§ 33–2. Марфалагічныя нормы: ужыванне прыназоўнікаў у словазлучэннях, якія адлюстроўваюць асаблівасці кіравання ў беларускай мове

Практыкаванне 344

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль, тэму і асноўную думку.

Вялікі каньён

Зусім не абавязкова ляцець праз паўсвету, каб убачыць Вялікі каньён. Ён ёсць у Мікашэвічах, што за дваццаць кіламетраў ад Лунінца. Гэта кар’ер найбуйнейшага ў Еўропе прадпрыемства па здабычы каменю — «Граніт». Глыбіня — каля ста сарака метраў, перыметр большы за тры кіламетры. Пейзаж касмічны — нагрувашчванне камянёў усіх памераў і адценняў: ад пяшчотна-ружовага да чорнага. Вострыя скалы і горныя вадаспады. А па дарогах перасоўваюцца гіганцкія самазвалы, якія з вышыні агляднай пляцоўкі нагадваюць дзіцячыя цацкі (Паводле Г. Курак).

Выпішыце словазлучэнні, якія перадаюць асаблівасці кіравання ў беларускай мове. Падкрэсліце прыназоўнікі, вызначце склон, з якім яны ўжываюцца.
• Растлумачце напісанне слоў з вялікай літары.
 Карыстаючыся спецыяльнай літаратурай ці інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне пра Вялікі каньён — адзін з самых глыбокіх каньёнаў у свеце.