ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Лірычны герой, лірычнае «я» і аўтар
Лірычны герой, лірычнае «я» і аўтар
Лірычны герой, лірычнае «я» і аўтар
Лірычны герой — мастацкі вобраз, ад імя якога вядзецца гаворка ў вершы (вобраз аўтара, але не сам аўтар), асноўная дзейная асоба паэтычнага твора, чые рысы характару, светапогляд і біяграфічныя факты паўтараюцца ў тэкстах пэўнага цыкла, кнігі або творчасці паэта ў цэлым. |
Лірычны герой надзелены ўстойлівымі асобаснымі характарыстыкамі, мае адметны, індывідуальны воблік і непаўторны лёс, фарміруецца на працягу ўсёй творчасці паэта. У творах лірычны герой дзейнічае, стварае пэўныя сітуацыі, гаворыць пра сябе. Лірычны герой знаходзіцца ў цеснай сувязі з аўтарам, але іх нельга атаясамліваць нават пры супадзенні біяграфічных фактаў. Не ў кожнага аўтара ёсць лірычны герой (напрыклад, яго няма ў Алеся Разанава).
У вобразе лірычнага героя можа адлюстроўвацца светапогляд паэта, яго духоўны і жыццёвы вопыт, перажыванні, рысы характару. Так, асабісты франтавы вопыт Пімена Панчанкі ўвасобіўся ў вобразе лірычнага героя яго ваенных вершаў — патрыятычна настроенага маладога чалавека, захопленага думкай пра родны край, ідэяй яго вызвалення, неабыякавага да прыгажосці свету насуперак страшным рэаліям вайны.
Вобраз лірычнага героя можа змяняцца ад верша да верша, спасцігацца чытачом паступова. У 1970-я гады лірычны герой паэзіі Пімена Панчанкі паўставаў непрымірымым да грамадскіх заган і маральных хібаў максімалістам, у пачатку 1990-х яго пазіцыя стала яшчэ больш катэгарычнай і безапеляцыйнай. Лірычны ж герой усёй паэзіі Пімена Панчанкі — гэта шчыры, сумленны чалавек, які сцвярджаў хараство жыцця і актыўна змагаўся з яго заганамі.
Лірычная гераіня Яўгеніі Янішчыц амаль тоесная самой пісьменніцы. Кажучы «...яшчэ бяжыць дзяўчынка // Па кладцы той, якой даўно няма», дарослая расчараваная лірычная гераіня адсылала чытача да вобраза кладкі, на якой саму паэтку сфатаграфаваў пры першай сустрэчы будучы муж.
Вельмі часта розніца паміж аўтарам і лірычным героем абумоўлена рэаліямі літаратурнага працэсу. Лірычны герой Гаўрылы з Полацка (Алаізы Пашкевіч) — мужчына. А Янка Купала разумеў, што блізкі да яго лірычны герой, шляхетны, далікатны, не быў бы запатрабаваны рэвалюцыйным ХХ стагоддзем і беларускім масавым чытачом так шырока, як герой-селянін.
Лірычнае «я» — мастацкі вобраз, што выяўляецца ў асобных вершах аўтара і выражае пэўны светапогляд, які не абавязкова падзяляе сам аўтар і які можа не адносіцца да канкрэтнай асобы, у тым ліку аўтарскай. Пры паўтарэнні ў цыкле вершаў або ўсёй творчасці паэта можа аформіцца ў лірычнага героя. |
Лірычны герой у творчасці аўтара паўтараецца і развіваецца, а лірычнае «я» можа быць выпадковым, аднаразовым, тыповым для пэўнага часу, выкліканым літаратурнай модай. Лірычныя «я» аднаго і таго ж паэта могуць супярэчыць адно аднаму.
Уладзімір Дубоўка, які нарадзіўся ў 1900 годзе, пісаў: «Закладалі падмурак дзяржавы сваёй // мы нядаўна, ў сямнаццатым годзе…» У 1917 годзе паэт вучыўся ў Новавіленскай настаўніцкай семінарыі, а ў творы выражаны тыповы для тых часоў светапогляд. Часта лірычнае «я» (або лірычнае «мы») выяўляецца ў ваеннай лірыцы, як, напрыклад, у Максіма Танка: «Мы адступалі, падпаліўшы // свае сядзібы і зямлю». Лірычнае «я» верша Анатоля Вярцінскага «Два полі» апавядае пра салдата, а паэт у часы вайны быў дзіцём.
Аўтар — рэальная асоба, якая стварыла мастацкі тэкст.. |
Аўтар з’яўляецца носьбiтам пэўных поглядаў на свет, мастацкіх прынцыпаў (пісьменніца-мадэрністка, паэт-маладняковец). Аўтар можа карыстацца псеўданімам і выбудоўваць вакол яго новую асобу з выдуманай біяграфіяй (Мацей Бурачок). Аўтар гаворыць у вершы праз лірычнага героя або праз лірычнае «я». Пры гэтым займеннікі «я» і «мы» ў паэтычным творы могуць мець дачыненне як да лірычнага героя, так і да лірычнага «я» ў залежнасці ад пастаўленай аўтарам творчай задачы.