§ 24. Паняцце пра сячэнне. Выкананне і абазначэнне сячэнняў
- У якіх выпадках абазначаюць франтальныя, гарызантальныя і профільныя разрэзы? Якой лініяй злучаюць частку выгляду і частку разрэзу?
- Вы даведаецеся: што такое сячэнне і для чаго яго выкарыстоўваюць, выгляды, правілы выканання і абазначэння сячэнняў на чарцяжах.
- Вы навучыцеся: выконваць і абазначаць сячэнні.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Чарчэнне. 10 клас |
Книга: | § 24. Паняцце пра сячэнне. Выкананне і абазначэнне сячэнняў |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Суббота, 21 Декабрь 2024, 20:47 |
Уступ
Любы чарцёж павінен даваць найбольш поўнае ўяўленне пра форму прадмета, які на ім адлюстроўваецца. Вам ужо вядома, як на чарцяжах адлюстроўваюць прадметы з дапамогай выглядаў і разрэзаў. Бываюць таксама іншыя відарысы, якія даюць магчымасць лепш зразумець форму прадмета. Да такіх відарысаў належаць сячэнні. Сячэнні найбольш часта ўжываюць для таго, каб паказаць папярочную форму прадмета і форму адтулін, паглыбленняў, зрэзаў і выразаў на паверхнях круглявых дэталей. Сячэнне можа з’яўляцца састаўной часткай разрэзу ці самастойным відарысам.
Сячэнне — відарыс фігуры, якая атрымліваецца пры мысленным рассячэнні прадмета сякучай плоскасцю.
На сячэнні паказваюць толькі тую фігуру, якая атрымліваецца ў сякучай плоскасці
Для атрымання сячэння прадмет мысленна рассякаюць сякучай плоскасцю ў тым месцы, дзе неабходна ўдакладніць форму прадмета (рыс. 76). У сякучай плоскасці атрымліваюць фігуру сячэння.
Лініі контуру прадмета, змешчаныя за сякучай плоскасцю, не паказваюць.
Растлумачце, у чым адрозненне сячэння ад разрэзу.
Класіфікацыя сячэнняў
У залежнасці ад размяшчэння адносна выгляду прадмета, які адлюстроўваецца на чарцяжы, адрозніваюць вынесеныя і накладзеныя сячэнні (рыс. 77).
На ваш погляд, якія сячэнні належаць да вынесеных, а якія да накладзеных? Выкарыстоўваючы рысунак 77, растлумачце, у чым іх асаблівасці.
Вынесенымі называюць сячэнні, размешчаныя па-за контурам відарысаў дэталі. Вынесенае сячэнне дапускаецца размяшчаць на свабодным полі чарцяжа. Яно можа быць змешчана:
- непасрэдна ў праекцыйнай сувязі (рыс. 78, а);
- на прадаўжэнні лініі сячэння (калі прадмет сіметрычны). Пры гэтым лінію сячэння паказваюць штрыхпункцірнай лініяй (рыс. 78, б);
- у разрыве паміж часткамі выгляду; пры гэтым умоўны разрэз на выглядзе абмяжоўваюць тонкай хвалістай лініяй (рыс. 78, в).
Контур вынесенага сячэння абводзяць суцэльнай тоўстай асноўнай лініяй.
Выкарыстоўваючы рысунак 79, вызначыце, якія сячэнні выкананы правільна ў адпаведнасці з напрамкам погляду, паказаным стрэлкамі.
Накладзенымі называюць сячэнні, размешчаныя непасрэдна на выглядах чарцяжа і менавіта там, дзе праходзіць сякучая плоскасць (рыс. 80). Контур накладзенага сячэння абводзяць суцэльнай тонкай лініяй. Контурныя лініі выгляду ў месцы, дзе на яго накладваецца фігура сячэння, не павінны перарывацца.
Вынесеным сячэннем трэба аддаваць перавагу перад накладзенымі, бо апошнія зацямняюць выгляды чарцяжа і нязручныя для нанясення памераў.
.
Абазначэнне сячэнняў.
Становішча сякучай плоскасці на чарцяжы паказваюць лініяй сячэння. Для гэтага ўжываюць разамкнутую лінію ў выглядзе двух штрыхоў. Напрамак, у якім трэба глядзець на ўяўную сякучую плоскасць, паказваюць стрэлкамі.
Сячэнне па пабудове і размяшчэнні павінна адпавядаць напрамку, паказанаму стрэлкамі.
Правілы абазначэння сячэнняў аналагічныя правілам абазначэння разрэзаў. Выкарыстоўваючы гэту інфармацыю, растлумачце, якім чынам абазначыць вынесенае сячэнне
Калі фігура сячэння сіметрычная, то вынесенае сячэнне можа размяшчацца на прадаўжэнні лініі сячэння, якую паказваюць штрыхпункцірнай лініяй. Стрэлкамі і літарамі такое сячэнне не абазначаюць (гл. рыс. 78, б, в). Калі сякучая плоскасць праходзіць праз вось паверхні вярчэння, якая абмяжоўвае адтуліну ці паглыбленне, то на фігуры сячэння контур адтуліны ці паглыблення ў сячэнні паказваюць цалкам (рыс. 81)
Для несіметрычных сячэнняў, размешчаных у разрыве выгляду (рыс. 82, а) ці накладзеных (рыс. 82, б), лінію сячэння паказваюць з дапамогай разамкнутай прамой са стрэлкамі, але без літарных яе абазначэнняў.
.
На фігуры сячэння, як і на іншых відарысах на чарцяжы, у выпадку неабходнасці наносяць памеры.
Графічныя абазначэнні матэрыялаў у сячэннях.
Для надання чарцяжу большай нагляднасці і выразнасці, для абазначэння матэрыялаў у сячэннях гэтак жа, як і ў разрэзах, уведзены графічныя абазначэнні.
Графічнае абазначэнне матэрыялаў у сячэннях выконваюць тонкімі паралельнымі лініямі, якія праводзяць пад вуглом 45° да лініі контуру відарыса ці яго восі (рыс. 83).
Калі лініі штрыхоўкі, праведзеныя да ліній рамкі чарцяжа пад вуглом 45°, супадаюць па напрамку з лініямі контуру ці восевымі лініямі, то замест вугла 45° трэба браць вугал 30° ці 60°.
Адлегласць паміж паралельнымі прамымі лініямі штрыхоўкі павінна быць аднолькавай для ўсіх выкананых у адным і тым жа маштабе сячэнняў дадзенай дэталі ў межах ад 1 да 10 мм.
Замацуем веды
1. Які відарыс называюць сячэннем? Якая інфармацыя змяшчаецца ў сячэннях?
2. Як падзяляюцца сячэнні ў залежнасці ад іх размяшчэння на чарцяжы?
3. Лініямі якой таўшчыні абводзяць контур накладзенага і вынесенага сячэння?
4. У якіх выпадках відарыс вынесенага сячэння суправаджаюць надпісам? Якія літары выкарыстоўваюць для гэтага?
5. Як адлюстроўваюць лінію сячэння? Які абрыс мае разамкнутая лінія?
6. Як паказваюць у сячэнні контур адтуліны, калі сякучая плоскасць праходзіць праз вось цела вярчэння?
7. Вызначыце, якое з сячэнняў адпавядае напрамку погляду, форме прадмета, правілам выканання сячэнняў (гл. Памятку 9)
Памятка 9. Умоўныя абазначэнні сячэнняў |
Пытаннi i заданнi павышанай складанасцi
Разгледзьце формы сячэнняў, магчымыя пры рассячэнні прадмета ўяўнымі сякучымі плоскасцямі А—А і Б—Б. Аргументуйце неабходнасць адлюстравання сячэнняў дэталі