§ 24-2. Лексіка беларускай мовы паводле ўжывання

Практыкаванне № 8

 Прачытайце тэкст. Выкарыстоўваючы змешчаную ніжэй схему і інфармацыю, прыведзеную ў тэксце, падрыхтуйце вуснае выказванне на тэму «Лексіка беларускай мовы паводле ўжывання».

Гарнітура тэксту практыкавання

Большая частка слоў беларускай мовы ўжываецца ўсімі, хто карыстаецца мовай, незалежна ад іх узросту, прафесіі, месцажыхарства, адукацыі. Такія словы, якія ўжываюцца ў вуснай і пісьмовай форме на ўсёй тэрыторыі Беларусі, зразумелыя ўсім людзям і не маюць стылістычных адценняў або адценняў навізны ці ўстарэласці, называюцца агульнаўжывальнымі (агульнанароднымі). Яны з’яўляюцца самай вялікай і істотнай часткай лексічнай сістэмы беларускай (ды і любой іншай) мовы. На іх аснове ажыццяўляюцца маўленчыя зносіны паміж людзьмі.

Разам з тым частка слоў выкарыстоўваецца не ўсімі людзьмі, а толькі на пэўнай тэрыторыі або прадстаўнікамі пэўных прафесій ці сацыяльных груп насельніцтва, г. зн. з’яўляецца тэрытарыяльна, прафесійна ці сацыяльна абмежаванай. Гэта лексіка абмежаванага ўжывання, сярод якой выдзяляюцца дыялектная, прафесійная і жаргонная лексіка.

Дыялектная лексіка (ад грэч. dialektos — гаворка, дыялект) — гэта словы, якія выкарыстоўваюцца на пэўнай тэрыторыі, у адной гаворцы, групе гаворак ці дыялекце. Напрыклад, салонікі — ‘вараная бульба’, градка — ‘паліца для посуду’,  мост — ‘падлога’, голень — ‘змецены венік’, кагадзе — ‘нядаўна’. Тыя словы, якія адрозніваюцца ад агульнаўжывальных, маюць назву дыялектызмаў. Дыялектныя словы ўжываюцца ў творах мастацкай літаратуры, калі пісьменнік перадае карціны мясцовага жыцця. Яны дапамагаюць аўтару надаць твору мясцовы каларыт, ахарактарызаваць мову дзейных асоб.

Да спецыяльнай лексікі адносяцца словы абмежаванага ўжывання, якімі карыстаюцца прадстаўнікі пэўнай спецыяльнасці. Сярод спецыяльнай лексікі выдзяляюцца тэрміны і прафесіяналізмы. Спецыяльныя словы пэўнай навукі маюць назву тэрміны. Тэрміны ўжываюцца ў навуковай і вучэбнай літаратуры: антонім, марфема, фразеалагізм, суфікс, спражэнне (у лінгвістыцы), антытэза, эпас, ямб, страфа (у літаратуразнаўстве), дыягназ, антыбіётык, рэанімацыя (у медыцыне), кампрэсар, рухавік, генератар (у тэхніцы).

Тэрміналагічная лексіка пазначаецца ў слоўніках спецыяльнымі паметамі: спец. (спецыяльнае), тэхн. (тэхнічнае), мед. (медыцынскае), лінг. (лінгвістычнае), бат. (батанічнае) і інш.

Прафесіяналізмы — гэта словы і выразы, якія ўжываюць людзі пэўнай прафесіі. У адрозненне ад тэрмінаў, якія з’яўляюцца афіцыйнымі назвамі пэўных паняццяў, прафесіяналізмы — гэта словы, распаўсюджаныя пераважна ў гутарковым маўленні сярод людзей пэўнай прафесіі, спецыяльнасці. Такія словы ўжываюць, напрыклад, друкары: лапкі (“ ”), елачкі (« »), шапка — ‘агульны загаловак для некалькіх газетных матэрыялаў, невялікіх па памеры’ і інш.

Да жаргоннай лексікі (жарганізмаў) адносяцца словы, якімі карыстаюцца ў гутарковым маўленні асобныя сацыяльныя групы, аб’яднаныя агульнымі інтарэсамі, звычкамі, сацыяльным становішчам, заняткам. Для сучаснай моладзі характэрны такія словы, як комп — ‘камп’ютар’, універ — ‘універсітэт’, мыла  ‘электронная пошта’, клава ‘клавіятура’, глюк, глючыць ‘непаладкі ў сістэме камп’ютара або тэлефона’, айбаліт ‘антывірусная праграма’, дрынк  ‘напой’, піпл  ‘людзі’, чэйндж  ‘абмен’, рэспект  ‘павага’, Камса  ‘Камсамольскае возера’, хайп — ‘шуміха, ажыятаж’, чыліць — ‘адпачываць, не рабіць нічога’, стрыміць — ‘перадаваць інфармацыю ў рэжыме рэальнага часу’ і інш. Жаргонная лексіка звычайна стылістычна афарбаваная, мае адценне грубаватасці, зніжанасці (керагаз — ‘дрэнная аўтамашына’; каўбасіцца — 1) ‘праводзіць шмат часу ў мітусні і клопатах’; 2) ‘выконваць нудную працу’; 3) ‘адпачываць, весела бавіць час’) і ўжываецца ў творах мастацкай літаратуры як стылістычны сродак з мэтай індывідуалізацыі персанажаў пэўных сацыяльных груп.

Падзел беларускай лексікі паводле ўжывання перадае наступная схема: