§ 52. Этапы і напрамкі эвалюцыі чалавека

Выкапнёвымі людзьмі сучаснага тыпу з’яўляюцца краманьёнцы *(Homo sapiens sapiens)*. Гэта назва паходзіць ад французскага грота Кра-Маньён, у якім былі знойдзены іх шкілеты, прылады працы і ўпрыгажэнні. Па знешнім выглядзе краманьёнцы амаль не адрозніваліся ад сучаснага чалавека — іх рост дасягаў 180 см, лоб быў высокім і прамым (без надброўных дуг), з’явіўся падбародачны выступ. Лічыцца, што першыя людзі сучаснага тыпу з’явіліся ў Афрыцы больш за 100 тыс. гадоў таму. У далейшым іх арэал значна пашырыўся, людзі засялілі ўсе кантыненты, акрамя Антарктыды.

Мозг краманьёнцаў быў супастаўны па аб’ёме з мозгам неандэртальцаў, аднак павялічыліся памеры лобных долей вялікіх паўшар’яў. Краманьёнцы валодалі членараздзельным маўленнем. Больш дасканалымі сталі спосабы вырабу прылад працы, іх асартымент значна пашырыўся. *Для вырабу прылад, акрамя каменю і драўніны, сталі шырока выкарыстоўвацца косць і рог. Краманьёнцы навучыліся розным спосабам апрацоўкі матэрыялаў: яны ўмелі шліфаваць, пілаваць, свідраваць і г. д.*

Людзі сучаснага тыпу жылі родавымі абшчынамі, асвоілі ганчарную справу, земляробства і жывёлагадоўлю (краманьёнцы першымі пачалі прыручаць жывёл). Яны ўмелі шыць адзенне і будаваць жыллё са ствалоў дрэў, костак і шкур жывёл, каменных пліт.

Важнай падзеяй у жыцці людзей было ўзнікненне мастацтва. Краманьёнцы выраблялі ўпрыгажэнні (каралі, кольцы, бранзалеты і інш.), рабілі малюнкі людзей і жывёл, статуэткі (мал. 52.7), прымітыўныя музычныя інструменты. Значную ролю ў жыцці краманьёнцаў адыгрывалі розныя рытуалы і абрады. Так, напрыклад, пры пахаванні памерлых краманьёнцы клалі ў магілы дзіды, каменныя нажы і шматлікія ўпрыгажэнні.

Мяркуецца, што першыя музычныя інструменты з’явіліся каля 40 тыс. гадоў таму. У пячорах Германіі і Францыі былі знойдзены рэшткі старажытных флейт, зробленых краманьёнцамі з костак птушак і млекакормячых. На стаянцы Мезін (Украіна) выяўлены цэлы ансамбль ударных музычных інструментаў, створаных з костак маманта.

*Мастацтва, верагодна, мела ў той час магічнае значэнне. Краманьёнцы нярэдка суправаджалі выявы жывёл малюнкамі зброі (коп'яў, дроцікаў і інш.), а сляды падлеткаў у гліне перад пячорнымі роспісамі, відаць, сведчаць аб правядзенні там абрадаў пасвячэння ў паляўнічыя.*