§ 29. Чытанне чарцяжоў дэталей на аснове аналізу формы і іх прасторавага размяшчэння

Чытанне чарцяжоў

Парадак чытання чарцяжа агульнага выгляду і зборачнага чарцяжа падобныя паміж сабой. Прачытаць чарцёж агульнага выгляду (зборачны чарцёж) — гэта значыць высветліць будову адлюстраванага вырабу, вызначыць яго прызначэнне і прынцып работы, а таксама працэс яго зборкі і разборкі. Чытанне чарцяжоў агульнага выгляду і зборачных чарцяжоў выконваюць у пэўнай паслядоўнасці.
Правілы чытання чарцяжа агульнага выгляду і зборачнага чарцяжа
1. Азнаямленне з асноўным надпісам.
2. Азнаямленне з відарысам. Устанаўліваюць прызначэнне і прынцып работы вырабу, яго тэхнічныя характарыстыкі, патрабаванні да эксплуатацыі. Вызначаюць, якія на чарцяжы маюцца выгляды, разрэзы, сячэнні. Высвятляюць становішча сякучых плоскасцей, з дапамогай якіх выкананы сячэнні і разрэзы.
3. Вывучэнне састаўных частак вырабу. Вызначаюць па спецыфікацыі назвы дэталей, знаходзяць іх на відарысе (на выглядзе, разрэзе). Параўноўваючы відарысы кожнай дэталі, вызначаюць яе форму.
4. Вывучэнне канструкцыі вырабу. Высвятляюць, як звязаны адна з адной дэталі, знаходзяць крапежныя дэталі (для раздымных злучэнняў).
5. Азнаямленне з іншымі звесткамі (памерамі, надпісамі, умоўнымі абазначэннямі).
6. Вызначэнне характару ўзаемадзеяння састаўных частак вырабу, іх функцыянальных асаблівасцей і ўзаемадзеяння.

7. Вывучэнне формы і становішча пэўнай дэталі, вызначэнне яе нумара на чарцяжы і ў табліцы (спецыфікацыі). Пры гэтым неабходна ўлічваць агульную канструкцыю вырабу, праекцыйную сувязь відарысаў, а таксама напрамак штрыхоўкі.
8. Вызначэнне працэсу зборкі і разборкі вырабу.

 

Для прыкладу разгледзім парадак чытання чарцяжа агульнага выгляду ручкі (рыс. 98, 99)

1-ы этап. Назву вырабу можна знайсці ў адпаведнай графе асноўнага надпісу чарцяжа, яна раскрывае і прызначэнне дэталі. Так, у нашым выпадку на зборачным чарцяжы адлюстравана дзвярная ручка ў маштабе 1:1.
2-і этап. Прызначэнне ручкі: аксесуар для ручнога адчынення дзвярэй. Устанаўліваецца шляхам укручвання вінтоў у адпаведныя адтуліны ў аснове. На чарцяжы прадстаўлены два відарысы: галоўны выгляд і выгляд зверху. Галоўны выгляд выяўляе канструкцыю ручкі 2 і асновы 1. Выгляд зверху дазваляе выявіць форму асновы, адтулін у ёй, форму ручкі і форму адтуліны ў ёй для вінта 4.

3-і этап. Выраб складаецца з арыгінальных дэталей (рыс. 100). Кожная дэталь у колькасці 1 шт.
4-ы этап. Злучэнне дэталей ручкі раздымнае, выканана пры дапамозе вінта М 8 і
шайбы.
5-ы этап. Габарытныя памеры: вышыня 60 мм, даўжыня 93 мм, шырыня 44 мм. Установачныя памеры паміж адтулінамі па даўжыні 55 мм, па шырыні 26 мм.
6-ы этап. Аснова — асноўная дэталь, на базе якой збіраецца ўся дзвярная ручка, а таксама мацуецца па месцы прызначэння.
Ручка — ключавая дэталь вырабу, таму што менавіта за яе мы бяромся, каб адчыніць дзверы. Кольца можа з’яўляцца як дэкаратыўным элементам, так і дэталлю, якая прадухіляе дэфармацыі ручкі.
Вінт — дэталь, з дапамогай якой дэталі збіраюцца ў адзіны выраб. Па абазначэнні вінта (Вінт М8 х 50 ДАСТ 10339-80) можна вызначыць, што вінт з патайной плешкай з дыяметрам разьбы 8 мм з буйным шагам разьбы даўжынёй 50 мм.
Шайба неабходна для прадухілення пашкоджанняў асновы ў час зборкі вырабу. Па абазначэнні шайбы (Шайба 8 ДАСТ 28848-90) можна вызначыць, што гэта шайба плоская, 8 у абазначэнні шайбы — гэта найменшы памер разьбы балта, устаўляемага ў адтуліну шайбы.
7-ы этап. Выраб складаецца з трох дэталей: асновы, ручкі і кольца (рыс. 101). Аснова ўяўляе сабой пласціну таўшчынёй 5 мм, у якой прасвідравана 5 адтулін: адна адтуліна мае разьбу М8 для мацавання ручкі, чатыры тэхналагічныя адтуліны для крапежных вырабаў. Па ўсім перыметры асновы выканана фаска шырынёй 1,5 мм. Ручка мае форму ўсечанага конуса, дыяметр у ніжняй асновы 26 мм, верхняй — 45 мм. У ручцы маецца адтуліна дыяметрам 9 мм для мацавання з дапамогай вінта. Адтуліна раззенкавана пад паўпатайную плешку шрубы. Ручка мае выступ для мацавання кольца. Кольца полае цыліндрычнай формы дыяметрам 21 мм.


8-ы этап. Выраб трэба разбіраць наступным чынам: выкручваем вінт 4 з асновы 1; аддзяляем ад ручкі 2 спачатку аснову 1, затым шайбу 5 і кольца 3; вымаем вінт 4 з адтуліны ў ручцы 2.