацыяльныя сеткі з'яўляюцца спосабам самавыяўлення, самасцвярджэння і павышэння самаацэнкі за кошт публікацыі фатаграфій, атрымання лайкаў і ўхваленых каментарыяў.

Аднак віртуальныя зносіны, асабліва з дапамогай тэкставых паведамленняў, не могуць цалкам замяніць жывыя зосіны паміж людзьмі. Значную частку інфармацыі чалавек атрымлівае і перадае з дапамогай невербальных сродкаў зносін, такіх як міміка, паставы, жэсты, інтанацыі. У шэрагу выпадкаў невербальныя сігналы, напрыклад усмешка, могуць істотна змяніць успрыманне таго, што чалавек кажа. Пры віртуальных зносінах, людзі могуць адчуваць розныя эмоцыі — пяшчоту, сімпатыю, страх, нянавісць і інш., але пры гэтым набіраць на клавіятуры аднолькавыя словы і фразы. Таму пры віртуальных зносінах бывае складана распазнаць праўдзівыя якасці чалавека, рысы яго характару і настрой. Нярэдка віртуальныя зносіны даюць нагоду няправільна ўспрымаць сэнс слоў і матывацыю суразмоўцы, пераацэньваць ці недаацэньваць яго. Акрамя таго, у некаторых людзей зносіны з дапамогай Інтэрнэту выклікаюць залежнасць і практычна цалкам замяняюць жывыя зносіны.

Чалавек у сацыяльным асяроддзі. Чалавек з моманту нараджэння акружаны іншымі людзьмі, якія робяць актыўны (выпадковы ці мэтанакіраваны, просты ці ўскосны) уплыў на яго свядомасць і паводзіны. Можна сказаць, што найважнейшым фактарам і ўмовай фарміравання і развіцця асобы чалавека выступае сацыяльнае асяроддзе — людзі, з якімі кожны чалавек знаходзіцца ў спецыфічных адносінах, у складанай і разнастайнай сістэме зносін.

Сацыяльнае асяроддзе ўяўляе сабой складанае шматузроўневае ўтварэнне з пэўнымі маральнымі і прававымі ўстаноўкамі, традыцыямі і адносінамі, якія склаліся ў грамадстве. Яно ўключае як бліжэйшае акружэнне, што непасрэдна ўплывае на чалавека (сям'я, група ў дзіцячым садзе, школьны клас, вытворчы калектыў, розныя нефармальныя групы і інш.), так і сістэму сацыяльных адносін у грамадстве ў цэлым.

Комплекс навуковых ведаў, жыццёвы вопыт, базавыя каштоўнасці і нормы людзі чэрпаюць з сацыяльнага асяроддзя. Яно ўздзейнічае на чалавека, захапляе яго, забяспечвае адпаведнымі мадэлямі паводзін, можа падахвочваць, а часам і прымушаць да пэўных дзеянняў. Менавіта сацыяльнаму асяроддзю належыць асноўная роля ў вызначэнні асобасных характарыстык кожнага чалавека, матывацыі яго паводзін, выбару пэўных сродкаў дасягнення мэт.

Паводзіны чалавека шмат у чым вызначаюцца сацыяльнымі групамі, у межах якіх ён жыве. Кожная такая група, пачынаючы з вельмі вялікіх (напрыклад, чалавечае грамадства ў цэлым) і заканчваючы малымі, такімі як сям'я, вучэбны клас, працоўны калектыў, фарміруе ўласцівыя яе членам погляды, устаноўкі і каштоўнасці, якія ўплываюць на паводзіны чалавека. Кожны чалавек адначасова з'яўляецца членам некалькіх сацыяльных груп. У кожнай з іх ён займае пэўнае сацыяльнае становішча, якое дапускае адпаведныя паводзіны, правы і абавязкі.

Кожная сацыяльная група выпрацоўвае свае асаблівыя правілы і нормы паводзін. Напрыклад, пры выкананні прафесійных абавязкаў характар паводзін карэспандэнта адрозніваецца ад паводзін мастака-рэстаўратара. Калі першаму патрабуецца выяўляць напорыстасць, камунікабельнасць, хуткасць рэакцыі, то другому — уседлівасць, карпатлівасць і ўважлівасць пры выкананні кожнага дзеяння. Пры гэтым у быце, у коле сям'і прадстаўнікі самых розных прафесій могуць выяўляць падобныя якасці асобы, дэманстраваць падобныя мадэлі паводзін.

Паводзіны чалавека ў значнай ступені вызначаюцца тым, якое месца ён займае ў сваёй сацыяльнай групе (кіраўнік ці падначалены, лідар ці вядзёны і г. д.). У залежнасці ад свайго становішча кожны чалавек адыгрывае пэўную сацыяльную ролю, што адлюстроўваецца на яго манеры паводзін. У сувязі з гэтым, напрыклад, адны людзі схільныя выяўляць ініцыятыву, кіраваць іншымі, а другія — выконваць чужую волю, саступаць, згаджацца і падначальвацца.

Выкананне норм паводзін, якія былі выпрацаваны за працяглы перыяд развіцця чалавецтва ў адпаведнасці з нацыянальнымі традыцыямі і звычаямі, рэлігійнай прыналежнасцю і інш., забяспечвае парадак і ўзгодненасць дзеянняў усіх членаў грамадства. Вынікам гэтага з'яўляецца спалучэнне інтарэсаў усяго грамадства ў цэлым і кожнай асобы ў паасобку.

Чалавек і прыроднае асяроддзе. Прырода для чалавека, як і для іншых жывых арганізмаў, — гэта асяроддзе пражывання і адзіная крыніца існавання. Чалавек мае патрэбнасць ў пэўным складзе атмасфернага паветра, вадзе, раслінах, жывёлах і г. д. Аднак у выніку навукова-тэхнічнага прагрэсу чалавецтва атрымала практычна неабмежаваную ўладу над прыродай і, на жаль, не заўсёды рацыянальна выкарыстоўвае яе рэсурсы для задавальнення сваіх патрэбнасцей, якія ўсё нарастаюць.

Як вы ўжо ведаеце з курса біялогіі 10-га класа, такія спажывецкія паводзіны чалавека ў адносінах да прыроды прывялі да ўзнікнення цэлага шэрага экалагічных праблем, якія ўяўляюць сур'ёзную небяспеку для нашай цывілізацыі і біясферы ў цэлым. У сувязі з гэтым чалавецтву трэба змяніць свае адносіны да прыроднага асяроддзя такім чынам, каб забяспечыць далейшае развіццё, пры якім задавальненне патрэбнасцей людзей не будзе ставіць пад пагрозу дабрабыт наступных пакаленняў, іх здольнасць задавальняць уласныя надзённыя патрэбнасці.

Чалавек з'яўляецца біясацыяльнай істотай і яго паводзіны вызначаюцца не толькі біялагічнымі патрэбнасцямі, але і сацыяльнымі матывамі. Іерархію патрэбнасцей, якія прымушаюць людзей здзяйсняць пэўныя дзеянні, можна адлюстраваць у выглядзе піраміды, у аснове якой знаходзіцца ўзровень фізіялагічных патрэбнасцей, а на вяршыні — патрэбнасць у самаразвіцці. Адной з патрэбнасцей людзей з'яўляецца патрэбнасць у зносінах. Неад’емнай часткай жыцця ў наш час з'яўляюцца віртуальныя зносіны, у якіх ёсць свае станоўчыя якасці і недахопы. Найважнейшым фактарам і ўмовай фарміравання і развіцця асобы чалавека выступае сацыяльнае асяроддзе. Яно ўключае як бліжэйшае акружэнне, якое непасрэдна ўплывае на чалавека, гэтак і сістэму сацыяльных адносін у грамадстве. Для захавання нашай цывілізацыі і біясферы ў цэлым чалавецтву трэба забяспечыць такое далейшае развіццё, пры якім задавальненне патрэбнасцей людзей не будзе ставіць пад пагрозу дабрабыт наступных пакаленняў.

1. Якія асаблівасці патрэбнасцей чалавека ў параўнанні з патрэбнасцямі іншых прадстаўнікоў царства Жывёлы?

2. Якія ўзроўні патрэбнасцей чалавека вылучыў А. Маслоў? У якой паслядоўнасці звычайна адбываецца задавальненне патрэбнасцей чалавека?

3. Што ўяўляе сабой сацыяльнае асяроддзе?

4. Якія фактары вызначаюць паводзіны чалавека ў грамадстве?

5*. Якія станоўчыя якасці і недахопы віртуальных зносін? На аснове асабістага вопыту і вопыту іншых людзей прывядзіце прыклады, якія дэманструюць станоўчыя і адмоўныя бакі віртуальных зносін.

6*. Як вы думаеце, у якіх выпадках патрэбнасці больш высокіх узроўняў (паводле іерархіі патрэбнасцей чалавека, прапанаванай А. Маслоў) могуць задавальняцца нават пры нездаволеных фізіялагічных патрэбнасцях? Прывядзіце адпаведныя прыклады.