§33–6. Сінаніміка службовых часцін мовы. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля службовых часцін мовы ў тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 4

 Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль.

Спосабы прагназавання надвор’я на кароткія прамежкі часу

Аснову народных ведаў беларусаў складаюць у рознай ступені сістэматызаваныя назіранні за з’явамі навакольнага свету.

На ўсёй т..рыторыі Беларусі прызнаным ар..нцірам для вызначэн..я з..мен надвор’я (на)працягу сутак з’яўлялася назіран..е за рознымі прыроднымі аб(?)ектамі і з(?)явамі. Кар..ткатэрміновыя метэаралагічныя прагнозы рабіліся на падставе назіран..яў за ..сходам і заходам сонца ўвага з..вярталася на працягласць ранішняга і вячэрняга золаку колер сонца яго прамянёў наяўнасць аблокаў.сн

Калі сонца заходзіла ў хмару ці станавілася бледным пры заходзе, назаўтра чакалі дажджу: «Сонца нібы вялае – на дождж». Сапраўды, воблачныя масы, за якімі хавалася пры заходзе сонца, на другі дзень маглі апынуцца ў раёне назірання, таму гэтыя прыкметы часцей за ўсё спраўджваліся. Не выклікаюць сумнення ў сваёй рацыянальнасці і наступныя народныя высновы: «Калі сонца свеціць асабліва ярка, то хутка будзе дождж», «Калі сонца заходзіць хутчэй звычайнага, то ноччу будзе дождж». Апошняе выклікана тым, што пры вялікай вільготнасці паветра сонца на захадзе здаецца вялікім і ствараецца ўражанне, што яно заходзіць хутчэй звычайнага.

Назіралі таксама за небам, за воблакамі. Калі пры ясным надвор’і неба пачынала бялець, хмурыцца і не выпадала раса, то гэта паказвала на дрэннае надвор’е, на дождж.

Непадрыхтаваны назіральнік не ведаў, што такое цыклон, але ён бачыў не раз, што з’яўленне ярка-чырвонага сонца, чырвонага золаку пры заходзе сонца заўсёды прадказвае пагаршэнне надвор’я летам: «Калі пры заходзе сонца неба пачырванее, то будзе вельмі ветрана»; «Калі пасля заходу сонца пачырванеюць хмары на ўсходзе, то будзе абложнае ліхое надвор’е».

Прадказвалі надвор’е па воблаках і хмарах, якія з’яўляліся ў пэўны час дня, па вясёлцы: «Калі рана на захадзе стаіць хмара, то будзе дождж»; «Вясёлка раніцай паказвае, што будзе непагадзь, вясёлка пасля абеду гаворыць аб ясным надвор’і» (Паводле К. Шумскага).

 Раскрыйце значэнні слоў золак, цыклон.

Спішыце другі абзац тэксту, раскрываючы дужкі, устаўляючы, дзе трэба, прапушчаныя літары і расстаўляючы знакі прыпынку.

Выпішыце з тэксту словазлучэнні з прыназоўнікамі. Вызначце разрады прыназоўнікаў паводле паходжання і паводле будовы.

Назавіце злучнікі, ужытыя ў тэксце, вызначце іх разрад паводле значэння. Што яны звязваюць? Якія злучнікі паводле стылістычнай афарбоўкі?

Назавіце ўжытыя ў тэксце часціцы, вызначце іх разрад паводле значэння. Чаму ў тэкстах навуковага і афіцыйнага стылю не могуць ужывацца эмацыянальна-экспрэсіўныя часціцы?

Растлумачце напісанне выдзеленых слоў.

 Карыстаючыся даведачнай літаратурай ці інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне пра вызначэнне надвор’я на працяглы прамежак часу па народных прыкметах.