§ 24-3. Актыўная і пасіўная лексіка

Практыкаванне № 14

 Прачытайце тэкст. З апорай на змешчаную ніжэй схему і інфармацыю з тэксту падрыхтуйце вуснае паведамленне на тэму «Актыўная і пасіўная лексіка».

Змены ў грамадстве, навуцы і культуры ўплываюць пэўным чынам і на лексічны склад мовы. Адны паняцці існуюць у мове спрадвечна, таму словы, якія іх абазначаюць, выкарыстоўваюцца ўсімі носьбітамі мовы; другія паняцці знікаюць, а разам з імі знікаюць і словы, што ўжываліся для іх абазначэння; трэція — узнікаюць, і з імі паяўляюцца новыя словы. З улікам гэтага ў мове вылучаецца актыўная і пасіўная лексіка.

Актыўная лексіка — гэта агульназразумелыя, шырокаўжывальныя словы, якія не маюць адценняў устарэласці ці навізны: чалавек, неба, лес, думаць, машына.

Пасіўная лексіка — гэта словы, якія маюць адценне ўстарэласці або навізны, яны рэдка ўжываюцца ў штодзённым маўленні: валока, ратай, ловы; антрэпрэнёр, капірайтар, мерчандайзер.

Да пасіўнай лексікі адносяцца ўстарэлыя словы і неалагізмы.

Устарэлыя словы — гэта лексічныя адзінкі, якія выйшлі з актыўнага ўжывання па прычыне знікнення пэўных рэалій або таму, што на змену адным словам прыйшлі іншыя. Адпаведна сярод устарэлых слоў вылучаюцца гістарызмы і архаізмы.

Гістарызмы — словы, якія выйшлі з актыўнага ўжытку разам з тымі рэаліямі, якія яны абазначалі: жупан, саха (назвы адзення і прадметаў побыту), латы, меч, кальчуга (прадметы вайсковага рыштунку), воласць, губерня, земства (грамадска-палітычныя паняцці), вярста, грош, валока (адзінкі вымярэння і грашовыя адзінкі) і інш. Гістарызмы не маюць адпаведнікаў у сучаснай беларускай мове, ужываюцца яны тады, калі патрэбна назваць прадметы і з’явы мінулага.

Архаізмы — устарэлыя назвы сучасных прадметаў і з’яў: ратайземляроб, чалолоб. Архаізмы, у адрозненне ад гістарызмаў, абазначаюць тыя рэаліі, паняцці, якія не зніклі.

Устарэлыя словы (гістарызмы і архаізмы) ужываюцца ў мастацкай літаратуры і публіцыстыцы тады, калі патрэбна перадаць каларыт пэўнай эпохі.

Неалагізмы — гэта словы і словазлучэнні, якія з’явіліся ў мове для абазначэння новых рэалій жыцця і яшчэ не страцілі адцення навізны: сэлфі, дэвайс*, калайдар, чырлідзінг, спічрайтар, дэдлайн*, гіраскутар і інш. Статус неалагізма словы, як правіла, маюць не вельмі працяглы перыяд. Вельмі хутка яны становяцца агульнаўжывальнымі і страчваюць адценне навізны. Не так даўно неалагізмамі лічыліся словы камп’ютар, спонсар, менеджар, дылер і іншыя, але сёння яны перайшлі ў актыўны слоўнік многіх людзей.

Сярод неалагізмаў выдзяляюцца агульнамоўныя і індывідуальна-аўтарскія (аказіяналізмы). Аказіяналізмы — гэта прыдуманыя аўтарамі новаўтварэнні, якія ўжываюцца з пэўнымі стылістычнымі мэтамі. Зразумець іх можна толькі з кантэксту: Для пчол тут калодна і вульна, прыплодна гудзе дупло (Р. Барадулін).

Склад лексікі актыўнага і пасіўнага ўжывання перадае наступная схема: