*§ 54. Паводзіны як форма адаптацыі арганізмаў
Паводзіны — адзін з найважнейшых спосабаў прыстасавання жывых арганізмаў да разнастайнасці ўмоў навакольнага асяроддзя. Розныя паводзінскія рэакцыі развіваліся і ўдасканальваліся ў працэсе эвалюцыі пад дзеяннем натуральнага адбору. Яны з'яўляюцца адаптыўнымі, паколькі спрыяюць выжыванню як асобных арганізмаў, так і біялагічных відаў у цэлым. Паводзіны даюць магчымасць хутка рэагаваць на істотныя з пункту гледжання выжывання і размнажэння стымулы, здзяйсняючы пэўныя дзеянні. У аснове запуску паводзінскіх актаў звычайна ляжаць патрэбнасці, якія падахвочваюць арганізм да дзеянняў, накіраваных на іх задавальненне. Падахвочванне да дзеяння, якое кіруе паводзінамі, задавальняе яго накіраванасць, актыўнасць і ўстойлівасць, называецца матывацыяй. Так, напрыклад, каб жывёла пайшла шукаць ежу, неабходна, каб у яе ўзнікла пачуццё голаду. Голад з'яўляецца ўнутранай матывацыяй харчовых паводзін.
Паводзіны вызначаюцца як генетычна абумоўленымі асаблівасцямі арганізмаў, так і ўплывам на іх умоў асяроддзя пражывання на працягу жыцця. Таму вылучаюць прыроджаныя і набытыя формы (узроўні) паводзін. Прыроджаныя формы (таксісы, безумоўныя рэфлексы і інстынкты) генетычна запраграміраваны і пастаянныя на працягу жыцця, г. зн. стэрэатыпныя. Яны накіраваны на задавальненне асноўных патрэбнасцей у адносна пастаянных умовах асяроддзя. Набытыя формы паводзін (умоўныя рэфлексы, навучанне, разумовая дзейнасць) развіваюцца на працягу жыцця як вынік індывідуальнага вопыту арганізма і спрыяюць яго выжыванню ў зменлівых умовах асяроддзя. З павышэннем узроўню арганізацыі жывых істот у ходзе эвалюцыі індывідуальна набытыя формы паводзін станавіліся больш складанымі, разнастайнымі і адыгрывалі ўсё больш важную ролю ў жыцці арганізмаў.
Прыроджаныя формы паводзін. Аднымі з самых простых прыроджаных форм паводзін з'яўляюцца таксісы. Таксіс — гэта накіраваны рух арганізма ў адказ на знешні раздражняльнік. Такі рух можа ажыццяўляцца ў напрамку да раздражняльніка (дадатны таксіс) ці ад яго (адмоўны таксіс). Акрамя напрамку руху, таксісы таксама класіфікуюць у адпаведнасці з прыродай раздражняльніка. У якасці раздражняльніка можа выступаць святло (фотатаксіс), тэмпература (тэрматаксіс), якое-небудзь хімічнае рэчыва (хематаксіс) і інш. Таксісы характэрныя для рухомых мікраарганізмаў (бактэрый, пратыстаў) і жывёл. Напрыклад, рух тараканаў і макрыц ад крыніцы святла — адмоўны фотатаксіс, вялікая колькасць мух на цёплых, асветлных сонцам сценах дамоў — дадатны тэрматаксіс, а перамяшчэнне рухомых гетэратрофных бактэрый да крыніцы ежы — дадатны хематаксіс.
Рэфлекс — гэта адказная рэакцыя арганізма на дзеянне знешняга ці ўнутранага раздражняльніка, якая ажыццяўляецца з удзелам нервовай сістэмы. Рэфлексы характэрныя для жывёл, якія валодаюць нервовай сістэмай. Безумоўныя рэфлексы належаць да прыроджаных форм паводзін. Такія рэфлексы відаспецыфічныя, г. зн. ёсць ва ўсіх прадстаўнікоў дадзенага віду, аднолькава ў іх выяўляюцца і перадаюцца па спадчыне. Безумоўныя рэфлексы адрозніваюцца пастаянствам, забяспечваюць найважнейшыя працэсы жыццядзейнасці і ахоўныя рэакцыі арганізма. Так, у чалавека дзякуючы безумоўным рэфлексам пры павышэнні канцэнтрацыі вуглякіслага газу ў крыві дыханне становіцца больш частым і глыбокім, рукі рэфлекторна адхопліваюцца ад раздражняльніка, які прычыняе боль і інш. У кошак прыкладам безумоўнага рэфлексу з'яўляецца прыроджаная здольнасць прызямляцца на чатыры канечнасці пасля падзення, нягледзячы на тое, у якім становішчы кошка была ў пачатку падзення і з якой вышыні яна падала.
Інстынктам называюць сукупнасць складаных прыроджаных актаў паводзін, якія здзяйсняюцца ў адказ на знешнія і ўнутраныя раздражняльнікі для задавальнення асноўных біялагічных патрэбнасцей. Інстынкты рэалізуюцца як ланцугі безумоўных рэфлексаў і ўяўляюць сабой паслядоўнасці даклдна адрэгуляваных і строга паўторных дзеянняў. Яны абумоўлены спадчыннасцю, выяўляюцца ў любы момант жыцця і не патрабуюць навучання. Інстынкты спецыфічныя для асобін кожнага віду, перадаюцца з пакалення ў пакаленне, забяспечваючы арганізм наборам гатовых паводзінскіх рэакцый, патрэбных для выжывання.
Інстынкты характэрныя як для беспазваночных (асабліва разнастайныя ў насякомых і павукападобных), так і для пазваночных жывёл. Прыкладам інстынктыўных паводзін з'яўляецца будаванне гнёздаў насякомымі ці птушкамі. Дзякуючы інстынктам марскія чарапахі, якія толькі што вылупіліся на пляжы, аўтаматычна накіроўваюцца да акіяна, дзіцяняты сумчатых жывёл пасля нараджэння залазяць у сумку маці, нованароджаныя млекакормячыя пачынаюць смактаць матчына малако.