§ 29. Чытанне чарцяжоў дэталей на аснове аналізу формы і іх прасторавага размяшчэння

Дэталяванне.

Пасля чытання чарцяжа агульнага выгляду і зборачнага чарцяжа выконваюцца чарцяжы асобных дэталей, якія ўваходзяць у выраб. Гэты працэс называецца дэталяваннем.

Дэталяванне — працэс выканання па чарцяжы агульнага выгляду чарцяжоў асобных дэталей (рыс. 101).

Працэс деталявання прадугледжвае ўмоўны падзел вырабу на асобныя дэталі і выкананне чарцяжоў кожнай з іх. Любы выраб складаецца з арыгінальных дэталей, прызначаных для дадзенага вырабу, і стандартных. У працэсе дэталявання выконваюцца чарцяжы толькі арыгінальных дэталей. На стандартныя дэталі чарцяжы выконваць не трэба, бо гэтыя дэталі вырабляюцца на прадпрыемствах.

Прааналізуйце чарцёж на рысунку 99. Вызначыце, якія дэталі з’яўляюцца арыгінальнымі, а якія — стандартнымі.

Пры выкананні дэталявання рэкамендуецца выконваць наступны парадак
1. Чытанне зборачнага чарцяжа.
2. Мысленнае раздзяленне вырабу на асобныя дэталі, з якіх ён складаецца.
3. Вызначэнне дэталей, чарцяжы якіх трэба выканаць. Пачынаць дэталяванне мэтазгодна з простых па форме дэталей, бо мысленнае выдаленне гэтых дэталей палегчыць вызначэнне формы больш складаных.
4. Вызначэнне неабходных відарысаў, якія патрэбны для чарцяжа кожнай дэталі.

Памятайце! Колькасць відарысаў павінна быць мінімальнай, але дастатковай для поўнага вывучэння формы і памераў дэталі.

5. Выбар маштабу відарысаў. У працэсе дэталявання трэба арыентавацца на памер дэталей. Невялікія дэталі, асабліва складанай формы, адлюстроўваюць у большым маштабе.
6. Кампаноўка і паслядоўная пабудова відарыса. На чарцяжах дэталей адлюстроўваюць тыя элементы, якія на зборачным чарцяжы не паказваюць ці паказваюць спрошчана.
7. Нанясенне памераў. Іх вымяраюць на відарысах зборачнага чарцяжа з улікам маштабу.
Кожную дэталь чэрцяць на асобным фармаце. На чарцяжах выконваюць асноўны надпіс. Даныя для асноўнага надпісу (назва дэталі, матэрыял) бяруць са спецыфікацыі зборачнага чарцяжа.