§ 49. Прагрэс і рэгрэс у эвалюцыі. Шляхі дасягнення біялагічнага прагрэсу. Спосабы ажыццяўлення эвалюцыйнага працэсу
Прагрэс і рэгрэс у эвалюцыі. Як вы ўжо ведаеце, узнікненне надвідавых сістэматычных груп (родаў, сямействаў і г. д.) у ходзе гістарычнага развіцця жывой прыроды называюць макраэвалюцыяй. *Гэты працэс працякае на аснове мікраэвалюцыі пад дзеяннем тых жа перадумоў і рухаючых сіл.*
Аналіз макраэвалюцыйных працэсаў паказвае, што развіццё арганічнага свету адбывалася ад ніжэйшых форм жыцця да вышэйшых, г. зн. ад прымітыўных арганізмаў да складанаарганізаваных. Аднак у сучасным свеце разам з арганізмамі, для якіх характэрны высокі ўзровень арганізацыі, такімі як млекакормячыя, птушкі, кветкавыя расліны і інш., шырока распаўсюджаны і параўнальна проста пабудаваныя, напрыклад бактэрыі і пратысты. У той жа час многія групы даволі высокаарганізаваных арганізмаў (зверазубыя яшчары, дыназаўры, насенныя папараці, рыніяфіты і г. д.) зніклі. Гэта дае аснову вылучыць два асноўныя напрамкі эвалюцыйнага працэсу — біялагічны прагрэс і біялагічны рэгрэс. *Вучэнне пра галоўныя напрамкі эвалюцыі і шляхі дасягнення біялагічнага прагрэсу распрацаваў рускі біёлаг А. М. Северцаў у 20-х гг. мінулага стагоддзя. У далейшым яно было развіта і дапоўнена іншымі даследчыкамі.*
Біялагічны прагрэс — напрамак эвалюцыі, які суправаджаецца павышэннем прыстасаванасці арганізмаў той ці іншай групы да ўмоў навакольнага асяроддзя. Вынікам гэтага з’яўляецца павелічэнне колькасці асобін відаў, якія ўваходзяць у састаў дадзенай сістэматычнай групы, іх рассяленне ў новыя месцапражыванні, што вядзе да пашырэння арэалаў і спрыяе відаўтварэнню. З часам на аснове ўтвораных відаў узнікаюць новыя роды, сямействы і г. д. Такім чынам, біялагічны прагрэс з’яўляецца вынікам эвалюцыйнага поспеху пэўных груп арганізмаў і вядзе гэтыя групы да росквіту.
Біялагічны рэгрэс, наадварот, характарызуецца зніжэннем прыстасаванасці арганізмаў пэўнай сістэматычнай групы да асяроддзя пражывання. Ён праяўляецца ў памяншэнні колькасці асобін, скарачэнні арэалаў і нават поўным знікненні відаў. Зніжэнне біялагічнай разнастайнасці ў межах той ці іншай сістэматычнай групы, якое назіраецца пры біялагічным рэгрэсе, нярэдка становіцца прычынай вымірання дадзенай групы арганізмаў.
Важна адзначыць, што ў сучасным свеце біялагічны прагрэс ці рэгрэс вызначаецца не толькі здольнасцю арганізмаў адаптавацца да змянення абіятычных і біятычных фактараў, але і да антрапагеннага ўздзеяння. Дзейнасць чалавека, звязаная як з прамым знішчэннем арганізмаў, так і з парушэннем асяроддзя іх пражывання, стала прычынай вымірання цэлага шэрага відаў. Многія віды, якія існуюць у цяперашні час, сталі рэдкімі ці знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Разам з тым чалавек з’яўляецца магутным фактарам, які абумоўлівае біялагічны прагрэс свойскай жывёлы, культурных раслін і ў той жа час пустазелля, шкоднікаў сельскай гаспадаркі і інш.
Трэба адрозніваць біялагічны прагрэс і рэгрэс ад морфафізіялагічнага прагрэсу і рэгрэсу. Морфафізіялагічны прагрэс — гэта павышэнне ўзроўню арганізацыі жывых арганізмаў у ходзе эвалюцыі, г. зн. прынцыповае ўскладненне іх будовы і працэсаў жыццядзейнасці. Пад морфафізіялагічным рэгрэсам разумеюць спрашчэнне арганізацыі жывых арганізмаў. Такая з’ява назіраецца, галоўным чынам, пры іх пераходзе да маларухомага ці сядзячага (у жывёл) або паразітычнага спосабу жыцця. Морфафізіялагічны прагрэс не заўсёды вядзе да біялагічнага: многія складанаарганізаваныя арганізмы ў ходзе эвалюцыі вымерлі ці зараз знаходзяцца на мяжы знікнення. Нельга гаварыць і пра тое, што морфафізіялагічны рэгрэс звязаны з біялагічным рэгрэсам. Наадварот, многія віды і больш буйныя сістэматычныя групы, якія ў ходзе эвалюцыі падвергліся спрашчэнню арганізацыі, на сённяшні дзень шырока распаўсюджаны.