§ 33–2. Марфалагічныя нормы: ужыванне прыназоўнікаў у словазлучэннях, якія адлюстроўваюць асаблівасці кіравання ў беларускай мове

Практыкаванне 345

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Што перадае загаловак: тэму ці асноўную думку тэксту?

Звоняць званы Хатыні

Расходзіцца белая заслона бяроз — і перад наведвальнікам паўстае высокая чорная фігура «Няскоранага чалавека». Стары, прататыпам якога стаў Іосіф Камінскі, што выжыў цудам, у вобразе забітага сы­на выносіць насустрачм нам гора і трагедыю ўсёй краіны. Справа — сімвалічная страха гумна, у якім зажыва згарэлі жыхары вёскі. Злева — брацкая магіла загінуўшых з вянком памяці. Без па­пярэджванняў мы адразу ж трапляем на месца трагедыі. Па агульнапрынятым стандарце любы мастацкі твор кульмінацыяй не пачынаецца, а заканчваецца. У Хатыні гэты стандарт парушаны. І парушылі яго не столькі аўтары праекта — архітэктары Юрый Градаў, Валянцін Занковіч, Леанід Левін і скульптар Сяргей Селіханаў, колькі сама гісторыя. Хіба па­пя­рэдзіў хто жыхароў вёскі пра тое, што іх чакала 22 сакавіка 1943 го­да? Усё адбылося знянацку...

Словы тут не патрэбны. Замест экскурсавода пра трагедыю Ха­тыні расказваюць званы на абелісках-комінах, адкрытыя брамкі, вянцы зрубаў, пералічаныя імёны вяскоўцаў. Усяго 149 чалавек, з іх 75 дзяцей.

Помнік-дакумент — так называюць мемарыяльны ансамбль «Хатынь». І гэты дакумент сведчыць пра трагедыю не толькі Хатыні. Ідучы па галоўнай алеі мемарыяла, наведвальнік трапляе на сімвалічныя «Могілкі вёсак». 185 беларускіх вёсак раздзялілі лёс Хатыні — згарэлі і не адрадзіліся пасля вайны. Хатынь — 186-я (Паводле Л. Мінаковай).

Калі адбылася трагедыя ў Хатыні? Хто аўтары мемарыяльнага ансамбля «Хатынь»? Як яшчэ называюць гэты мемарыяльны комплекс? Чаму?
Выпішыце з тэксту прыназоўнікі разам са словамі, да якіх яны адносяцца. Вызначце склон, з якім яны ўжыты. Назавіце спецыфічныя беларускія прыназоўнікавыя словазлучэнні.