§ 32-3. Утварэнне і правапіс прыслоўяў. Марфалагічны разбор прыслоўя

Практыкаванне 335-16

Прачытайце ўрывак з нарыса У. Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі». Якую рысу характару, уласцівую беларусам, ілюструе выпадак, апісаны ў тэксце?

Падчас паўстання 1863–1864 гг. за невялічкім атрадам, коннікаў на сорак, зраненым у баях, (з)вечара (да)ранку гналася карная ўрадавая часць у дзвесце шабляў. Дзяліла іх гадзіна адлегласці. Камандзір зразумеў: усё(?)роўна не ўцячы. (Не)(ў)забаве будзе няроўны бой, смерць у ім, а параненым — шыбеніца. І тады ён (на)ўмысна спыніў атрад у лесе (не)(па)далёк ад карчмы, прывязаў коней, загадаўшы аднаму паўстанцу рабіць так, каб тыя (з)рэдку гігаталі. Астатнія пайшлі ў карчму, узялі ў карчмара ўсе вёдры «паіць коней» і пачалі (ў)адкрытую цягаць ваду са студні ў лес. За палову гадзіны перанеслі каля трохсот вёдраў і вылілі ваду пад дрэвы. Пасля, стомленыя (да)ўпаду, падаліся (ў)перад. Знясіленыя паўстанцы (па)ціху бурчалі на камандзіра, але той ведаў, што робіць…

(А)поўдні карная часць спынілася ля карчмы. Афіцэр (па)камандзірску спытаў, ці не было (па)блізу «мяцежнікаў».

— Былі, паночку, коней паілі.

Ужо гэта было (без)разважна: паіць коней, калі часу (ў)абрэз, калі табе наступаюць на пяты. Значыць, (з)усім не баяцца.

— Доўга паілі?

—   Доўга. Трыста вёдраў аднеслі ў лес.

Арыфметыка была простая: вядро на каня, бо рабілася ўсё ж (на)спех. Значыць, трыста шабляў, стрэльбаў або проста кос. Афіцэр (на)адрэз адмовіўся ад пагоні.

Іх аддзяляла ад паўстанцаў дзве вярсты, бо коні тых ішлі (па)волі… (У)вечары атрад уліўся ў большы і доўга яшчэ ваяваў (Паводле У. Караткевіча).

 Ці згодны вы з У. Караткевічам у тым, што «ўласціва нашым людзям знаходлівасць, нават некаторая хітрасць»?

Выпішыце з тэксту прыслоўі і блізкія да іх па значэнні спалучэнні назоўнікаў з прыназоўнікамі, раскрываючы дужкі, растлумачце іх правапіс.

  Знайдзіце ў тэксце фразеалагізм, растлумачце яго значэнне.

Высветліце велічыню меры даўжыні вярсты і выразіце ў кіламетрах адлегласць, якая аддзяляла паўстанцаў ад карнага атрада.