§ 0-25. Фразеалагізмы, іх роля ў маўленні. Размежаванне фразеалагізмаў і свабодных словазлучэнняў. Выкарыстанне фразеалагізмаў як сродку выразнасці ў тэкстах мастацкага стылю. Слоўнікі фразеалагізмаў беларускай мовы
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская мова. 10 клас |
Книга: | § 0-25. Фразеалагізмы, іх роля ў маўленні. Размежаванне фразеалагізмаў і свабодных словазлучэнняў. Выкарыстанне фразеалагізмаў як сродку выразнасці ў тэкстах мастацкага стылю. Слоўнікі фразеалагізмаў беларускай мовы |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Понедельник, 2 Июнь 2025, 17:20 |
Практыкаванне № 1
Прачытайце тэкст. Задайце ўдакладняльныя пытанні па яго змесце. Адкажыце на іх.
Фразеалагізмы — устойлівыя спалучэнні слоў, якія ўжываюцца як гатовыя моўныя адзінкі з непадзельным, цэласным значэннем: цераз пень калоду — ‘абы-як’; рукой падаць — ‘зусім блізка’; у вус не дзьмуць — ‘не думаць, не клапаціцца’.
Фразеалагізмы, як і словы, не ствараюцца кожны раз у час размовы ці пісьма, а выкарыстоўваюцца ў гатовым выглядзе як трапныя, вобразныя сродкі выказвання думак і пачуццяў.
Знешне фразеалагізмы падобныя да такіх сінтаксічных адзінак, як словазлучэнне (лёгкі хлеб, пада́ць голас), спалучэнне слоў (ні кала ні двара, і смех і грэх), сказ (ліха яго ведае, як скрозь зямлю праваліўся), аднак істотна ад іх адрозніваюцца. У свабодных словазлучэннях кожнае слова захоўвае сваё самастойнае лексічнае значэнне (цёплы дзень, ісці лесам, любавацца ракой) і можа ўступаць у разнастайныя сувязі з іншымі словамі (цёплая раніца, светлы дзень, ісці дадому, любавацца лесам, плысці па рацэ). У фразеалагічных словазлучэннях словы цалкам ці часткова страчваюць сваё лексічнае значэнне і аб’ядноўваюцца ў адзінае сэнсавае цэлае. Значэнне фразеалагізма вынікае не са значэння асобных слоў, якія ўваходзяць у яго склад, а з усяго словазлучэння: хварэць на пана — ‘прытварацца, мець панскія звычкі’; даць маху — ‘памыліцца’; абое рабое — ‘аднолькавыя’. Фразеалагізмы з’яўляюцца сэнсавымі і сінтаксічна непадзельнымі моўнымі адзінкамі і выступаюць у ролі аднаго члена сказа. Напрыклад, у сказе Жылі яны душа ў душу фразеалагізм душа ў душу выконвае ролю акалічнасці (жылі як? душа ў душу).
Фразеалагізмы могуць уступаць паміж сабой у сінанімічныя і антанімічныя адносіны. Фразеалагізмы-сінонімы адрозніваюцца адценнямі значэння, стылістычнай афарбоўкай: ні два ні паўтара (‘такі, які нічым не вызначаецца’), не бог ведае які, ні богу свечка ні чорту качарга, ні рыба ні мяса, ні тое ні сёе, пасаліўшы можна з’есці, так сабе, сярэдняй рукі.
Фразеалагізмы-антонімы абазначаюць супрацьлеглыя паняцці: душа ў душу (‘дружна’) — як кот з сабакам (‘вельмі кепска’); куры не клююць (‘многа’) — як кот наплакаў (‘мала’).
Некаторыя фразеалагізмы могуць уступаць у аманімічныя адносіны са свабоднымі словазлучэннямі (гучаць аднолькава, але абазначаюць рознае): вастрыць зубы (у піле) і вастрыць зубы (на каго-небудзь) — ‘рыхтаваць каму-небудзь непрыемнасць’.
Большасць фразеалагізмаў мае выразнае ацэначнае значэнне: хоць кол на галаве чашы (пра ўпартага чалавека), толькі пяткі блішчаць (‘нехта вельмі хутка знікае, уцякае’), прышчаміць хвост (‘прымушаць некага падпарадкоўвацца; ствараць цяжкае, безвыходнае становішча’).
Некаторыя фразеалагізмы пераважна ўжываюцца ў пісьмовым, кніжным маўленні і маюць выразную афарбоўку афіцыйнасці, урачыстасці, паэтычнасці ці ўзнёсласці: месца пад сонцам, мець гонар, падаваць надзеі, выводзіць на дарогу, біць крыніцай, падвесці рысу, увесці ў курс (справы) і інш. Сярод кніжных фразеалагізмаў нямала запазычаных: альфа і амега — ‘аснова ўсяго, самае значнае’; гордзіеў вузел — ‘заблытаная справа, складаныя абставіны’; дамоклаў меч — ‘пастаянная небяспека, пагроза’; агнём і мячом — ‘крайне сурова, бесчалавечна, з лютасцю (знішчыць, расправіцца і г. д.)’.
Практыкаванне № 2
Падбярыце да фразеалагізмаў левага слупка іх значэнні, якія прыводзяцца ў правым слупку, запішыце парамі.
1) На чым свет стаіць (крычаць) 2) гула асмаленая 3) чортам падшыты 4) ліса фарбаваць 5) на галаве хадзіць 6) з’ехаць з глузду 7) апусціць рукі 8) лезці ў вочы 9) спусціўшы рукі 10) дні церці |
а) несумленны, нялюдскі б) звар’яцець, здурнець в) вельмі моцна г) анічога д) быць няшчырым, лістам слацца е) абыякава, не стараючыся ж) марнаваць час з) дурэць, сваволіць і) страціць надзею, упэўненасць к) назойліва прыставаць |
Галоўная, вызначальная, прымета фразеалагізма — яго семантычная цэласнасць, унутранае сэнсавае адзінства, якое не раскладваецца на асобныя значэнні кампанентаў. I гэтым фразеалагізмы карэнным чынам адрозніваюцца ад свабодных словазлучэнняў. Напрыклад, агульны сэнс свабоднага словазлучэння дубовы стол цалкам залежыць ад значэнняў дзвюх яго састаўных частак і адпавядае суме значэнняў слоў дубовы (‘зроблены з дуба’) і стол (‘прадмет мэблі’). Зусім іншае бачым у фразеалагізмах. Калі іх разглядаць як звычайныя словы, то з іх значэнняў нельга вывесці цэласнае значэнне фразеалагізма, бо іх паасобныя значэнні даюць не суму значэнняў, а зусім іншы, новы сэнс: вадзіць + за + нос — ‘уводзщь у зман, ашукваць, абяцаючы і не выконваючы што-небудзь’ (Паводле I. Лепешава). |
Чым адрозніваюцца фразеалагізмы ад свабодных словазлучэнняў?
Прывядзіце прыклады выразаў, якія могуць ужывацца як фразеалагізмы і як свабодныя словазлучэнні.
Практыкаванне № 3
Падбярыце з матэрыялу для даведкі антонімы да прыведзеных фразеалагізмаў, запішыце парамі.
Ні свет ні зара, блізкі свет, хоць іголкі збірай, у вочы, пустая галава, гарыць у руках, з вуха на вуха, рукавы спусціўшы, пайсці на свой хлеб, трымаць язык за зубамі.
Для даведкі: як мокрае гарыць, на ўвесь свет, сядзець на карку, за вочы, светлая галава, у свіныя галасы, малоць языком, хоць вока выкалі, пад бокам, не пакладаючы рук.
Практыкаванне № 4
Спішыце сказы, устаўляючы прапушчаныя літары і раскрываючы дужкі. Фразеалагізмы падкрэсліце як члены сказа.
1. (Ні)колі не загл..даюцьм сюды со(?)нечныя промні, і (не/ні) дзіва, што сам Харон хмуры, ды і характ..р у яго (не/ні) цукар (Паводле газеты «Літаратура і мастацтва»).
2. З вышыні я як на далоні бачыў яр з усімі яго а(д/т)галінаван..ямі, «абеліскамі» і «пірамідамі» (У. Караткевіч).
3. Набралі хлопцы рыбы колькі ўлезе і накіравалісясл (да)дому (Я. Маўр).
4. Але гляд...елі бацька з маці на гэта коса (з/с) першых дзён (Я. Купала).
5. Маці тупала каля стала і (не/ні) зводзіла з сына вач..й (С. Грахоўскі).
Звярніце ўвагу! Фразеалагізмы — гэта найкаштоўнейшы скарб і багацце нацыянальнай мовы. Яны ажыўляюць маўленне, робяць яго больш выразным, вобразным, каларытным. Устойлівыя выразы ўжываюцца ў гутарковым маўленні, мастацкай літаратуры, публіцыстыцы, выступаюць як выразны стылістычны сродак. Разам з іншымі сродкамі стварэння выразнасці (метафарамі, эпітэтамі, параўнаннямі) фразеалагізмы з’яўляюцца сродкам характарыстыкі герояў, стварэння яркіх вобразаў і малюнкаў рэчаіснасці: Раней я злаваўся на пасажыраў, якія на злом галавы выбягаюцъ на кожнай станцыі з вагона (Я. Сіпакоў). Хопіць ужо часаць язык, працаваць трэба (М. Лупсякоў). Ну, і прыйшлося пасля за гэтыя словы пасвяціць вачыма (Я. Брыль) |
Практыкаванне № 5
Дакажыце правільнасць сцвярджэння: «Чым больш яркую экспрэсіўную афарбоўку мае фразеалагізм, тым больш ён функцыянальна абмежаваны» (М. Цікоцкі).
У якасці прыкладаў можаце выкарыстаць наступныя фразеалаізмы: абуць у лапці, атрымаць гарбуза, вадзіць дзяды, мякіна ў галаве, мяняць быка на індыка, пад кожную бочку шпунт, пустая малатарня, малоць языком і нш.
Практыкаванне № 6
Прачытайце тэкст, складзіце яго план. На аснове тэксту падрыхтуйце вуснае паведамленне на тэму «Стылістычныя функцыі фразеалагізмаў».
Фразеалагізмы як гатовыя моўныя сродкі ўдзельнічаюць у стварэнні вобразнасці выказвання. Яны выступаюць вобразнай назвай асобы, прадмета, дзеяння, стану, месца, спосабу дзеяння, часу і г. д. Функцыю вобразнага адлюстравання выконваюць многія фразеалагізмы ў камедыі Янкі Купалы «Паўлінка». Так, Альжбета кажа Сцяпану: «Еш вот лепей, чымся з пустога ў парожняе пераліваць». Паўлінка на пытанне Якіма, калі ўжо надыдзе часінка, «што злучыць нас навекі», адказвае: «Ха-ха-ха! На святое ніколі». Або: «Не гарачыся, паспееш з козамі на торг».
Фразеалагізмы ў мастацкім творы — важны сродак моўнай характарыстыкі персанажа. Яны індывідуалізуюць мову герояў, выступаюць своеасаблівым знакам прыналежнасці персанажа да пэўнага грамадскага асяроддзя. Супаставім мову Паўлінкі і Быкоўскага. Паўлінка вострая на язык, з развітым пачуццём гумару, умее гаварыць трапна і, калі трэба, з’едліва. Яе мова насычана фразеалагізмамі, на долю Паўлінкі прыпадае 62 іх ужыванні. Вось прыклад: «Задасць такога пытлю і табе, і мне разам, што і жаніцьба ў галаву не палезе».
«Голы як бізун», але фанабэрысты і напышлівы Быкоўскі зняважліва адносіцца да простых людзей і іх мовы. Сам ён карыстаецца жаргонам засцянковай шляхты, сумессю беларускіх і польскіх слоў. У выказваннях гэтага персанажа толькі 6 фразеалагізмаў: адным словам, на самае вушка, на ўсе бакі, на ўсе лады, так сабе і па самую шыю. Апошні ён выкарыстоўвае насуперак магчымасцей яго ўжывання: «Відаць, дзеўка ўлялюскалася ў мяне па самую шыю» (фразеалагізм ужываецца пры дзеясловах быць, сядзець, дзеепрыметніку заняты: сядзець у даўгах па самую шыю, заняты справамі па самую шыю).
Фразеалагізм, які неаднаразова паўтараецца, можа стаць своеасаблівым моўным пашпартам персанажа. У «Паўлінцы» Пранцісь і Агата маюць свае «стылістычныя пашпарты» — індывідуальна-аўтарскія ўтварэнні: вось-цо-да (на аснове рускага фразеалагізма вот это да!), тудэма-сюдэма (на аснове туды-сюды). У гэтых выразах няма пастаяннага фразеалагічнага значэння. Яны ўжываюцца персанажамі як выказванне і абурэння, і прыкрасці, і здзіўлення, і захаплення, і згоды, і іншых пачуццяў.
Нярэдка фразеалагізмы выконваюць эмацыянальна-экспрэсіўную функцыю. Яны выражаюць розныя эмоцыі, пачуцці, дапамагаюць выказаць адносіны аднаго персанажа да другога. Яркую эмацыянальную афарбоўку мае, напрыклад, такое выказванне Паўлінкі пра Быкоўскага: «Трэба за нос павадзіць, каб і дзясятаму заказаў, як жонкі купляць». Гнеў і абурэнне адчуваем у рэпліцы Сцяпана, Паўлінчынага бацькі, які, лічачы сябе шляхціцам, узненавідзеў Якіма Сароку — настаўніка «з мужыкоў»: «Чорт яго бяры... Знаць і бачыць не хачу яго ў сваёй хаце...»
Адначасовае выкананне шматлікіх функцый — вось у чым стылістычная значнасць фразеалагічных адзінак. Пры дапамозе большасці фразеалагізмаў не толькі называецца пэўная з’ява рэчаіснасці, але і выказваюцца эмацыянальна-ацэначныя адносіны асобы да яе. Апрача таго, мы наглядна, вобразна ўяўляем гэту з’яву. Такім чынам, адзін фразеалагізм адначасова выконвае і намінатыўную функцыю, і эмацыянальна-экспрэсіўную, і функцыю вобразнага адлюстравання (Паводле І. Лепешава).
Растлумачце значэнні фразеалагізмаў, ужытых у тэксце. Ці згодны вы з тым, што «звычайна значэнне фразеалагізма з усёй гамай адценняў, якія ён нясе, вельмі цяжка, а то і немагчыма поўнасцю перадаць некалькімі словамі ці складаным шматкампанентным словазлучэннем» (І. Лепешаў)?
З камедыі Янкі Купалы «Паўлінка» выпішыце па два-тры прыклады фразеалагізмаў, якія выконваюць функцыю: а) вобразнага адлюстравання; б) моўнай характарыстыкі персанажаў твора; в) эмацыянальна-экспрэсіўную функцыю (можаце звярнуцца да «Слоўніка мовы Янкі Купалы» У. В. Анічэнкі).
Практыкаванне № 7
Якую дапамогу могуць аказаць прыведзеныя слоўнікі? Раскажыце, у якіх выпадках мы можам да іх звярнуцца.
1. Гаўрош, Н. В. Афарыстычныя выслоўі беларускіх пісьменнікаў / Н. В. Гаўрош, Н. М. Нямковіч. — Мінск : Выш. шк., 2011.
2. Киселев, И. А. Русско-белорусский фразеологический словарь / И. А. Киселев. — Минск : Народная асвета, 1991.
3. Лепешаў, І. Я. Слоўнік беларускіх прыказак / І. Я. Лепешаў. — Мінск : Бел. навука, 2002.
4. Лепешаў, І. Я. Слоўнік фразеалагізмаў / І. Я. Лепешаў. — Мінск : БелЭн, 2008.
5. Лепешаў, І. Я. Этымалагічны слоўнік прыказак / І. Я. Лепешаў. — Мінск : Выш. шк., 2014.
6. Лепешаў, І. Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў / І. Я. Лепешаў. — Мінск : БелЭн, 2004.
7. Малажай, Г. М. Беларуская перыфраза : кароткі слоўнік / Г. М. Малажай. — Мінск : Выш. шк., 1974.
8. Мяцельская, Е. С. Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі / Е. С. Мяцельская, Я. М. Камароўскі. — Мінск : Выд-ва БДУ, 1972.
9. Санько, З. Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем / З. Санько. — Мінск: Навука і тэхніка, 1991.
10. Янкоўскі, Ф. М. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы / Ф. М. Янкоўскі. — Мінск : Выд-ва АН БССР, 1962.