§ 52. Этапы і напрамкі эвалюцыі чалавека

Старажытнейшыя людзі. Па меркаванні многіх даследчыкаў, першым прадстаўніком роду Чалавек быў Чалавек умелы  *(Homo habilis)*, які існаваў каля 2,3—1,5 млн гадоў таму (мал. 52.3). Фрагменты шкілета Чалавека ўмелага ўпершыню былі знойдзены ў Цэнтральнай Афры­цы. Рост першых людзей не перавышаў 150 см, *а маса цела — 45 кг*. Чэрап Чалавека ўмелага шмат у чым быў падобны да чэрапа аўстралапітэка. Аднак у су­вязі з узрастаннем аб’ёму галаўнога моз­гу да 800 см3 мазгавы аддзел чэрапа павялічыўся, лоб стаў больш выпуклым. Акрамя таго, у параўнанні з аўстралапітэкам чэрап стаў лягчэйшым, асабліва аддзел твару, паменшыўся памер сківіц і зубоў. Тлумачыцца гэта, хутчэй за ўсё, тым, што ў рацыёне Чалавека ўмелага стала больш жывёльнай ежы. Для яе гатавання, верагодна, выкарыстоўваўся агонь — такая ежа лягчэй засвойвалася арганізмам, а для яе перажоўвання не патрабаваліся магутныя мышцы твару. Ніжняя сківіца Чалавека ўмелага мела характэрную крывізну, што паказвае на ўзнікненне зачаткаў маўлення, якое, відаць, уяўляла сабой асобныя выкрыкі галосных гукаў. 

Ступня Чалавека ўмелага не мела прыметнага зводу, але вялікі палец ужо быў накіраваны паралельна астатнім і не адводзіўся ўбок. Гэта сведчыць пра прагрэсіўнае развіццё прамахаджэння.

Чалавек умелы быў першым з нашых продкаў, які стаў рэгулярна і мэтанакіравана вырабляць прылады працы. Гэта былі прымітыўныя прылады з расколатай галькі, з дапамогай якіх можна было, напрыклад, абстругаць і завастрыць драўляную дзіду ці адрэзаць кавалак мяса. У сувязі з працоўнай дзейнасцю ў Чалавека ўмелага былі дастаткова добра развіты рукі, апошнія фалангі пальцаў сталі плоскімі і шырокімі.

Наступная ступень эвалюцыі старажытнейшых людзей — від Чалавек прамахадзячы *(Homo erectus)*. Упершыню яго закамянелыя косткі былі знойдзены на востраве Ява (Інданэзія). Вучоныя мяркуюць, што дадзены від узнік прыкладна 1,5 млн гадоў таму, а каля 500 тыс. гадоў таму пачаў выцясняцца больш пра­грэсіўнымі нашчадкамі. Чалавек прамахадзячы быў буйнейшым за сваіх продкаў, яго рост дасягаў 170 см, *а маса цела — 70 кг* (мал. 52.4).

Далейшае ўдасканаленне прамахаджэння прывяло да прагрэсіўных змяненняў шкілета. Так, у Чалавека прамахадзячага з’явіліся выгібы пазваночніка — ён набыў S-падобную форму, сфарміраваўся звод ступні. Аб’ём галаўнога мозгу дасягнуў 1000 см3, але чэрап захоўваў рысы прымітыўнасці, такія як нізкі лоб, развітыя надброўныя дугі, масіўная ніжняя сківіца без падбародачнага выступу.

Людзі, якія належаць да віду Чалавек прамахадзячы, гэтак жа як і іх продкі, вялі статкавы спосаб жыцця. Яны займаліся збіральніцтвам і паляваннем, прычым нават на такіх буйных жывёл, як насарогі і сланы. Прылады працы сталі больш дасканалымі і набылі стандартную форму (мал. 52.5). Чалавек прамахадзячы, як і Чалавек умелы, валодаў зачаткамі маўлення. Для абагравання, адпужвання драпежнікаў і гатавання ежы шырока выкарыстоўваўся агонь, хоць здабываць яго людзі, верагодна, яшчэ не ўмелі. Яны маглі атрымліваць агонь, напрыклад, ад лясных пажараў, а затым захоўвалі і падтрымлівалі яго доўгія гады. Палеанталагічныя знаходкі сведчаць пра тое, што Чалавек прамахадзячы шырока рассяліўся па Афрыцы, Еўропе і Азіі.