§ 32-2. Утварэнне форм ступеней параўнання якасных прыслоўяў. Марфалагічная норма: адрозненне вышэйшай ступені параўнання прыслоўя ад вышэйшай ступені параўнання прыметніка

Практыкаванне 335-7

Запішыце прыказкі, выбіраючы з дужак патрэбныя літары. Якому правілу адпавядае іх напісанне? Падкрэсліце прыслоўі, ужытыя ў форме пэўнай ступені параўнання.

1. У гасцях добра, а дома лепш. 2. Кланяйся зямлі ніжэй — будзеш да хлеба бліжэй. 3. Лё(г/х)ка ра(з/с)кідаць, ды ця(ж/ш)ка (з/с)біраць. 4. Глыбей узарэш — болей збярэш. 5. Лепш крышку зрабіць, чым багата нагаварыць. 6. Рыхтуй летам сані, а зімой — калёсы. 7. Адна галава добра, а дзве лепш. 8. Блі(з/с)ка відаць, ды далёка дыбаць. 9. Рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек — дзе лепей.

Назавіце прыслоўі-антонімы, вызначце іх сэнсава-стылістычную ролю ў прыказках.

Падбярыце сінонімы да выдзеленага слова.

Запішыце ўсе магчымыя формы ступеней параўнання да прыслоўяў лёгка, далёка, блізка.