Печатать книгуПечатать книгу

§ 32-3. Утварэнне і правапіс прыслоўяў. Марфалагічны разбор прыслоўя

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 32-3. Утварэнне і правапіс прыслоўяў. Марфалагічны разбор прыслоўя
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 5 Май 2024, 05:57

Правіла

Прыслоўі ўтвараюцца ад розных часцін мовы прыставачным, суфіксальным, прыставачна-суфіксальным спосабамі, спосабам словаскладання.

Суфіксальным спосабам прыслоўі ўтвараюцца ад назоўнікаў, прыметнікаў, лічэбнікаў, дзеясловаў, прыслоўяў: зіма — зімой, высокі — высока, трое — тройчы, валіць — валам, блізка — блізютка.

Прыставачным спосабам прыслоўі часцей за ўсё ўтвараюцца ад саміх прыслоўяў: шмат — няшмат, густа — загуста, воддаль — наводдаль.

Прыставачна-суфіксальным спосабам прыслоўі ўтвараюцца ад назоўнікаў, прыметнікаў, займеннікаў, лічэбнікаў, дзеясловаў, прыслоўяў: верх — даверху, беларускі — па-беларуску, ваш — па-вашаму, трое — утрая, перастаць — бесперастанку, перамяшаць — уперамешку, мала — памалу.

Складаныя прыслоўі ўтвараюцца шляхам зліцця займенніка з назоўнікам (штовечар, штогод), далучэння да пытальна-адноснага прыслоўя адмоўнага займеннікавага прыслоўя (дзе-нідзе, як-ніяк), далучэння да першага кампанента паў- (ад напалову) прыслоўяў, асновы назоўніка, прыставак і суфіксаў (жартам — паўжартам), шляхам паўтору аднолькавых, блізкіх ці антанімічных слоў (далёка-далёка, туды-сюды).

Практыкаванне 335-12

Прачытайце. Вызначце спосаб утварэння прыслоўяў і размяркуйце словы па адпаведных групах: 1) прыставачны, 2) суфіксальны, 3) прыставачна-суфіксальны, 4) складанне.

Даўно, нехта, дапазна, па-святочнаму, штогод, удвая, улетку, задарма, ранавата, дадому, раз-пораз, дзёрзка, замоцна, пазалетась, як-ніяк, паабапал, крукам, комплексна, штосілы, апоўначы, двойчы, дабяла, бесперастанку, напрасткі, нікуды, сам-насам.

Паслухаем мовазнаўцаў

Шмат увагі надае «народная лінгвістыка» такім моўным тэмам, якія даследуюць лексікалогія і марфалогія. Як разумееш слова, што бачыш за ім, ці правільна яго ўжываеш? Гэтыя асноўныя пытанні ставяць невядомыя аўтары ў загадках, лічылках, жартах, а то і ў адмысловых лінгвістычных заданнях: Пералічыце дні тыдня па парадку, не называючы чыслаў і назваў дзён (Паводле А. Каўруса).

Ці можаце вы выканаць гэта заданне? Запішыце прыслоўі, вызначце іх спосаб утварэння.

Практыкаванне 335-13

Падрыхтуйце на аснове прыведзенай схемы паведамленне аб правапісе прыслоўяў. Запішыце па 1-2 прыклады на кожны пункт правіла.

Правапіс прыслоўяў

разам

● прыслоўе + прыстаўка (замнога)

● прыслоўе постфікс -сьці (кудысьці)

● прыметнік + прыстаўка і суфікс (злева)

● поўны прыметнік + прыназоўнік (уручную)

● лічэбнік + прыназоўнік (удвух)

● займеннік + прыназоўнік (нашто)

● назоўнік, які зараз не ўжываецца, + прыназоўнік (дашчэнту)

● назоўнік + прыназоўнік без азначэння або дапаўнення (уверсе)

● прыслоўі з часткамі што і сама (штовечар, таксама)

праз злучок

● прыслоўі з прыстаўкай па-, якія заканчваюцца на -аму (-яму), -ому, -му (-йму), -ску (-цку), -і (-ы) (па-летняму)

● прыслоўі з прыстаўкай па-, утвораныя ад парадкавых лічэбнікаў (па-першае)

● складаныя прыслоўі, у якіх паўтараюцца аднолькавыя, блізкія або супрацьлеглыя словы (крыж-накрыж)

● прыслоўі з прыстаўкай абы- (абы-дзе)

● прыслоўі з суфіксам -небудзь (куды-небудзь)

Практыкаванне 335-14

Запішыце выразы, раскрыўшы дужкі. 

Зрабіць (у/ў)адзіночку, прачытаць верш (на)памяць, (усё)роўна памыліцца, (па)асенняму грэла сонца, словы вырваліся (міма)волі, (з)нізу дрэва здавалася высокім, жыць (за)мяжой, рабіць (абы)як, прабіць сцяну (на)вылет, перадаваць (з)веку (у/ў)век, паехаць (з)дому (на)зусім, лавіць мошак (на)ляту, справы мала (па)малу наладзіліся, (раз)пораз з дрэва зрываліся жалуды, у клас заходзілі (па)трое, апрануцца (па)святочнаму.

Правіла

Асобна пішуцца:

  • спалучэнні назоўнікаў з прыназоўнікамі, якія не канчаткова перайшлі ў прыслоўі: на памяць, да прыкладу,  да пары, не ў пару;
  • устойлівыя спалучэнні, у якіх слова паўтараецца ў розных склонах з прыназоўнікам: дзень у дзень, дзень пры дні, след у след, час ад часу;
  • спалучэнні назоўнікаў, якія пачынаюцца галоснай з прыназоўнікам у: у абмен,  у абдымку, у адзіночку, у абхват, у абрэз;
  • спалучэнні назоўнікаў з прыназоўнікамі без, з, да, на: без аглядкі, без разбору, з разбегу, з размаху, да зарэзу, да месца, на вока, на хаду;
  • спалучэнні слоў усё роўна, без дай прычыны, без дай рады, не да смеху,  як след.

Практыкаванне 335-15

 Устанавіце адпаведнасць паміж фразеалагізмамі і іх значэннямі.

1) (ад)веку (да)веку

2) зуб (за)зуб

3) секунда (у/ў)секунду

4) (з)рук (у/ў)рукі

5) плячо (у/ў)плячо

6) (з)году (у/ў)год

а) ‘непасрэдна каму-небудзь (перадаваць, аддаваць)’

б) ‘пастаянна, на працягу некалькіх гадоў’

в) ‘адплата злом за прычыненае зло’

г) ‘на працягу ўсяго жыцця, заўсёды’

д) ‘зусім побач, адзін каля аднаго’

е) ‘у дакладна ўстаноўлены час’

З трыма фразеалагізмамі (на выбар) складзіце і запішыце сказы.

Практыкаванне 335-16

Прачытайце ўрывак з нарыса У. Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі». Якую рысу характару, уласцівую беларусам, ілюструе выпадак, апісаны ў тэксце?

Падчас паўстання 1863–1864 гг. за невялічкім атрадам, коннікаў на сорак, зраненым у баях, (з)вечара (да)ранку гналася карная ўрадавая часць у дзвесце шабляў. Дзяліла іх гадзіна адлегласці. Камандзір зразумеў: усё(?)роўна не ўцячы. (Не)(ў)забаве будзе няроўны бой, смерць у ім, а параненым — шыбеніца. І тады ён (на)ўмысна спыніў атрад у лесе (не)(па)далёк ад карчмы, прывязаў коней, загадаўшы аднаму паўстанцу рабіць так, каб тыя (з)рэдку гігаталі. Астатнія пайшлі ў карчму, узялі ў карчмара ўсе вёдры «паіць коней» і пачалі (ў)адкрытую цягаць ваду са студні ў лес. За палову гадзіны перанеслі каля трохсот вёдраў і вылілі ваду пад дрэвы. Пасля, стомленыя (да)ўпаду, падаліся (ў)перад. Знясіленыя паўстанцы (па)ціху бурчалі на камандзіра, але той ведаў, што робіць…

(А)поўдні карная часць спынілася ля карчмы. Афіцэр (па)камандзірску спытаў, ці не было (па)блізу «мяцежнікаў».

— Былі, паночку, коней паілі.

Ужо гэта было (без)разважна: паіць коней, калі часу (ў)абрэз, калі табе наступаюць на пяты. Значыць, (з)усім не баяцца.

— Доўга паілі?

—   Доўга. Трыста вёдраў аднеслі ў лес.

Арыфметыка была простая: вядро на каня, бо рабілася ўсё ж (на)спех. Значыць, трыста шабляў, стрэльбаў або проста кос. Афіцэр (на)адрэз адмовіўся ад пагоні.

Іх аддзяляла ад паўстанцаў дзве вярсты, бо коні тых ішлі (па)волі… (У)вечары атрад уліўся ў большы і доўга яшчэ ваяваў (Паводле У. Караткевіча).

 Ці згодны вы з У. Караткевічам у тым, што «ўласціва нашым людзям знаходлівасць, нават некаторая хітрасць»?

Выпішыце з тэксту прыслоўі і блізкія да іх па значэнні спалучэнні назоўнікаў з прыназоўнікамі, раскрываючы дужкі, растлумачце іх правапіс.

  Знайдзіце ў тэксце фразеалагізм, растлумачце яго значэнне.

Высветліце велічыню меры даўжыні вярсты і выразіце ў кіламетрах адлегласць, якая аддзяляла паўстанцаў ад карнага атрада.

Практыкаванне 335-17

 Запішыце прыказкі, устаўляючы дарэчныя па сэнсе прыслоўі або спалучэнні слоў, блізкія да прыслоўяў.

1. Яду … адлажы, а справу … зрабі. 2. Адклад не ідзе … . 3. Хто жыве без запасу, той згіне … . 4. Што робіцца …, тое выходзіць курам … . 5. На год — сем прыгод, а на вяку  — … . 6. Пачутае слова можна забыць, а запісанае … будзе жыць. 7. Беражы адзенне …, а чэсць … .

Д л я  д а в е д к і: змоладу, без ліку, вечна, сёння, на заўтра, на лад, без часу, на смех, знову, наспех.