§ 24-3. Актыўная і пасіўная лексіка

Практыкаванне № 18

Прачытайце тэкст. Выпішыце ўстарэлыя словы і выразы. Вызначце, архаізмы гэта ці гістарызмы. З дапамогай тлумачальнага слоўніка раскрыйце іх сэнс. З якой мэтай яны выкарыстоўваюцца ў тэксце?

І гэта было ў той час, калі па ўсім Прыдняпроўі звычаёвае права прадугледжвала два дні паншчыны. Два дні — па чатырнаццаць гадзін. Гаспадар дома павінен быў за дзень узараць сахою* — не мяльчэй як на два вяршкі* — палову дзесяціны* гліністай зямлі, або забаранаваць морг*, або пасеяць шэсць маргоў, што ўжо зусім цяжка. А то — перавезціс на дваццаць пяць вёрст* ад васямнаццаці да дваццаці пудоў*.

На ворыва і сяўбу ішлі сям’ёй, бо аднаму не ўправіцца. Сям’ёйф ішлі і на панскую малацьбу, бо трэба было за дзень паншчыны абмалаціць азіміны адну капу*, а ярыны — дзве. А капа — шэсцьдзясят снапоў, а кожны сноп ля перавясла — аршын* кругам (У. Караткевіч).

• Выпішыце з тэксту прыклады слоў, якія ілюструюць:

а) аглушэнне зычнага гука ў сярэдзіне слова;
б) аглушэнне зычнага гука ў канцы слова;
в) азванчэнне зычнага гука ў сярэдзіне слова.

 Падлічыце, колькі трэба было гаспадару за дзень узараць, забаранаваць, перавезці, абмалаціць і г. д. у адпаведнасці з сучаснай сістэмай вымярэння. Перакажыце тэкст, выкарыстоўваючы сучасную лексіку.