§ 24-1. Лексіка беларускай мовы паводле паходжання

Практыкаванне № 1

 Прачытайце тэкст. Складзіце яго план. Перакажыце змест тэксту з апорай на план.

Беларуская мова ў сваім развіцці прайшла некалькі гістарычных этапаў. Даследчыкі выдзяляюць наступныя перыяды: агульнаславянскі (праславянскі), усходнеславянскі і ўласнабеларускі. На працягу многіх стагоддзяў фарміраваўся лексічны склад беларускай мовы, які ў працэсе маўленчай практыкі ўвесь час развіваўся і ўдасканальваўся.

Паводле крыніц і характару паходжання ўся лексіка беларускай мовы падзяляецца на дзве групы: спрадвечна беларуская і запазычаная.

Аснову лексічнай сістэмы беларускай мовы складае спрадвечна беларуская лексіка, якая вызначае самабытнасць і спецыфіку мовы. Спрадвечна беларуская лексіка — гэта словы, якія існуюць у беларускай мове спрадвеку. Яны перайшлі з агульнаславянскай ці ўсходнеславянскай моў або ўтварыліся на ўласным лексічным матэрыяле. Адпаведна ў складзе спрадвечнабеларускай лексікі выдзяляюцца наступныя групы: агульнаславянская, усходнеславянская і ўласнабеларуская.

Агульнаславянскія словы ўжываюцца ў беларускай мове і мовах іншых славянскіх народаў (рускіх, украінцаў, палякаў, балгар, чэхаў, славакаў, сербаў, македонцаў і інш.) з таго даўняга часу, калі іх продкі карысталіся адной мовай. Гэта лексіка стала асновай розных славянскіх моў і бытуе як у беларускай, так і іншых славянскіх мовах, напрыклад: хлеб (у беларускай і рускай), хліб (ва ўкраінскай), хляб (у балгарскай), chleb (у польскай і чэшскай). З агульнаславянскай мовы-асновы да нас дайшлі назвы, якія перадаюць сваяцкія адносіны: маці, бацька, брат, сын і інш.; частак цела чалавека: рука, нага, галава; назвы аб’ектаў расліннага і жывёльнага свету: поле, жыта, авёс, бяроза, лес, пчала, варона, птушка, воўк; назвы пораў года і адрэзкаў часу: зіма, лета, месяц, дзень, ноч, год; назвы некаторых прылад працы: нож, каса; назвы лікаў: два, тры, дзесяць, сто; некаторыя абстрактныя паняцці: вера, розум, любоў, памяць, страх, боль і інш.

Усходнеславянскія словы бытуюць у мовах усіх усходнеславянскіх народаў (беларусаў, рускіх і ўкраінцаў), яны перайшлі ў беларускую, а таксама рускую і ўкраінскую мовы з агульнаўсходнеславянскай мовы, якой карысталіся ў Кіеўскай Русі: пляменнік, калыхаць, гуляць, дванаццаць, дзевяноста, квас, піва. Звычайна такія словы ўзнікалі на аснове агульнаславянскай мовы: племя — пляменнік, сяло — селянін, адзін і дзесяць — адзінаццаць і інш.

Нацыянальную спецыфіку, самабытнасць беларускай мове надаюць уласнабеларускія словы, г. зн. словы, якія ўжываюцца толькі ў беларускай мове: абрус, світанне, сківіца, асілак, бадзёры, сачыць, вусень, кнігаўка, лявоніха, водгулле і інш.

Акрамя спрадвечна беларускіх, у лексіцы беларускай мовы існуюць таксама словы, запазычаныя з іншых моў, што з’яўляецца вынікам натуральных моўных кантактаў. Такім чынам, запазычаныя словы — гэта словы іншамоўнага паходжання: бальшавік, ураўненне (з рускай мовы), здрада, моц (з польскай), філасофія, біяграфія (з грэчаскай), радыус, інфляцыя (з лацінскай), шахта, вахта, шпіль (з нямецкай) і інш.

Запазычаныя словы пранікаюць у беларускую мову або прамым шляхам, г. зн. непасрэдна з іншай мовы, або ўскосным шляхам, г. зн праз якую-небудзь мову-пасрэдніцу (часцей за ўсё праз рускую мову). Словы з іншых моў пранікаюць у беларускую мову вусным (пры непасрэдных моўных кантактах носьбітаў розных моў) і пісьмовым (праз кнігі і пісьмы, сродкі масавай інфармацыі і афіцыйныя дакументы) шляхам.

Запазычаная лексіка звычайна захоўвае свае фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці, таму мы можам пазнаць, з якой мовы запазычана тое ці іншае слова. Так, напрыклад, пачатковыя гукі [а], [э] (аршын, эпас, эпоха), пачатковы [ф] (фаза, фантазія), спалучэнні зычных [кс], [ск], [пс], [мп] у сярэдзіне слова (эліпс, дыск, сімптом), прыстаўкі а-, анты-, архі-, контр-, пачатковыя часткі складаных слоў бія- (біё-), геа- (гео-), філа- (філо-), суфіксы -ад-, -ік- (-ык-), -іск- з’яўляюцца прыметай, што слова прыйшло да нас з грэчаскай мовы, спалучэнні [шт], [шп], [хт] (муштра, штаб) — з нямецкай, спалучэнні бю, пю, вю, фю (гравюра, бюлетэнь, капюшон, фюзеляж), канцавы націскны галосны (бюро, пано, кашнэ) — з французскай, а пачатковае дж (джынсы, джаз), канцавыя спалучэнні -інг / -ынг (брыфінг, спінінг), частка -мен (спартсмен, бізнесмен, джэнтльмен) — з англійскай.

Значную частку запазычаных слоў у беларускай мове складаюць інтэрнацыяналізмы  — словы, аднолькавыя ці блізкія па гучанні і значэнні, якія ўжываюцца не менш чым у трох няроднасных мовах: напрыклад, беларуск. тэатр, балг. театър, ням. das Theater, англ. theatre, ісп. teatro.

Для слоў-інтэрнацыяналізмаў характэрны прыстаўкі і часткі а-, анты-, архі-, аква-, археа-, аэра-, бія- (біё-), контр-, рэ-, тэле-, полі-, хрона- (храна-), фота-, інтэр- і некаторыя іншыя: алгарыфм, антыдэмакратыя, архіважны, антракт, археалогія, контратака, рэалізацыя, біялогія, паліклініка, фотаапарат, храналогія і г. д.

Найбольшая колькасць інтэрнацыянальных слоў сустракаецца сярод тэрмінаў, бо людзі адной або блізкай спецыяльнасці павінны без асаблівых складанасцей разумець адно аднаго.