*§ 56. Паводзіны чалавека

Чалавек у сацыяльным асяроддзі. Чалавек з моманту нараджэння акружаны іншымі людзьмі, якія робяць актыўны (выпадковы ці мэтанакіраваны, просты ці ўскосны) уплыў на яго свядомасць і паводзіны. Можна сказаць, што найважнейшым фактарам і ўмовай фарміравання і развіцця асобы чалавека выступае сацыяльнае асяроддзе — людзі, з якімі кожны чалавек знаходзіцца ў спецыфічных адносінах, у складанай і разнастайнай сістэме зносін.

Сацыяльнае асяроддзе ўяўляе сабой складанае шматузроўневае ўтварэнне з пэўнымі маральнымі і прававымі ўстаноўкамі, традыцыямі і адносінамі, якія склаліся ў грамадстве. Яно ўключае як бліжэйшае акружэнне, што непасрэдна ўплывае на чалавека (сям'я, група ў дзіцячым садзе, школьны клас, вытворчы калектыў, розныя нефармальныя групы і інш.), так і сістэму сацыяльных адносін у грамадстве ў цэлым.

Комплекс навуковых ведаў, жыццёвы вопыт, базавыя каштоўнасці і нормы людзі чэрпаюць з сацыяльнага асяроддзя. Яно ўздзейнічае на чалавека, захапляе яго, забяспечвае адпаведнымі мадэлямі паводзін, можа падахвочваць, а часам і прымушаць да пэўных дзеянняў. Менавіта сацыяльнаму асяроддзю належыць асноўная роля ў вызначэнні асобасных характарыстык кожнага чалавека, матывацыі яго паводзін, выбару пэўных сродкаў дасягнення мэт.

Паводзіны чалавека шмат у чым вызначаюцца сацыяльнымі групамі, у межах якіх ён жыве. Кожная такая група, пачынаючы з вельмі вялікіх (напрыклад, чалавечае грамадства ў цэлым) і заканчваючы малымі, такімі як сям'я, вучэбны клас, працоўны калектыў, фарміруе ўласцівыя яе членам погляды, устаноўкі і каштоўнасці, якія ўплываюць на паводзіны чалавека. Кожны чалавек адначасова з'яўляецца членам некалькіх сацыяльных груп. У кожнай з іх ён займае пэўнае сацыяльнае становішча, якое дапускае адпаведныя паводзіны, правы і абавязкі.

Кожная сацыяльная група выпрацоўвае свае асаблівыя правілы і нормы паводзін. Напрыклад, пры выкананні прафесійных абавязкаў характар паводзін карэспандэнта адрозніваецца ад паводзін мастака-рэстаўратара. Калі першаму патрабуецца выяўляць напорыстасць, камунікабельнасць, хуткасць рэакцыі, то другому — уседлівасць, карпатлівасць і ўважлівасць пры выкананні кожнага дзеяння. Пры гэтым у быце, у коле сям'і прадстаўнікі самых розных прафесій могуць выяўляць падобныя якасці асобы, дэманстраваць падобныя мадэлі паводзін.

Паводзіны чалавека ў значнай ступені вызначаюцца тым, якое месца ён займае ў сваёй сацыяльнай групе (кіраўнік ці падначалены, лідар ці вядзёны і г. д.). У залежнасці ад свайго становішча кожны чалавек адыгрывае пэўную сацыяльную ролю, што адлюстроўваецца на яго манеры паводзін. У сувязі з гэтым, напрыклад, адны людзі схільныя выяўляць ініцыятыву, кіраваць іншымі, а другія — выконваць чужую волю, саступаць, згаджацца і падначальвацца.

Выкананне норм паводзін, якія былі выпрацаваны за працяглы перыяд развіцця чалавецтва ў адпаведнасці з нацыянальнымі традыцыямі і звычаямі, рэлігійнай прыналежнасцю і інш., забяспечвае парадак і ўзгодненасць дзеянняў усіх членаў грамадства. Вынікам гэтага з'яўляецца спалучэнне інтарэсаў усяго грамадства ў цэлым і кожнай асобы ў паасобку.