§ 49. Прагрэс і рэгрэс у эвалюцыі. Шляхі дасягнення біялагічнага прагрэсу. Спосабы ажыццяўлення эвалюцыйнага працэсу

Спосабы ажыццяўлення эвалюцыйнага працэсу. Асноўным спосабам ажыццяўлення эвалюцыйнага працэсу з’яўляецца дывергенцыя. Успомнім, што так называюць працэс эвалюцыйнага разыходжання прымет у роднасных арганізмаў, якія жывуць у розных умовах. Яшчэ Ч. Дарвін адзначаў важнае значэнне дывергенцыі для ўтварэння новых відаў. Паводле СТЭ дывергенцыя ажыццяўляецца пры наяўнасці ізаляцыі дзякуючы натуральнаму адбору, які дзейнічае на ізаляваныя групы арганізмаў у розных напрамках. У ходзе дывергенцыі пэўныя органы і структуры цела роднасных арганізмаў, якія маюць адзінае паходжанне і агульны прынцып будовы, могуць відазмяняцца для выканання розных функцый. Такім чынам, дывергенцыя прыводзіць да фарміравання гамалагічных органаў *(успомніце прыклады).

У выніку дывергенцыі роднасныя арганізмы набываюць пэўныя адрозненні, абумоўленыя адаптацыяй да розных умоў асяроддзя. У той жа час формы, якія дывергіруюць, захоўваюць і рысы падабенства, што тлумачыцца іх эвалюцыйнай роднасцю (агульнасцю паходжання).

Арганізмы, якія належаць да розных буйных сістэматычных груп, напрыклад тыпаў ці класаў, але жывуць у падобных умовах, у ходзе эвалюцыйнага развіцця могуць набываць падобныя рысы. У гэтым выпадку гавораць пра такі спосаб ажыццяўлення эвалюцыйнага працэсу, як канвергенцыя.

Канвергенцыя — незалежнае з’яўленне падобных прымет (сыходжанне прымет) у няроднасных арганізмаў, якія жывуць у аднолькавых ці вель­мі блізкіх умовах асяроддзя. Так, падобны знешні выгляд маюць акула (клас Храстковыя рыбы) і дэльфін — прадстаўнік класа Млекакормячыя  (мал. 49.3). Відавочна, што дадзенае падабенства выклікана прыстасаваннем да жыцця ў водным асяроддзі. Падабенства ў будове капальных канечнасцей крата (млекакормячае) і мядзведкі (насякомае) з’яўляецца вынікам рыючага спосабу жыцця гэтых жывёл. Наяўнасць крылаў у птушак і на­сякомых — вынік асваення паветра як асяроддзя для перамяшчэння. Пры гэтым органы, якія ў выніку канвергенцыі пачалі выконваць аднолькавыя функцыі, маюць зусім рознае паходжанне. Значыць, канвергенцыя прыводзіць да развіцця аналагічных органаў.

*Важна адзначыць, што падабенства арганізмаў, якое ўзнікае пры канвергенцыі, выяўляецца, як правіла, толькі ў знешніх прыметах. Напрыклад, дэльфіны, якія маюць знешняе падабенства з рыбамі, па ўсіх астатніх рысах будовы «застаюцца» сапраўднымі млекакормячымі. Яны маюць высокую ступень развіцця кары галаўнога мозга, чатырохкамернае сэрца, альвеалярныя лёгкія, выкормліваюць дзіцянят малаком, здольныя падтрымліваць пастаянную тэмпературу цела і г. д.*

Такім чынам, канвергентнае падабенства арганізмаў тлумачыцца іх адаптацыяй да падобных экалагічных умоў, а існаванне адрозненняў — розным паходжаннем.

*У ходзе эвалюцыі пэўных груп арганізмаў прасочваецца так званы паралелізм. Гэта працэс незалежнага фарміравання падобных прымет у эвалюцыйна роднасных форм, якія раней дывергіравалі і жывуць у падобных умовах. Прыкладамі паралелізму могуць служыць развіццё саблезубасці ў прадстаўнікоў розных падсямействаў каціных (напрыклад, у тыгра і ката), падабенства вонкавай будовы ў прадстаўнікоў розных падсямействаў атрада Ластаногія — маржа, цюленя і марскога коціка, ператварэнне першай пары крылаў у цвёрдае надкрылле ў жукоў і клапоў і інш.

Падабенства арганізмаў, якое назіраецца пры паралелізме, тлумачыцца не толькі блізкімі ўмовамі асяроддзя пражывання, але і агульнасцю генаў. Так, у роднасных відаў заканамерна выяўляюцца падобныя мутацыі (успомніце закон гамалагічных разоў спадчыннай зменлівасці, сфармуляваны М. І. Вавілавым). Калі папуляцыі гэтых відаў жывуць у падобных умовах, то пад дзеяннем натуральнага адбору эвалюцыйныя змяненні ў такіх папуляцыях ажыццяўляюцца падобным чынам, што і выяўляецца ў выглядзе паралелізму.*