§ 0-28. Прыметнік: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Разрады прыметнікаў паводле значэння. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля прыметнікаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў

Практыкаванне № 259-1

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль і тып. Абгрунтуйце сваю думку. Падбярыце да тэксту загаловак у адпаведнасці з асноўнай думкай.

Ах, гэта мележаўская ўсмешка!

Прыязная, іранічная, загадкавая, сарамлівая, кплівая, цёплая, хітраватая, задумлівая, шматфарбная і шматзначная, але заўсёды чалавечная, неабразлівая.

Такой усмешкі ні ў кога не было — адразу і так многа таноў, паўтаноў, адценняў, як у той вясёлцы, што летнім днём перакідваецца праз ціхую задуменную Прыпяць.

Усмешка — водбліск душы. Пустая душа — пустая ўсмешка. У Мележа ўсмешка была таленавітая, шчырая. Яна сагравала прыязнасцю і тады, калі азмрачалася самотай...

Смех — разра..ка. Ён а..ключае чалавека хоць на імгненне ад напружанай працы мозг.. . Ды нават і тады, калі Мележ см..яўся ад ўсяе душы, з ягонага твар.. — во дзіва! — не знікала напружанасць думкі. Усмешка нібы па..крэслівала гэту напружанасць — можа, таму і была вінаватая, сарамлівая? — а думка надавала ёй закл..почаную сталасць (А. Асіпенка).

Якой вам уяўляецца мележаўская ўсмешка? Чаму аўтар сцвярджае, што «ўсмешка — водбліск душы»? Якія колеры вы падабралі б, каб ахарактарызаваць усмешку свайго сябра? Растлумачце чаму?
Спішыце апошні абзац тэксту, устаўляючы прапушчаныя літары. Абгрунтуйце пастаноўку знакаў прыпынку.
Значок “Творчае” Назавіце кантэкстуальныя сінонімы, якія дапамаглі аўтару апісаць усмешку Івана Мележа. Зрабіце камплімент блізкаму вам чалавеку, выкарыстаўшы названыя прыметнікі.
• Выпішыце з тэксту вытворныя абстрактныя назоўнікі, растлумачце, як яны ўтварыліся.