§ 0-25. Фразеалагізмы, іх роля ў маўленні. Размежаванне фразеалагізмаў і свабодных словазлучэнняў. Выкарыстанне фразеалагізмаў як сродку выразнасці ў тэкстах мастацкага стылю. Слоўнікі фразеалагізмаў беларускай мовы

Практыкаванне № 1

Прачытайце тэкст. Задайце ўдакладняльныя пытанні па яго змесце. Адкажыце на іх.

Фразеалагізмы — устойлівыя спалучэнні слоў, якія ўжываюцца як гатовыя моўныя адзінкі з непадзельным, цэласным значэннем: цераз пень калоду — ‘абы-як’; рукой падаць — ‘зусім блізка’; у вус не дзьмуць — ‘не думаць, не клапаціцца’.

Фразеалагізмы, як і словы, не ствараюцца кожны раз у час размовы ці пісьма, а выкарыстоўваюцца ў гатовым выглядзе як трапныя, вобразныя сродкі выказвання думак і пачуццяў.

Знешне фразеалагізмы падобныя да такіх сінтаксічных адзінак, як словазлучэнне (лёгкі хлеб, пада́ць голас), спалучэнне слоў (ні кала ні двара, і смех і грэх), сказ (ліха яго ведае, як скрозь зямлю праваліўся), аднак істотна ад іх адрозніваюцца. У свабодных словазлучэннях кожнае слова захоўвае сваё самастойнае лексічнае значэнне (цёплы дзень, ісці лесам, любавацца ракой) і можа ўступаць у разнастайныя сувязі з іншымі словамі (цёплая раніца, светлы дзень, ісці дадому, любавацца лесам, плысці па рацэ). У фразеалагічных словазлучэннях словы цалкам ці часткова страчваюць сваё лексічнае значэнне і аб’ядноўваюцца ў адзінае сэнсавае цэлае. Значэнне фразеалагізма вынікае не са значэння асобных слоў, якія ўваходзяць у яго склад, а з усяго словазлучэння: хварэць на пана — ‘прытварацца, мець панскія звычкі’; даць маху — ‘памыліцца’; абое рабое — ‘аднолькавыя’. Фразеалагізмы з’яўляюцца сэнсавымі і сінтаксічна непадзельнымі моўнымі адзінкамі і выступаюць у ролі аднаго члена сказа. Напрыклад, у сказе Жылі яны душа ў душу фразеалагізм душа ў душу выконвае ролю акалічнасці (жылі як? душа ў душу).

Фразеалагізмы могуць уступаць паміж сабой у сінанімічныя і антанімічныя адносіны. Фразеалагізмы-сінонімы адрозніваюцца адценнямі значэння, стылістычнай афарбоўкай: ні два ні паўтара (‘такі, які нічым не вызначаецца’), не бог ведае які, ні богу свечка ні чорту качарга, ні рыба ні мяса, ні тое ні сёе, пасаліўшы можна з’есці, так сабе, сярэдняй рукі.

Фразеалагізмы-антонімы абазначаюць супрацьлеглыя паняцці: душа ў душу (‘дружна’) — як кот з сабакам (‘вельмі кепска’); куры не клююць (‘многа’) — як кот наплакаў (‘мала’).

Некаторыя фразеалагізмы могуць уступаць у аманімічныя адносіны са свабоднымі словазлучэннямі (гучаць аднолькава, але абазначаюць рознае): вастрыць зубы (у піле) і вастрыць зубы (на каго-небудзь) — ‘рыхтаваць каму-небудзь непрыемнасць’.

Большасць фразеалагізмаў мае выразнае ацэначнае значэнне: хоць кол на галаве чашы (пра ўпартага чалавека), толькі пяткі блішчаць (‘нехта вельмі хутка знікае, уцякае’), прышчаміць хвост (‘прымушаць некага падпарадкоўвацца; ствараць цяжкае, безвыходнае становішча’).

Некаторыя фразеалагізмы пераважна ўжываюцца ў пісьмовым, кніжным маўленні і маюць выразную афарбоўку афіцыйнасці, урачыстасці, паэтычнасці ці ўзнёсласці: месца пад сонцам, мець гонар, падаваць надзеі, выводзіць на дарогу, біць крыніцай, падвесці рысу, увесці ў курс (справы) і інш. Сярод кніжных фразеалагізмаў нямала запазычаных: альфа і амега — ‘аснова ўсяго, самае значнае’; гордзіеў вузел — ‘заблытаная справа, складаныя абставіны’; дамоклаў меч — ‘пастаянная небяспека, пагроза’; агнём і мячом — ‘крайне сурова, бесчалавечна, з лютасцю (знішчыць, расправіцца і г. д.)’.