§ 24-1. Лексіка беларускай мовы паводле паходжання
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская мова. 10 клас |
Книга: | § 24-1. Лексіка беларускай мовы паводле паходжання |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Понедельник, 2 Июнь 2025, 17:14 |
Практыкаванне № 1
Прачытайце тэкст. Складзіце яго план. Перакажыце змест тэксту з апорай на план.
Беларуская мова ў сваім развіцці прайшла некалькі гістарычных этапаў. Даследчыкі выдзяляюць наступныя перыяды: агульнаславянскі (праславянскі), усходнеславянскі і ўласнабеларускі. На працягу многіх стагоддзяў фарміраваўся лексічны склад беларускай мовы, які ў працэсе маўленчай практыкі ўвесь час развіваўся і ўдасканальваўся.
Паводле крыніц і характару паходжання ўся лексіка беларускай мовы падзяляецца на дзве групы: спрадвечна беларуская і запазычаная.
Аснову лексічнай сістэмы беларускай мовы складае спрадвечна беларуская лексіка, якая вызначае самабытнасць і спецыфіку мовы. Спрадвечна беларуская лексіка — гэта словы, якія існуюць у беларускай мове спрадвеку. Яны перайшлі з агульнаславянскай ці ўсходнеславянскай моў або ўтварыліся на ўласным лексічным матэрыяле. Адпаведна ў складзе спрадвечнабеларускай лексікі выдзяляюцца наступныя групы: агульнаславянская, усходнеславянская і ўласнабеларуская.
Агульнаславянскія словы ўжываюцца ў беларускай мове і мовах іншых славянскіх народаў (рускіх, украінцаў, палякаў, балгар, чэхаў, славакаў, сербаў, македонцаў і інш.) з таго даўняга часу, калі іх продкі карысталіся адной мовай. Гэта лексіка стала асновай розных славянскіх моў і бытуе як у беларускай, так і іншых славянскіх мовах, напрыклад: хлеб (у беларускай і рускай), хліб (ва ўкраінскай), хляб (у балгарскай), chleb (у польскай і чэшскай). З агульнаславянскай мовы-асновы да нас дайшлі назвы, якія перадаюць сваяцкія адносіны: маці, бацька, брат, сын і інш.; частак цела чалавека: рука, нага, галава; назвы аб’ектаў расліннага і жывёльнага свету: поле, жыта, авёс, бяроза, лес, пчала, варона, птушка, воўк; назвы пораў года і адрэзкаў часу: зіма, лета, месяц, дзень, ноч, год; назвы некаторых прылад працы: нож, каса; назвы лікаў: два, тры, дзесяць, сто; некаторыя абстрактныя паняцці: вера, розум, любоў, памяць, страх, боль і інш.
Усходнеславянскія словы бытуюць у мовах усіх усходнеславянскіх народаў (беларусаў, рускіх і ўкраінцаў), яны перайшлі ў беларускую, а таксама рускую і ўкраінскую мовы з агульнаўсходнеславянскай мовы, якой карысталіся ў Кіеўскай Русі: пляменнік, калыхаць, гуляць, дванаццаць, дзевяноста, квас, піва. Звычайна такія словы ўзнікалі на аснове агульнаславянскай мовы: племя — пляменнік, сяло — селянін, адзін і дзесяць — адзінаццаць і інш.
Нацыянальную спецыфіку, самабытнасць беларускай мове надаюць уласнабеларускія словы, г. зн. словы, якія ўжываюцца толькі ў беларускай мове: абрус, світанне, сківіца, асілак, бадзёры, сачыць, вусень, кнігаўка, лявоніха, водгулле і інш.
Акрамя спрадвечна беларускіх, у лексіцы беларускай мовы існуюць таксама словы, запазычаныя з іншых моў, што з’яўляецца вынікам натуральных моўных кантактаў. Такім чынам, запазычаныя словы — гэта словы іншамоўнага паходжання: бальшавік, ураўненне (з рускай мовы), здрада, моц (з польскай), філасофія, біяграфія (з грэчаскай), радыус, інфляцыя (з лацінскай), шахта, вахта, шпіль (з нямецкай) і інш.
Запазычаныя словы пранікаюць у беларускую мову або прамым шляхам, г. зн. непасрэдна з іншай мовы, або ўскосным шляхам, г. зн праз якую-небудзь мову-пасрэдніцу (часцей за ўсё праз рускую мову). Словы з іншых моў пранікаюць у беларускую мову вусным (пры непасрэдных моўных кантактах носьбітаў розных моў) і пісьмовым (праз кнігі і пісьмы, сродкі масавай інфармацыі і афіцыйныя дакументы) шляхам.
Запазычаная лексіка звычайна захоўвае свае фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці, таму мы можам пазнаць, з якой мовы запазычана тое ці іншае слова. Так, напрыклад, пачатковыя гукі [а], [э] (аршын, эпас, эпоха), пачатковы [ф] (фаза, фантазія), спалучэнні зычных [кс], [ск], [пс], [мп] у сярэдзіне слова (эліпс, дыск, сімптом), прыстаўкі а-, анты-, архі-, контр-, пачатковыя часткі складаных слоў бія- (біё-), геа- (гео-), філа- (філо-), суфіксы -ад-, -ік- (-ык-), -іск- з’яўляюцца прыметай, што слова прыйшло да нас з грэчаскай мовы, спалучэнні [шт], [шп], [хт] (муштра, штаб) — з нямецкай, спалучэнні бю, пю, вю, фю (гравюра, бюлетэнь, капюшон, фюзеляж), канцавы націскны галосны (бюро, пано, кашнэ) — з французскай, а пачатковае дж (джынсы, джаз), канцавыя спалучэнні -інг / -ынг (брыфінг, спінінг), частка -мен (спартсмен, бізнесмен, джэнтльмен) — з англійскай.
Значную частку запазычаных слоў у беларускай мове складаюць інтэрнацыяналізмы — словы, аднолькавыя ці блізкія па гучанні і значэнні, якія ўжываюцца не менш чым у трох няроднасных мовах: напрыклад, беларуск. тэатр, балг. театър, ням. das Theater, англ. theatre, ісп. teatro.
Для слоў-інтэрнацыяналізмаў характэрны прыстаўкі і часткі а-, анты-, архі-, аква-, археа-, аэра-, бія- (біё-), контр-, рэ-, тэле-, полі-, хрона- (храна-), фота-, інтэр- і некаторыя іншыя: алгарыфм, антыдэмакратыя, архіважны, антракт, археалогія, контратака, рэалізацыя, біялогія, паліклініка, фотаапарат, храналогія і г. д.
Найбольшая колькасць інтэрнацыянальных слоў сустракаецца сярод тэрмінаў, бо людзі адной або блізкай спецыяльнасці павінны без асаблівых складанасцей разумець адно аднаго.
Практыкаванне № 2
Раскрыйце сэнс запазычаных слоў. Пры неабходнасці карыстайцеся тлумачальным слоўнікам або слоўнікам іншамоўных слоў А. Булыкі (2005).
Менталітэт, дэ-факта, абітурыент, аншлаг, турнэ, анархія, брыфінг, вернісаж, жалюзі, эвалюцыя, фальсіфікацыя.
Практыкаванне № 3
Запішыце словы па-беларуску. Растлумачце напісанне галосных у запазычаных словах.
Аудитория, лауреат, аукцион, студент, антикварный, ателье, дефект, пьедестал, травма, диктатура, режиссёр, президиум, фехтование, автономия, сословие, одеколон, интермедия, диспетчер.
Практыкаванне № 4
Да запазычаных слоў з левага слупка падбярыце сінонімы з правага, запішыце парамі.
1) афіша 2) калекцыянер 3) унікальны 4) манатонны 5) анархія 6) біяграфія 7) алегарычны 8) прэзент |
а) аднастайны б) іншасказальны в) падарунак г) збіральнік д) выключны е) беспарадак ж) жыццяпіс з) аб’ява |
Практыкаванне № 5
Падбярыце і запішыце запазычаныя словы з прыведзенымі часткамі.
Контр-, анты-, дэз-, а-, рэ-.
Практыкаванне № 6
Знайдзіце памылкі ва ўжыванні запазычаных слоў.
Запішыце выпраўленыя сказы.
Растлумачце прычыну памылак.
1. Многія віды раслін і жывёл, арэол распаўсюджвання якіх скараціўся, знаходзяцца пад пагрозай знікнення.
2. Добрае веданне ўмоў жыцця сваіх герояў дазваляе пісьменніку выбіраць дэталі самыя каларыйныя і трапныя.
3. Завершана рэстарацыя помніка старажытнай архітэктуры.
4. Пасля заканчэння сустрэчы Васіль Зуёнак распісаўся аўтографам на кнігах.
5. Раман «На ростанях» з’яўляецца трылогіяй беларускага жыцця.
Практыкаванне № 7
Прачытайце тэкст, дайце яму загаловак.
У гісторыі ёсць свая «мова». Гэта «мова Зямлі», або геаграфічныя назвы, тапонімы (ад грэчаскіх слоў topos — месца і onoma / onyma — імя, назва). Здараецца так, што нават за адным толькі словам — назвай адпаведнага месца — стаяць надзвычай захапляльныя гістарычныя падзеі. Яны толькі да часу схаваны ад вачэй, як быццам тыя рэшткі старажытнагас жытла, знайсці якія заўсёды марыць археолаг. Менавіта тапонімы часам даносяць да нас такія звесткі, якія не заўсёды дадуць найлепшыям археалагічныя знаходкі. Справа ў тым, што геаграфічныя імёны, асабліва старажытныя, уяўляюць сабой сабраны ў адно слова, зашыфраваны ў мінуўшчыне «тэкст». У гэтым тэксце ёсць тры роды інфармацыі. Інфармацыя першага роду — уласна лінгвістычная, якая дазваляе зразумець моўную прыналежнасць назвы і яе будову. Другая — інфармацыя энцыклапедычная, якая дае магчымасць зразумець падрабязнасці нараджэння слова, расказвае аб гістарычных і геаграфічных умовах яго першапачатковагасл існавання. Інфармацыя трэцяга роду — сітуатыўная — апавядае пра адносіны тых, хто даваў імя, да аб’екта, яго назвы. Яна дапамагае даследчыку ўзнавіць сітуацыю, у якой носьбіты пэўнай мовы выбіралі слова для наймення адпаведнай мясцовасці ці аб’екта на ёй.
Назвы — гэта неад’емная частка нашай спадчыныф, своеасаблівы сімвал, у якім спалучаюцца гістарычныя здабыткі і светапоглядс народа, гэта той таямнічы запіс, які апавядае нам пра мінулыя падзеі і здарэнні. Яны такі ж помнік нашай гісторыі, як і высечаныя з граніту манументы і абеліскі. Нездарма першыя айчынныя тапанімісты яшчэ ў ХІХ стагоддзі называлі геаграфічныя імёны «мовай Зямлі». Гэта метафарычнае абазначэнне ўпершыню выкарыстаў выдатны вучоны М. І. Надзеждзін, які ў адной са сваіх прац заўважыў: «Тапаніміка — гэта мова Зямлі, а Зямля ёсць кніга, дзе гісторыя чалавечая запісваецца ў геаграфічнай наменклатуры» (Паводле А. Рогалева).
Выпішыце з тэксту словы іншамоўнага паходжання, раскрыйце іх лексічныя значэнні. Пры неабходнасці карыстайцеся «Слоўнікам іншамоўных слоў» А. М. Булыкі (1999).
Па якіх прыметах вы вызначылі, што выпісаныя вамі словы запазычаны з іншых моў? Пры адказе на гэта пытанне можаце карыстацца інфармацыяй, змешчанай у табліцы, што пададзена ніжэй. Прывядзіце прыклады беларускіх тапонімаў, якія «ўяўляюць сабой сабраны ў адно слова, зашыфраваны ў мінуўшчыне “тэкст”». Па магчымасці раскрыйце закадзіраваную ў гэтых геаграфічных назвах уласна лінгвістычную, энцыклапедычную і сітуатыўную інфармацыю. Можаце выкарыстаць прыведзены ніжэй абразок Ф. Янкоўскага «Гарывада».
Гарывада
У адной інфармацыі паведамлялі: «Людзі стагоддзямі жылі, хадзілі і не здагадваліся, што тут у нас пад нагамі цудоўнае паліва — нафта... »
Што з нафты цудоўнае паліва — праўда; што з нафты не толькі паліва — праўда; што толькі нядаўна сталі здабываць пад Рэчыцай нафту — праўда. Але наконт «хадзілі і не здагадваліся”»?.. А вёску назвалі — Гарывада! І не сёння, і не ўчора, і не летась, і не пазалетась...
Інфарматар не захацеў (не скажу: не ўмеў) пачуць назву вёскі Гары-вада (Ф. Янкоўскі).
Крыніца запазычання | Асноўныя прыметы запазычанняў |
Неславянскія мовы |
• пачатковае спалучэнне дж: джынсы, джаз; частка складанага слова -мен: спартсмен, бізнесмен; спалучэнні -ер/-ёр/-эр/-ар на канцы слова: баксёр, дыспетчар (англ.); • спалучэнні бю, фю, пю, ею: бюлетэнь, капюшон, гравюра; спалучэнні уа, уэ: дуэль, мемуары, буржуа; націск на канцавых галосных: панó, бюрó, кашнэ' (франц.); • спалучэнні [шт], [шп], [хт] у пачатку ці сярэдзіне слова: штаб, шахта, вахта, муштра (ням.); • пачатковыя гукі [э], [а]: эпоха, эпас, аптэка; гук [ф] у пачатку слова: фізіка, фтор, фаза; спалучэнні галосных: біялогія, геаграфія, геаметрыя, дыялект (грэч.); • часткі складаных слоў аква-, аэра-, контр-, рэ-: акваланг, аэразоль, рэканструкцыя, контратака (лац.). |
Славянскія мовы |
• спалучэнні ен (эн), ён (он): маёнтак; спалучэнні дл, тл: рыдлёўка, тлусты, тлум: гук [ц] на месцы ўсходнеславянскага [ч]: моцны, цудоуны, цотны (польск.); • словы без змен ці са зменай марфалагічнай будовы (да каранёў дадаваліся беларускія суфіксы, прыстаўкі): вопыт, дагавор, дваранін; плошча, выключны, адсутнасць (руск.). |