§ 24. Паняцце пра сячэнне. Выкананне і абазначэнне сячэнняў

Класіфікацыя сячэнняў

У залежнасці ад размяшчэння адносна выгляду прадмета, які адлюстроўваецца на чарцяжы, адрозніваюць вынесеныя і накладзеныя сячэнні (рыс. 77). 

На ваш погляд, якія сячэнні належаць да вынесеных, а якія да накладзеных? Выкарыстоўваючы рысунак 77, растлумачце, у чым іх асаблівасці.

Вынесенымі называюць сячэнні, размешчаныя па-за контурам відарысаў дэталі. Вынесенае сячэнне дапускаецца размяшчаць на свабодным полі чарцяжа. Яно можа быць змешчана:

  • непасрэдна ў праекцыйнай сувязі (рыс. 78, а);
  • на прадаўжэнні лініі сячэння (калі прадмет сіметрычны). Пры гэтым лінію сячэння паказваюць штрыхпункцірнай лініяй (рыс. 78, б);
  • у разрыве паміж часткамі выгляду; пры гэтым умоўны разрэз на выглядзе абмяжоўваюць тонкай хвалістай лініяй (рыс. 78, в).

Контур вынесенага сячэння абводзяць суцэльнай тоўстай асноўнай лініяй.

Выкарыстоўваючы рысунак 79, вызначыце, якія сячэнні выкананы правільна ў адпаведнасці з напрамкам погляду, паказаным стрэлкамі.

 

Накладзенымі называюць сячэнні, размешчаныя непасрэдна на выглядах чарцяжа і менавіта там, дзе праходзіць сякучая плоскасць (рыс. 80). Контур накладзенага сячэння абводзяць суцэльнай тонкай лініяй. Контурныя лініі выгляду ў месцы, дзе на яго накладваецца фігура сячэння, не павінны перарывацца.
Вынесеным сячэннем трэба аддаваць перавагу перад накладзенымі, бо апошнія зацямняюць выгляды чарцяжа і нязручныя для нанясення памераў.

.