§ 50. Прынцыпы сістэматыкі. Сучасная біялагічная сістэма

Паняцце аб сістэматыцы. У выніку біялагічнай эвалюцыі на Зямлі ўзнікла дзівосная разнастай­насць арганізмаў. Па ацэнках шэрага вучоных, у цяперашні час на планеце жывуць больш за 10 млн відаў. Да гэтай колькасці трэба дадаць сотні мільёнаў відаў, якія існавалі ў мінулым, але ў ходзе эвалюцыі вымерлі. Для вывучэння такой вялізнай разнастайнасці арганізмаў вель­мі важна іх класіфікаваць, г. зн. размяркоўваць па групах у адпаведнасці з пэўнымі прыметамі. Класіфікацыяй арганізмаў, вывучэннем іх разнастайнасці, паходжання і філагенетычных (роднасных) адносін займаецца сістэматыка.

Першую навуковую сістэму жывой прыроды распрацаваў шведскі вучоны Карл Ліней у сярэдзіне XVIII ст. Ён класіфікаваў жывыя арганізмы на аснове невялікай колькасці адвольна выбраных прымет. Так, напрыклад, птушкі былі падзелены К. Лінеем на сістэматычныя групы ў залежнасці ад формы дзюбы, а кветкавыя расліны — на аснове колькасці тычынак і песцікаў. Ліней быў крэацыяністам, таму яго класіфікацыя не засноўвалася на аналізе паходжання і роднасці арганізмаў. Разам з тым яна аказалася самай удалай сярод сістэм таго часу. Сістэма прыроды, распрацаваная К. Лінеем, была шырока прынята прыродазнаўцамі і стала асновай для сучаснай класіфікацыі арганізмаў.

Асноўным сачыненнем К. Лінея, прысвечаным класіфікацыі жывых арганізмаў, была праца «Сістэма прыроды». Першае выданне гэтай кнігі было апублікавана ў 1735 г. і змяшчала ўсяго 11 старонак. А ў дванаццатым выданні (1766—1768 гг.), якое выйшла пад аўтарствам К. Лінея апошнім, было ўжо каля 2400 старонак. Яно змяшчала апісанне больш за 7500 відаў раслін і звыш 4000 відаў жывёл.

Сучасная сістэматыка для класіфікацыі арганізмаў выкарыстоўвае цэлы комплекс прымет. Улічваюцца, напрыклад, іх знешняя і ўнутраная будова, гісторыя эвалюцыйнага развіцця на аснове палеанталагічных даных, працэсы жыццядзейнасці і біяхімічныя асаблівасці (састаў бялкоў, запасныя пажыўныя рэчывы і інш.), эмбрыянальнае развіццё, асаблівасці будовы клетак, карыятып, распаўсюджанне на планеце. Гэта дазваляе класіфікаваць арганізмы на аснове іх эвалюцыйнай роднасці, а не толькі падабенства па той ці іншай прымеце.

Асобныя прыметы няроднасных арганізмаў могуць быць вельмі падобнымі ў выніку прыстасавання да аднолькавых ці блізкіх умоў асяроддзя (успомніце, як называецца спосаб ажыццяўлення эвалюцыйнага працэсу, які прыводзіць да з’яўлення такіх прымет). У той жа час нават блізкароднасныя віды могуць прыметна адрознівацца. Таму вельмі важна, што ў сучаснай сістэматыцы арганізмы размяркоўваюць па групах з улікам іх паходжання, гістарычнага развіцця і роднасці.