§ 22. Паняцце пра разрэз. Выкананне і абазначэнне разрэзу

Класіфікацыя разрэзаў.

Разрэз можа быць утвораны адной ці некалькімі сякучымі плоскасцямі. У залежнасці ад колькасці сякучых плоскасцей разрэзы дзеляць на простыя і складаныя (рыс. 64).

Разгледзім, якія разрэзы належаць да простых.
Простыя разрэзы. Пры выкананні разрэзаў сякучая плоскасць адносна гарызантальнай плоскасці праекцый можа займаць вертыкальнае, гарызантальнае ці нахіленае становішчы. У залежнасці ад становішча сякучай плоскасці ў адносінах да гарызантальнай плоскасці праекцыі простыя разрэзы падзяляюць на вертыкальныя, гарызантальныя і нахіленыя.

Просты разрэз — разрэз, атрыманы пры мысленным рассячэнні  прадмета адной сякучай плоскасцю.

Як вы лічыце, які разрэз называецца складаным?

Вертыкальны разрэз утвараецца сякучай плоскасцю, перпендыкулярнай гарызантальнай плоскасці праекцый. Вертыкальная сякучая плоскасць можа быць па-рознаму размешчана адносна франтальнай і профільнай плоскасці праекцый. У залежнасці ад гэтага адрозніваюць франтальныя і профільныя вертыкальныя разрэзы. Вертыкальны разрэз называецца франтальным, калі сякучая плоскасць паралельна франтальнай плоскасці праекцый (рыс. 65). Франтальны разрэз размяшчаецца на выглядзе спераду (галоўным выглядзе).

Выкарыстоўваючы рысунак 66, дайце азначэнне вертыкальнаму профільнаму разрэзу і пазначце месца яго размяшчэння.

Гарызантальны разрэз утвараецца сякучай плоскасцю, паралельнай гарызантальнай плоскасці праекцый, і размяшчаецца на месцы выгляду зверху (рыс. 67).

Нахілены разрэз утвараецца сякучай плоскасцю, якая размешчана пад любым (але не прамым) вуглом да гарызантальнай плоскасці праекцый (рыс. 68).
Нахілены разрэз павінен будавацца і размяшчацца ў адпаведнасці з напрамкам погляду, які паказаны стрэлкамі на лініі сячэння. Становішча сякучай плоскасці адзначаецца лініяй сячэння са стрэлкамі, якія паказваюць напрамак погляду. Над разрэзам выконваецца надпіс, які адпавядае сякучай плоскасці, напрыклад А—А.