§33–6. Сінаніміка службовых часцін мовы. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля службовых часцін мовы ў тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 2

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль і тып. Што перадае загаловак: тэму ці асноўную думку тэксту?

Вярбовыя сонейкі

Лес рыхту..цца да абуджэн..я. Пупышкі на бярозах гатовы вось(вось) ра..пус..іцца, выс..вечваюць лё..кай зелянінай. Праз вяршаліны дрэў сінее  чыстае неба. Цеплыня. (Н..)подыху ветрыку. (Н..)шолаху галін.

Ногі самі н..суць мяне ..ніз па схіле пагорка. Лед..ь пасп..ваю іх пераста..ляць.

Альхоўнік яшчэ не збіраецца зелянець, толькі злёгку кранула яго вясна светла-рудым адзеннем, і на гэтым цёмным фоне альшын раптам заўважаю яркую пляміну. Здаецца, само сонейка скочыла з нябёсаў. Гэта шыкоўна і радасна распусціў свае коцікі вербалоз. Тут адзін куст, далей – другі, трэці. З майго пагорка яны нагадваюць цудоўны дарагі ланцужок на грудзях роднай зямлі.

Збягаюф ўніз. Прыгажосць якая! Коцікі вялізныя, амаль з курынае яйка. Так і свецяцца, так і ззяюць. Ад прыемнага водару дыханне перахоплівае. Патокамі плыве ён наўкола, прываблівае насякомых. Нездарма ж тут круціцца столькі пчол. Гэта ж трэба! У такую вясновую рань яны прачнуліся ад зімовага сну. Шчыруюць, збіраюць пылок, носяць яго да свайго жытла.

Загудзела ў паветры. Няўжо і чмялі прачнуліся? Вялізны чмель спікіраваў з-пад вярхоў хваін проста на суседні куст вербалозу. Цяжкі, коцікі аж прыгінаюцца пад ім.

Па сцяжынцы набліжаюцца хлопчык і дзяўчынка. Ім гадоў па сем. Відаць, брацік з сястрычкаю. Убачылі, што я тапчуся вакол вербалозу, нешта фатаграфую, спыніліся, нясмела падышлі.

– Прыгожыя коцікі? – пытаюся ў іх. – І чмель прыгожы?

– Прыгожыя, – чую няўпэўнены адказ.

Бачу, як цяплеюць дзіцячыя вочы.

Цяпер разам любуемся коцікамі, назіраем за насякомымі, што наведваюцца да вербалозу. Мне прыемна, што так радасна ўспрымаюць дзеці прыгажосць роднай прыроды (Паводле В. Жушмы).

Як вы думаеце, чаму кусты вербалозу нагадваюць аўтару дарагі ланцужок?

Спішыце першы і другі абзацы тэксту, раскрываючы дужкі і ўстаўляючы, дзе трэба, прапушчаныя літары.

Выпішыце словазлучэнні з прыназоўнікамі. Замяніце прыназоўнікі, дзе магчыма, сінанімічнымі. Запішыце ўтвораныя словазлучэнні.

Выпішыце злучнікі, вызначце іх разрад паводле значэння. Якая іх роля ў тэксце?

Выпішыце часціцы. Вызначце іх разрады паводле значэння і функцыю ў тэксце.

 Вызначце, да якой часціны мовы адносяцца выдзеленыя словы.