*§ 54. Паводзіны як форма адаптацыі арганізмаў

Адным з найважнейшых спосабаў прыстасавання арганізмаў да разнастайнасці ўмоў навакольнага асяроддзя з'яўляюцца паводзіны. Вылучаюць прыроджаныя і набытыя формы паводзін. Да прыроджаных форм паводзін належаць таксісы, безумоўныя рэфлексы і інстынкты. Яны генетычна запраграміраваны, пастаянныя на працягу жыцця і эфектыўныя ў адносна пастаянных умовах асяроддзя. Набытымі формамі паводзін з'яўляюцца ўмоўныя рэфлексы, навучанне і разумовая дзейнасць. Яны развіваюцца на працягу жыцця як вынік індывідуальнага вопыту арганізма і спрыяюць выжыванню ў зменлівых умовах асяроддзя.