§ 32-3. Утварэнне і правапіс прыслоўяў. Марфалагічны разбор прыслоўя

Правіла

Прыслоўі ўтвараюцца ад розных часцін мовы прыставачным, суфіксальным, прыставачна-суфіксальным спосабамі, спосабам словаскладання.

Суфіксальным спосабам прыслоўі ўтвараюцца ад назоўнікаў, прыметнікаў, лічэбнікаў, дзеясловаў, прыслоўяў: зіма — зімой, высокі — высока, трое — тройчы, валіць — валам, блізка — блізютка.

Прыставачным спосабам прыслоўі часцей за ўсё ўтвараюцца ад саміх прыслоўяў: шмат — няшмат, густа — загуста, воддаль — наводдаль.

Прыставачна-суфіксальным спосабам прыслоўі ўтвараюцца ад назоўнікаў, прыметнікаў, займеннікаў, лічэбнікаў, дзеясловаў, прыслоўяў: верх — даверху, беларускі — па-беларуску, ваш — па-вашаму, трое — утрая, перастаць — бесперастанку, перамяшаць — уперамешку, мала — памалу.

Складаныя прыслоўі ўтвараюцца шляхам зліцця займенніка з назоўнікам (штовечар, штогод), далучэння да пытальна-адноснага прыслоўя адмоўнага займеннікавага прыслоўя (дзе-нідзе, як-ніяк), далучэння да першага кампанента паў- (ад напалову) прыслоўяў, асновы назоўніка, прыставак і суфіксаў (жартам — паўжартам), шляхам паўтору аднолькавых, блізкіх ці антанімічных слоў (далёка-далёка, туды-сюды).