§ 50. Прынцыпы сістэматыкі. Сучасная біялагічная сістэма

Сучасная біялагічная сістэма з’яўляецца адлюстраваннем гістарычнага развіцця жывой прыроды. Доўгі час усе арганізмы дзялілі толькі на два царствы — Жывёлы і Расліны. Асноўнае адрозненне паміж імі зводзілася да тыпу жыўлення і здольнасці актыўна перамяшчацца. Аднак па меры пашырэння ведаў пра прыроду падыходы да класіфікацыі арганізмаў змяняліся і ўдасканальваліся. Так, напрыклад, вывучэнне асаблівасцей будовы клетак і іх хімічнага саставу паказала, што клеткі грыбоў маюць рысы падабенства як да раслінных, так і да жывёльных клетак. На аснове гэтага грыбы былі выдзелены ў асобнае царства.

У другой палове XX ст. была прапанавана біялагічная сістэма, паводле якой клетачныя формы жыцця падзяляюцца на пяць царстваў: Бактэрыі, Пратысты, Грыбы, Расліны і Жывёлы. Гэта сістэма атрымала шырокае распаўсюджванне сярод вучоных, аднак некаторыя біёлагі выдзяляюць большую колькасць царстваў. Трэба адзначыць, што ніводная з біялагічных сістэм, якія існуюць на сённяшні дзень, не з’яўляецца дасканалай. Назапашванне біёлагамі новых даных спрыяе развіццю сістэматыкі і ўдасканаленню класіфікацыі арганізмаў.