Печатать книгуПечатать книгу

§ 24-2. Лексіка беларускай мовы паводле ўжывання

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 24-2. Лексіка беларускай мовы паводле ўжывання
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 2 Май 2024, 04:16

Практыкаванне № 8

 Прачытайце тэкст. Выкарыстоўваючы змешчаную ніжэй схему і інфармацыю, прыведзеную ў тэксце, падрыхтуйце вуснае выказванне на тэму «Лексіка беларускай мовы паводле ўжывання».

Гарнітура тэксту практыкавання

Большая частка слоў беларускай мовы ўжываецца ўсімі, хто карыстаецца мовай, незалежна ад іх узросту, прафесіі, месцажыхарства, адукацыі. Такія словы, якія ўжываюцца ў вуснай і пісьмовай форме на ўсёй тэрыторыі Беларусі, зразумелыя ўсім людзям і не маюць стылістычных адценняў або адценняў навізны ці ўстарэласці, называюцца агульнаўжывальнымі (агульнанароднымі). Яны з’яўляюцца самай вялікай і істотнай часткай лексічнай сістэмы беларускай (ды і любой іншай) мовы. На іх аснове ажыццяўляюцца маўленчыя зносіны паміж людзьмі.

Разам з тым частка слоў выкарыстоўваецца не ўсімі людзьмі, а толькі на пэўнай тэрыторыі або прадстаўнікамі пэўных прафесій ці сацыяльных груп насельніцтва, г. зн. з’яўляецца тэрытарыяльна, прафесійна ці сацыяльна абмежаванай. Гэта лексіка абмежаванага ўжывання, сярод якой выдзяляюцца дыялектная, прафесійная і жаргонная лексіка.

Дыялектная лексіка (ад грэч. dialektos — гаворка, дыялект) — гэта словы, якія выкарыстоўваюцца на пэўнай тэрыторыі, у адной гаворцы, групе гаворак ці дыялекце. Напрыклад, салонікі — ‘вараная бульба’, градка — ‘паліца для посуду’,  мост — ‘падлога’, голень — ‘змецены венік’, кагадзе — ‘нядаўна’. Тыя словы, якія адрозніваюцца ад агульнаўжывальных, маюць назву дыялектызмаў. Дыялектныя словы ўжываюцца ў творах мастацкай літаратуры, калі пісьменнік перадае карціны мясцовага жыцця. Яны дапамагаюць аўтару надаць твору мясцовы каларыт, ахарактарызаваць мову дзейных асоб.

Да спецыяльнай лексікі адносяцца словы абмежаванага ўжывання, якімі карыстаюцца прадстаўнікі пэўнай спецыяльнасці. Сярод спецыяльнай лексікі выдзяляюцца тэрміны і прафесіяналізмы. Спецыяльныя словы пэўнай навукі маюць назву тэрміны. Тэрміны ўжываюцца ў навуковай і вучэбнай літаратуры: антонім, марфема, фразеалагізм, суфікс, спражэнне (у лінгвістыцы), антытэза, эпас, ямб, страфа (у літаратуразнаўстве), дыягназ, антыбіётык, рэанімацыя (у медыцыне), кампрэсар, рухавік, генератар (у тэхніцы).

Тэрміналагічная лексіка пазначаецца ў слоўніках спецыяльнымі паметамі: спец. (спецыяльнае), тэхн. (тэхнічнае), мед. (медыцынскае), лінг. (лінгвістычнае), бат. (батанічнае) і інш.

Прафесіяналізмы — гэта словы і выразы, якія ўжываюць людзі пэўнай прафесіі. У адрозненне ад тэрмінаў, якія з’яўляюцца афіцыйнымі назвамі пэўных паняццяў, прафесіяналізмы — гэта словы, распаўсюджаныя пераважна ў гутарковым маўленні сярод людзей пэўнай прафесіі, спецыяльнасці. Такія словы ўжываюць, напрыклад, друкары: лапкі (“ ”), елачкі (« »), шапка — ‘агульны загаловак для некалькіх газетных матэрыялаў, невялікіх па памеры’ і інш.

Да жаргоннай лексікі (жарганізмаў) адносяцца словы, якімі карыстаюцца ў гутарковым маўленні асобныя сацыяльныя групы, аб’яднаныя агульнымі інтарэсамі, звычкамі, сацыяльным становішчам, заняткам. Для сучаснай моладзі характэрны такія словы, як комп — ‘камп’ютар’, універ — ‘універсітэт’, мыла  ‘электронная пошта’, клава ‘клавіятура’, глюк, глючыць ‘непаладкі ў сістэме камп’ютара або тэлефона’, айбаліт ‘антывірусная праграма’, дрынк  ‘напой’, піпл  ‘людзі’, чэйндж  ‘абмен’, рэспект  ‘павага’, Камса  ‘Камсамольскае возера’, хайп — ‘шуміха, ажыятаж’, чыліць — ‘адпачываць, не рабіць нічога’, стрыміць — ‘перадаваць інфармацыю ў рэжыме рэальнага часу’ і інш. Жаргонная лексіка звычайна стылістычна афарбаваная, мае адценне грубаватасці, зніжанасці (керагаз — ‘дрэнная аўтамашына’; каўбасіцца — 1) ‘праводзіць шмат часу ў мітусні і клопатах’; 2) ‘выконваць нудную працу’; 3) ‘адпачываць, весела бавіць час’) і ўжываецца ў творах мастацкай літаратуры як стылістычны сродак з мэтай індывідуалізацыі персанажаў пэўных сацыяльных груп.

Падзел беларускай лексікі паводле ўжывання перадае наступная схема:

Практыкаванне № 9

Растлумачце значэнне наступных лінгвістычных і літаратуразнаўчых тэрмінаў.

Лексікалогія, амонімы, троп, эпітэт, метафара, метанімія, дыялектызм.

Практыкаванне № 10

Выпішыце словы, якія адносяцца да лексікі абмежаванага ўжывання. Абгрунтуйце сваё меркаванне.

Ісці, мяцеліца, кудаса, прэфікс, кагадзе, вясёлка, дажджуха, алегорыя, антыбіётык, марфема, прыгажосць, далёкі, майна — віра, картопля, саганок, халтура, немка (пра настаўніцу нямецкай мовы), жартаваць.

Практыкаванне № 11

Спішыце сказы, устаўляючы прапушчаныя літары і раскрываючы дужкі. Падкрэсліце ў сказах дыялектызмы. Вусна растлумачце іх значэнне.

1. Я гл..дзеў на мужчыну, апранутага ў с..лянскую світку і поршні — скураныя пале(с, сс)кія лапці (У. Караткевіч).
2. Дзед Талаш быў у кароткім кажушк.., у суконных з раменнымі латамі майтках, абуты ў чуні (Я. Колас).
3. Але Васіль амаль не звярнуў на ..эта ўвагі — хадзіць па бало..е даводзілася ўжо (ня, не)маласл, і ў пасталах, і без пасталоў (І. Мележ).
4. Бачыла добра мачыха тол..кі во(з, с), які, нібы знарок, тырчаў перад вачыма і на якім завабліва чырванелі гаршкі, макатры, міскі (І. Мележ).
5. Калі будуць з пашы гнаць тавар, я паеду (да)домум (Б. Сачанка).
6. Мама шырока ступае, спяшаецца за дзя..ькам Кастусём, і (з)пад в..лікай (хусткі)канаплянкі глядзіць на дзя..ькавы боты (Я. Брыль).

Практыкаванне № 12

Прачытайце тэксты.
Вызначце стыль маўлення, дакажыце сваю думку.
Выпішыце тэрміналагічныя словы і выразы, вызначце, да якой галіны навукі яны адносяцца.
Абгрунтуйце сваё меркаванне.

І. Будову і ўласцівасці мікраскапічных цел як вынік узаемадзеяння вялікага ліку атамаў, малекул або іонаў, з якіх яны складаюцца, тлумачыць малекулярна-кінетычная тэорыя.

У яе аснове ляжаць тры палажэнні:

  1.  усе рэчывы складаюцца з вельмі дробных часціц — малекул (самыя простыя малекулы складаюцца з аднаго атама);
  2. малекулы знаходзяцца ў бесперапынным хаатычным цеплавым руху;
  3. паміж малекуламі дзейнічаюць сілы, якія ў залежнасці ад адлегласці з’яўляюцца сіламі прыцяжэння або адштурхвання (В. Жылко, А. Лаўрыненка, Л. Марковіч).

ІІ. Дакладнасць забяспечваецца добрым веданнем прадмета маўлення, аўтарскім кантролем за прымяненнем слова ці фразеалагізма.сн Гэта —пазамоўныя (экстралінгвістычныя) умовы дакладнасці. Да лінгвістычных умоў, якіяф садзейнічаюць стварэнню дакладнасці, адносяцца:

  1. веданне сінанімічных магчымасцей мовы і ўменне выбраць з сінанімічнага рада найбольш дакладнае для дадзенага выпадку слова;
  2. веданне і дакладнае размежаванне полісеміі;
  3. уменне размяжоўваць паронімы, а таксама амонімы (І. Лепешаў).

Практыкаванне № 13

Складзіце слоўнік жарганізмаў, характэрных для вашага асяроддзя. Запішыце сказы з такімі словамі.