§ 0-25. Фразеалагізмы, іх роля ў маўленні. Размежаванне фразеалагізмаў і свабодных словазлучэнняў. Выкарыстанне фразеалагізмаў як сродку выразнасці ў тэкстах мастацкага стылю. Слоўнікі фразеалагізмаў беларускай мовы

Практыкаванне № 6

Прачытайце тэкст, складзіце яго план. На аснове тэксту падрыхтуйце вуснае паведамленне на тэму «Стылістычныя функцыі фразеалагізмаў».

Фразеалагізмы як гатовыя моўныя сродкі ўдзельнічаюць у стварэнні вобразнасці выказвання. Яны выступаюць вобразнай назвай асобы, прадмета, дзеяння, стану, месца, спосабу дзеяння, часу і г. д. Функцыю вобразнага адлюстравання выконваюць многія фразеалагізмы ў камедыі Янкі Купалы «Паўлінка». Так, Альжбета кажа Сцяпану: «Еш вот лепей, чымся з пустога ў парожняе пераліваць». Паўлінка на пытанне Якіма, калі ўжо надыдзе часінка, «што злучыць нас навекі», адказвае: «Ха-ха-ха! На святое ніколі». Або: «Не гарачыся, паспееш з козамі на торг».

Фразеалагізмы ў мастацкім творы — важны сродак моўнай характарыстыкі персанажа. Яны індывідуалізуюць мову герояў, выступаюць своеасаблівым знакам прыналежнасці персанажа да пэўнага грамадскага асяроддзя. Супаставім мову Паўлінкі і Быкоўскага. Паўлінка вострая на язык, з развітым пачуццём гумару, умее гаварыць трапна і, калі трэба, з’едліва. Яе мова насычана фразеалагізмамі, на долю Паўлінкі прыпадае 62 іх ужыванні. Вось прыклад: «Задасць такога пытлю і табе, і мне разам, што і жаніцьба ў галаву не палезе».

«Голы як бізун», але фанабэрысты і напышлівы Быкоўскі зняважліва адносіцца да простых людзей і іх мовы. Сам ён карыстаецца жаргонам засцянковай шляхты, сумессю беларускіх і польскіх слоў. У выказваннях гэтага персанажа толькі 6 фразеалагізмаў: адным словам, на самае вушка, на ўсе бакі, на ўсе лады, так сабе і па самую шыю. Апошні ён выкарыстоўвае насуперак магчымасцей яго ўжывання: «Відаць, дзеўка ўлялюскалася ў мяне па самую шыю» (фразеалагізм ужываецца пры дзеясловах быць, сядзець, дзеепрыметніку заняты: сядзець у даўгах па самую шыю, заняты справамі па самую шыю).

Фразеалагізм, які неаднаразова паўтараецца, можа стаць своеасаблівым моўным пашпартам персанажа. У «Паўлінцы» Пранцісь і Агата маюць свае «стылістычныя пашпарты» — індывідуальна-аўтарскія ўтварэнні: вось-цо-да (на аснове рускага фразеалагізма вот это да!), тудэма-сюдэма (на аснове туды-сюды). У гэтых выразах няма пастаяннага фразеалагічнага значэння. Яны ўжываюцца персанажамі як выказванне і абурэння, і прыкрасці, і здзіўлення, і захаплення, і згоды, і іншых пачуццяў.

Нярэдка фразеалагізмы выконваюць эмацыянальна-экспрэсіўную функцыю. Яны выражаюць розныя эмоцыі, пачуцці, дапамагаюць выказаць адносіны аднаго персанажа да другога. Яркую эмацыянальную афарбоўку мае, напрыклад, такое выказванне Паўлінкі пра Быкоўскага: «Трэба за нос павадзіць, каб і дзясятаму заказаў, як жонкі купляць». Гнеў і абурэнне адчуваем у рэпліцы Сцяпана, Паўлінчынага бацькі, які, лічачы сябе шляхціцам, узненавідзеў Якіма Сароку — настаўніка «з мужыкоў»: «Чорт яго бяры... Знаць і бачыць не хачу яго ў сваёй хаце...»

Адначасовае выкананне шматлікіх функцый — вось у чым стылістычная значнасць фразеалагічных адзінак. Пры дапамозе большасці фразеалагізмаў не толькі называецца пэўная з’ява рэчаіснасці, але і выказваюцца эмацыянальна-ацэначныя адносіны асобы да яе. Апрача таго, мы наглядна, вобразна ўяўляем гэту з’яву. Такім чынам, адзін фразеалагізм адначасова выконвае і намінатыўную функцыю, і эмацыянальна-экспрэсіўную, і функцыю вобразнага адлюстравання (Паводле І. Лепешава).

Растлумачце значэнні фразеалагізмаў, ужытых у тэксце. Ці згодны вы з тым, што «звычайна значэнне фразеалагізма з усёй гамай адценняў, якія ён нясе, вельмі цяжка, а то і немагчыма поўнасцю перадаць некалькімі словамі ці складаным шматкампанентным словазлучэннем» (І. Лепешаў)?

З камедыі Янкі Купалы «Паўлінка» выпішыце па два-тры прыклады фразеалагізмаў, якія выконваюць функцыю: а) вобразнага адлюстравання; б) моўнай характарыстыкі персанажаў твора; в) эмацыянальна-экспрэсіўную функцыю (можаце звярнуцца да «Слоўніка мовы Янкі Купалы» У. В. Анічэнкі).