§ 33–2. Марфалагічныя нормы: ужыванне прыназоўнікаў у словазлучэннях, якія адлюстроўваюць асаблівасці кіравання ў беларускай мове

Практыкаванне 339

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Падбярыце загаловак у адпа­вед­насці з асноўнай думкай тэксту.

Узімку, калі дні становяцца карацейшымі, а сонца паказваецца не так часта, без штучнага асвятлення ні дома, ні ў школе, ні на працы абысціся немагчыма. Аднак нават у такі час можна крыху сэканоміць на электраэнергіі і знізіць нагрузку на прыроду. Трэба ўсяго толькі выбраць правільныя лямпачкі.

Сёння існуюць чатыры віды лямпаў: напальвання, люмінесцэнт­ная, святлодыёдная і галагенная. Апошняя ў быце амаль не выкары­стоў­ваецца.

Цікава, што лямпачка напальвання з’явілася яшчэ ў XIX стагод­дзі, але да гэтага часу не страчвае папулярнасці сярод спажыўцоў. Прычына даволі простая: такая лямпачка вельмі танная. І ў некаторым сэнсе яе можна назваць нават экалагічнай, таму што робяць яе са шкла і металу — кампанентаў, бяспечных для навакольнага асяроддзя. Яна не патрабуе ніякай спецыяльнай утылізацыі*. Тым не менш назваць такую лямпачку цалкам «зялёнай» нельга, бо яе эфек­тыўнасць пры магутнасці ў 100 Вт складае не больш за 10 %. Астатняя спажытая энергія расходуецца ў выглядзе цяпла і выпраменьвання ў нябачным для чалавека ІЧ-дыяпазоне. Сярэдні тэрмін службы сучаснай лямпачкі напальвання складае 1 тысячу гадзі´н. Для параўнання: у свят­лодыёднай ён у 35 разоў большы.

Дарэчы, над святлодыёднымі лямпамі навукоўцы пачалі працаваць яшчэ ў пачатку XX стагоддзя. Але ў масавую вытворчасць яны ўвайшлі толькі ў 2000-я гады. Цяпер такія лямпы лічацца найбольш энергаэфектыўнымі і даўгавечнымі, бо могуць выкарыстоўвацца да 50 тысяч гадзі´н. Яны нетаксічныя і не патрабуюць спецыяльнай утылізацыі. Нягледзячы на ўсе перава­гі святлодыёдных лямпаў у па­раў­нанні з іншымі відамі штучнага асвятлення, іх распаўсюджанне стрым­лівае адзін немалаважны фактар — высокі кошт. Аднак спе­цыя­лісты сцвярджаюцьф, што такія лямпачкі вельмі хутка акупляюцца.

І святлодыёдныя, і галагенныя, і лямпы напальвання не ўтрым­лі­ваюць у сабе ніякіх шкодных рэчы­ваў, у адроз­ненне ад люмінесцэнт­ных, якія доўгі час лічыліся вельмі экалагічнымі.

Сапраўды, яны дазваляюць эканоміць электраэнергію, яны больш танныя за святлодыёдныя. Аднак у адной такой стандарт­най лямпе змяшчаецца ад 3 да 5 мг ртуці, якая пры разбурэнні або пашкоджанні колбы можа выклікаць цяжкае атручэнне. Менавіта таму іх нельга выкідаць разам з агульным смеццем. Такія лямпы неаб­ходна змя­шчаць у спецыяльныя кантэйнеры, адкуль іх потым забі­раюць на абяс­шкоджванне.

Такім чынам, трэба ведаць не толькі тэхнічныя характарыстыкі лямпачак, але і тое, як правільна іх утылізаваць (З часопіса «Родная прырода»).

Якія віды лямпачак існуюць? Якія лямпачкі вы параіце выкарыстоўваць аднакласнікам (бацькам, знаёмым)? Пракаменціруйце свой выбар.
Выпішыце з тэксту прыназоўнікі разам са словамі, да якіх яны адносяцца. Вызначце разрад прыназоўнікаў паводле будовы.
Назавіце спецыфічныя для беларускай мовы прыназоўнікавыя словазлучэнні.
 Растлумачце напісанне выдзеленых слоў.
 Карыстаючыся спецыяльнай літаратурай ці інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне пра галагенныя лямпачкі.