Печатать книгуПечатать книгу

§ 50. Прынцыпы сістэматыкі. Сучасная біялагічная сістэма

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 11 клас
Книга: § 50. Прынцыпы сістэматыкі. Сучасная біялагічная сістэма
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 3 Май 2024, 12:53

Паняцце аб сістэматыцы. У выніку біялагічнай эвалюцыі на Зямлі ўзнікла дзівосная разнастай­насць арганізмаў. Па ацэнках шэрага вучоных, у цяперашні час на планеце жывуць больш за 10 млн відаў. Да гэтай колькасці трэба дадаць сотні мільёнаў відаў, якія існавалі ў мінулым, але ў ходзе эвалюцыі вымерлі. Для вывучэння такой вялізнай разнастайнасці арганізмаў вель­мі важна іх класіфікаваць, г. зн. размяркоўваць па групах у адпаведнасці з пэўнымі прыметамі. Класіфікацыяй арганізмаў, вывучэннем іх разнастайнасці, паходжання і філагенетычных (роднасных) адносін займаецца сістэматыка.

Першую навуковую сістэму жывой прыроды распрацаваў шведскі вучоны Карл Ліней у сярэдзіне XVIII ст. Ён класіфікаваў жывыя арганізмы на аснове невялікай колькасці адвольна выбраных прымет. Так, напрыклад, птушкі былі падзелены К. Лінеем на сістэматычныя групы ў залежнасці ад формы дзюбы, а кветкавыя расліны — на аснове колькасці тычынак і песцікаў. Ліней быў крэацыяністам, таму яго класіфікацыя не засноўвалася на аналізе паходжання і роднасці арганізмаў. Разам з тым яна аказалася самай удалай сярод сістэм таго часу. Сістэма прыроды, распрацаваная К. Лінеем, была шырока прынята прыродазнаўцамі і стала асновай для сучаснай класіфікацыі арганізмаў.

Асноўным сачыненнем К. Лінея, прысвечаным класіфікацыі жывых арганізмаў, была праца «Сістэма прыроды». Першае выданне гэтай кнігі было апублікавана ў 1735 г. і змяшчала ўсяго 11 старонак. А ў дванаццатым выданні (1766—1768 гг.), якое выйшла пад аўтарствам К. Лінея апошнім, было ўжо каля 2400 старонак. Яно змяшчала апісанне больш за 7500 відаў раслін і звыш 4000 відаў жывёл.

Сучасная сістэматыка для класіфікацыі арганізмаў выкарыстоўвае цэлы комплекс прымет. Улічваюцца, напрыклад, іх знешняя і ўнутраная будова, гісторыя эвалюцыйнага развіцця на аснове палеанталагічных даных, працэсы жыццядзейнасці і біяхімічныя асаблівасці (састаў бялкоў, запасныя пажыўныя рэчывы і інш.), эмбрыянальнае развіццё, асаблівасці будовы клетак, карыятып, распаўсюджанне на планеце. Гэта дазваляе класіфікаваць арганізмы на аснове іх эвалюцыйнай роднасці, а не толькі падабенства па той ці іншай прымеце.

Асобныя прыметы няроднасных арганізмаў могуць быць вельмі падобнымі ў выніку прыстасавання да аднолькавых ці блізкіх умоў асяроддзя (успомніце, як называецца спосаб ажыццяўлення эвалюцыйнага працэсу, які прыводзіць да з’яўлення такіх прымет). У той жа час нават блізкароднасныя віды могуць прыметна адрознівацца. Таму вельмі важна, што ў сучаснай сістэматыцы арганізмы размяркоўваюць па групах з улікам іх паходжання, гістарычнага развіцця і роднасці.

Прынцыпы сістэматыкі. У аснове класіфікацыі арганізмаў ляжаць два галоўныя прынцыпы: іерархічнасці (супадпарадкавання) і бінарнай наменклатуры. Яны былі ўведзены яшчэ К. Лінеем і застаюцца актуаль­нымі да гэтага часу.

Падчас класіфікаціі арганізмаў вучоныя размяркоўваюць іх па групах. Такія групы называюцца сістэматычнымі (таксанамічнымі) адзінкамі ці таксонамі. Прынцып іерархічнасці заключаецца ў тым, што сістэматычныя адзінкі паслядоўна «падпарадкоўваюцца» адна  адной, г. зн. буйныя таксоны падзяляюцца на больш дробныя, тыя ў сваю чаргу на яшчэ больш дробныя і г. д. Выдзяляюць сем асноўных сістэматычных адзінак, найменшай з якіх з’яўляецца від. Роднасныя віды аб’ядноўваюць у роды. Так, напрыклад, на тэрыторыі нашай краіны жывуць тры віды роду Рапуха (мал. 50.1). Блізкія роды аб’ядноўваюць у сямействы, сямействы — у парадкі, парадкі — у класы, класы — у аддзелы, а аддзелы — у царствы. Важна адзначыць, што для класіфікацыі жывёл традыцыйна замест таксона парадак выкарыстоўваецца атрад, а замест аддзела — тып. Любы арганізм незалежна ад таго, існуе ён зараз або існаваў у мінулым, павінен паслядоўна належаць да ўсіх сямі асноўных сістэматычных адзінак. Асноўныя таксоны, якія выкарыстоўваюцца ў сістэматыцы, і прыклады класіфікацыі прыведзены ў табліцы 50.1.

Табліца 50.1. Асноўныя таксоны і прыклады класіфікацыі

Асноўныя таксоны

Прыклады класіфікацыі

Царства

Царства Расліны

Царства Жывёлы

Аддзел (для жывёл — тып)

Аддзел Пакрытанасенныя

Тып Хордавыя

Клас

Клас Двухдольныя

Клас Млекакормячыя

Парадак (для жывёл — атрад)

Парадак Букакветныя

Атрад Драпежныя

Сямейства

Сямейства Бярозавыя

Сямейства Воўчыя

Род

Род Бяроза

Род Ліс

Від

Від Бяроза павіслая

Від Ліс звычайны

Акрамя асноўных таксонаў, у сучаснай сістэматыцы прынята выдзяляць і дадатковыя. Часцей за ўсё для гэтага выкарыстоўваюць прыстаўкі над- і пад-, напрыклад падтып, надклас, падклас, надсямейства, падвід і г. д. Так, Ліс звычайны належыць да падтыпу пазваночныя, падкласа Сапраўдныя звяры (Жывародзячыя).

У адпаведнасці з прынцыпам бінарнай наменклатуры кожнаму віду прысвойваецца назва на лацінскай мове, якая складаецца з двух слоў. Першае слова — гэта назва роду, да якога належыць дадзены від, другое — відавы эпітэт. Напрыклад, Homo sapiens (Чалавек разумны), Trifolium pratense (Канюшына лугавая). * Родавая назва пішацца з вялікай літары, а відавы эпітэт — з маленькай, нават калі ён паходзіць ад ўласнага імя. Родавая назва, калі яна згадваецца ў тэксце не ўпершыню ці з'яўляецца шырока вядомай, можа быць скарочана да адной (першай) літары, напрыклад H. sapiens ці Е. coli (Escherichia coli) — Кішэчная палачка.* Вучоныя ва ўсім свеце выкарыстоўваюць назвы арганізмаў на лацінскай мове. Гэта дазваляе пазбегнуць блытаніны, абумоўленай існаваннем мясцовых варыянтаў агульнапрынятых назваў. Так, расліна Ficus carica толькі на беларускай мове мае некалькі шырока распаўсюджаных назваў: інжыр, смакоўніца, фігавае дрэва, вінная ягада.

Сучасная біялагічная сістэма з’яўляецца адлюстраваннем гістарычнага развіцця жывой прыроды. Доўгі час усе арганізмы дзялілі толькі на два царствы — Жывёлы і Расліны. Асноўнае адрозненне паміж імі зводзілася да тыпу жыўлення і здольнасці актыўна перамяшчацца. Аднак па меры пашырэння ведаў пра прыроду падыходы да класіфікацыі арганізмаў змяняліся і ўдасканальваліся. Так, напрыклад, вывучэнне асаблівасцей будовы клетак і іх хімічнага саставу паказала, што клеткі грыбоў маюць рысы падабенства як да раслінных, так і да жывёльных клетак. На аснове гэтага грыбы былі выдзелены ў асобнае царства.

У другой палове XX ст. была прапанавана біялагічная сістэма, паводле якой клетачныя формы жыцця падзяляюцца на пяць царстваў: Бактэрыі, Пратысты, Грыбы, Расліны і Жывёлы. Гэта сістэма атрымала шырокае распаўсюджванне сярод вучоных, аднак некаторыя біёлагі выдзяляюць большую колькасць царстваў. Трэба адзначыць, што ніводная з біялагічных сістэм, якія існуюць на сённяшні дзень, не з’яўляецца дасканалай. Назапашванне біёлагамі новых даных спрыяе развіццю сістэматыкі і ўдасканаленню класіфікацыі арганізмаў.

Сістэматыка займаецца класіфікацыяй арганізмаў, вывучае іх разнастайнасць, паходжанне і філагенетычныя адносіны. К. Ліней распрацаваў першую навуковую сістэму жывой пры­роды. Аднак яна не асноўвалася на аналізе паходжання арга­нізмаў і іх роднасці. У сучаснай сістэматыцы пры класіфікацыі арганізмаў улічваецца іх гістарычнае развіццё і роднасць. У аснове сістэматыкі ляжаць прынцыпы іерархічнасці і бінарнай наменклатуры. У цяперашні час шырокае распаўсюджанне атрымала біялагічная сістэма, паводле якой вылучаюць пяць царстваў арганізмаў, якія маюць клетачную будову: Бактэрыі, Пратысты, Грыбы, Расліны і Жывёлы.

1. Выберыце з прадстаўленых ніжэй таксонаў тыя, якія выкарыстоўваюцца для класіфікацыі жывёл, і размясціце іх у іерархічным парадку, пачынаючы з най­меншага

Род, сямейства, тып, царства, аддзел, атрад, від, клас, парадак.

2.   Чым займаецца сістэматыка? Хто з’яўляецца аўтарам першай навуковай сістэмы прыроды?

3.  У чым заключаецца найважнейшае адрозненне паміж сістэматыкай Лінея і су­часнай сістэматыкай? Чым яно абумоўлена?

4.  Ахарактарызуйце асноўныя прынцыпы сістэматык.

5.   Якія царствы арганізмаў прынята вылучаць у сучаснай біялагічнай сістэме?

6*.   Прапануйце свой варыянт дзялення жывёл (ці раслін) на групы на аснове адной адвольна ўзятай прыметы. Дакажыце, што дадзеная класіфікацыя не адлюстроўвае эвалюцыйную роднасць арганізмаў.