Печатать книгуПечатать книгу

§ 22. Паняцце пра разрэз. Выкананне і абазначэнне разрэзу

  • Назавіце асноўныя выгляды, вызначыце іх размяшчэнне на чарцяжы. У чым  адрозненне паміж дадатковымі і мясцовымі відамі? Для якіх мэт выкарыстоўваюць умоўнасці і спрашчэнні?
  • Вы даведаецеся: што такое разрэзы, іх класіфікацыю і абазначэнне, што такое мясцовы разрэз і ў якіх выпадках яго выкарыстоўваюць. 
  • Вы навучыцеся: выконваць і абазначаць разрэзы.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Чарчэнне. 10 клас
Книга: § 22. Паняцце пра разрэз. Выкананне і абазначэнне разрэзу
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 21 Декабрь 2024, 20:54

Уступ

Шмат якія прадметы маюць унутраныя пустоты, абрысы якіх на чарцяжах паказваюць штрыхавымі лініямі (лініямі нябачнага контуру) (рыс. 62, а). Колькасць гэтых ліній залежыць ад складанасці формы прадмета.

Параўнайце два відарысы дэталі на рысунку 62. На якім з іх лепш за ўсё бачны ўнутраныя контуры дэталі?

Вялікая колькасць гэтых ліній, іх накладанне і перасячэнне пагаршае выразнасць графічнага відарыса і ўскладняе чытанне чарцяжа. Таму, каб выразна паказваць на чарцяжах абрысы ўнутраных контураў прадмета, ужываюць разрэзы. Іх атрымліваюць, рассякаючы прадмет адной ці некалькімі ўяўнымі плоскасцямі (рыс. 63, а). Пярэдняя частка прадмета выдаляецца, частка прадмета, якая знаходзіцца ў сякучай плоскасці, на разрэзе вылучана штрыхоўкай. Пры гэтым відарыс разрэзу, сумешчаны з плоскасцю чарцяжа, змяшчае не толькі фігуру, атрыманую ў сякучай плоскасці, але і тыя контуры прадмета, якія знаходзяцца за ёй (рыс. 63, б).

Памятайце! Мысленны разрэз прадмета сякучай плоскасцю не ўплывае на іншыя відарысы гэтага прадмета. Напрыклад, на рысунку 63, б на галоўным выглядзе паказаны разрэз, а выгляд зверху застаўся без змяненняў.

Разрэз — гэта відарыс прадмета, мысленна рассечанага адной ці некалькімі сякучымі плоскасцямі.
На разрэзе паказваюць тое, што знаходзіцца ў сякучай плоскасці і што размешчана за ёй.

Класіфікацыя разрэзаў.

Разрэз можа быць утвораны адной ці некалькімі сякучымі плоскасцямі. У залежнасці ад колькасці сякучых плоскасцей разрэзы дзеляць на простыя і складаныя (рыс. 64).

Разгледзім, якія разрэзы належаць да простых.
Простыя разрэзы. Пры выкананні разрэзаў сякучая плоскасць адносна гарызантальнай плоскасці праекцый можа займаць вертыкальнае, гарызантальнае ці нахіленае становішчы. У залежнасці ад становішча сякучай плоскасці ў адносінах да гарызантальнай плоскасці праекцыі простыя разрэзы падзяляюць на вертыкальныя, гарызантальныя і нахіленыя.

Просты разрэз — разрэз, атрыманы пры мысленным рассячэнні  прадмета адной сякучай плоскасцю.

Як вы лічыце, які разрэз называецца складаным?

Вертыкальны разрэз утвараецца сякучай плоскасцю, перпендыкулярнай гарызантальнай плоскасці праекцый. Вертыкальная сякучая плоскасць можа быць па-рознаму размешчана адносна франтальнай і профільнай плоскасці праекцый. У залежнасці ад гэтага адрозніваюць франтальныя і профільныя вертыкальныя разрэзы. Вертыкальны разрэз называецца франтальным, калі сякучая плоскасць паралельна франтальнай плоскасці праекцый (рыс. 65). Франтальны разрэз размяшчаецца на выглядзе спераду (галоўным выглядзе).

Выкарыстоўваючы рысунак 66, дайце азначэнне вертыкальнаму профільнаму разрэзу і пазначце месца яго размяшчэння.

Гарызантальны разрэз утвараецца сякучай плоскасцю, паралельнай гарызантальнай плоскасці праекцый, і размяшчаецца на месцы выгляду зверху (рыс. 67).

Нахілены разрэз утвараецца сякучай плоскасцю, якая размешчана пад любым (але не прамым) вуглом да гарызантальнай плоскасці праекцый (рыс. 68).
Нахілены разрэз павінен будавацца і размяшчацца ў адпаведнасці з напрамкам погляду, які паказаны стрэлкамі на лініі сячэння. Становішча сякучай плоскасці адзначаецца лініяй сячэння са стрэлкамі, якія паказваюць напрамак погляду. Над разрэзам выконваецца надпіс, які адпавядае сякучай плоскасці, напрыклад А—А.

Складаныя разрэзы.

Некаторыя прадметы маюць такую ўнутраную будову, якую немагчыма паказаць на разрэзе з дапамогай адной сякучай плоскасці. У такіх выпадках выкарыстоўваюць складаныя разрэзы.

Складаны разрэз — разрэз, атрыманы пры мысленным рассячэнні двума і больш сякучымi плоскасцямі.

Складаны разрэз з’яўляецца камбінаваным відарысам. Ён складаецца з частак некалькіх простых разрэзаў.

У залежнасці ад становішча сякучых плоскасцей складаныя разрэзы падзяляюць на ступеньчатыя і ломаныя (рыс. 68.1). Ступеньчатым называюць складаны разрэз, утвораны некалькімі паралельнымі плоскасцямі. Ламаным называюць складаны разрэз, утвораны плоскасцямі, якія не перасякаюцца. У плоскасці чарцяжа ўсе сякучыя плоскасці сумешчаны ў адну.

Памятайце! Праекцыйная сувязь паміж ступеньчатым разрэзам і іншымі відарысамі чарцяжа (напрыклад, выглядам спераду) захоўваецца (гл. рыс. 68.1).

 

Абазначэнне разрэзаў

На адным чарцяжы можа быць паказана некалькі разрэзаў, але іх колькасць павінна быць апраўдана.
Правілы абазначэння разрэзаў
1. Становішча сякучай плоскасці паказваюць на чарцяжы лініяй сячэння.
2. Калі сякучая плоскасць супадае з плоскасцю сіметрыі прадмета, разрэз размяшчаецца на месцы аднаго з выглядаў (рыс. 69, а). Пры гэтым становішча сякучай плоскасці на чарцяжы не паказваюць і сам разрэз не пазначаюць.
3. Калі сякучая плоскасць не супадае з плоскасцю сіметрыі дэталі (рыс. 69, б), то лінію сячэння адлюстроўваюць разамкнутай лініяй са стрэлкамі, якія паказваюць напрамак погляду. Таўшчыня разамкнутых ліній у 1,5 раза большая за суцэльную тоўстую асноўную лінію.

4. У складаных разрэзах на чарцяжах становішча сечных плоскасцей паказваецца разамкнутымі лініямі перагібу (у выглядзе прамых вуглоў, вычарчаных лініямі, таўшчыня якіх роўна таўшчыні разамкнутай лініі). Вяршыня прамога вугла лініі перагібу паказвае на ўяўную лінію выдалення інфарматыўнай часткі простага разрэзу. Напрамак погляду (як і на простых разрэзах) паказваюць стрэлкамі, начэрчанымі каля пачатковага і канцавога штрыха разамкнутай лініі. Каля стрэлак пішуць аднолькавыя літары рускага алфавіта, напрыклад А-А.

Разамкнутыя лініі чэрцяць на канцах лініі сячэння са знешняга боку контуру відарыса. Са знешняга боку стрэлак наносяць аднолькавыя вялікія літары рускага алфавіта. Над разрэзам пішуць тыя ж літары праз працяжнік, якія паказваюць становішча сякучай плоскасці (напрыклад, А—А, Б—Б і г. д.).

Як вы лічыце, ці заўсёды пазначаюць нахіленыя разрэзы? У якім выпадку надпіс «А—А» трэба дапоўніць знакам «Павернута»?

Графічнае абазначэнне матэрыялаў. Рассякаючы прадметы адной ці некалькімі плоскасцямі, лініі на ўнутраных контурах, адлюстраваныя на чарцяжы штрыхавымі лініямі, становяцца бачнымі. Іх адлюстроўваюць суцэльнай тоўстай асноўнай лініяй. Фігуру сячэння, якая ўвахо-дзіць у разрэз, штрыхуюць.
Калі на фігуры сячэння хочуць паказаць, з якога матэрыялу выраблена дэталь, то карыстаюцца іх графічнымі абазначэннямі (рыс. 70).
Лініі штрыхоўкі наносяцца тонкімі лініямі пад вуглом 45° у адзін бок (управа ці ўлева) на ўсіх праекцыях адной і той жа дэталі. Адлегласць паміж паралельнымі прамымі лініямі штрыхоўкі павінна быць аднолькавай (1—10 мм). Рэкамендавана на фарматах А4 адлегласць паміж пара-лельнымі штрыхамі выкарыстоўваць ад 1 да 2 мм.

.

Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы, знайдзіце інфармацыю, якія яшчэ матэрыялы паказваюць у разрэзах. Якое іх графічнае абазначэнне?

Мясцовы разрэз. Каб паказаць на чарцяжах унутраную будову прадметаў у асобных абмежаваных месцах (напрыклад, у суцэльнай дэталі неабходна паказаць невялікае паглыбленне ці адтуліну), ужываюць разрэзы, якія называюць мясцовымі. Выконваць поўныя разрэзы для такіх дэталей немэтазгодна.
Таму дастаткова ўмоўна разразаць толькі тую частку дэталі, якая патрабуе дадатковага выяўлення яе формы. Мясцовы разрэз вылучаюць на чарцяжах суцэльнай тонкай хвалістай лініяй, якая праводзіцца ад рукі. Мясцовы разрэз не пазначаецца.


Памятайце! Хвалістая лінія, якая абмяжоўвае мясцовы разрэз, не павінна супадаць з якімі-небудзь іншымі лініямі на выглядзе ці быць іх прадаўжэннем.

 

Разгледзьце рысунак. Растлумачце, чаму на рысунку б мясцовы разрэз выкананы няправільна.

Разрэзы ў аксонаметрычных праекцыях.
На аксонаметрычных праекцыях, гэтак жа як і на відарысах прадметаў, ужываюць разрэзы, з дапамогай якіх паказваюць унутраную будову: адтуліны, паглыбленні і г. д. Сякучыя плоскасці, як правіла, выбіраюць так, каб яны супадалі з плоскасцю сіметрыі дэталі ці асобнага яе элемента (рыс. 71, а) (гл. Памятку 8).

Памятка 8. Алгарытм пабудовы аксонаметрычнай праекцыі дэталі з выразам адной чвэрці

Будуюць ізаметрычную праекцыю дэталі
Выдаляюць 1/4 частку дэталі

    Будуюць адтуліны дэталі ў выразе

Удакладняюць пабудовы: будуюць адтуліны і скругленні ў аснове дэталі

Лініі штрыхоўкі сячэнняў наносяць паралельна дыяганалям праекцый квадратаў, пабудаваных на восях х і z, х і у, у і z (рыс. 71, б). Напрыклад, у ізаметрычнай праекцыі на франтальным і профільным разрэзах лініі штрыхоўкі размяшчаюць пад вуглом  45°.

Вызначыце, які вугал штрыхоўкі ў дыметрычнай праекцыі.

Замацуем веды

1. Якія разрэзы называюць франтальнымі, профільнымі, гарызантальнымі?
2. У якіх выпадках разрэзы не абазначаюць?
3. Назавіце разрэзы, адлюстраваныя на рысунках.

4. Які разрэз называецца мясцовым?
5. Калі выкарыстоўваюць мясцовы разрэз?
6. Якой лініяй абмяжоўваюць мясцовы разрэз? Ці дапушчальна супадзенне гэтай лініі з іншымі лініямі чарцяжа?
7. Як размяшчаюць сякучыя плоскасці для выяўлення ўнутраных абрысаў выра-баў на аксонаметрычных праекцыях?
8. Якія правілы нанясення штрыхоўкі прыняты пры выкананні разрэзаў (выразаў) у аксонаметрыі?
9. Ці зменяцца іншыя відарысы прадмета,калі яго разрэзаць сякучай плоскасцю? 

10. Чым адрозніваюцца адно ад аднаго абазначэнні сякучых плоскасцей простых і складаных разрэзаў? 
11. У залежнасці ад чаго складаныя разрэзы падзяляюць на ступеньчатыя і ломаныя?
12. На якім чарцяжы правільна выкананы ступеньчаты разрэз?

Пытаннi i заданнi павышанай складанасцi

1. Вызначыце, пры пабудове якога разрэзу дапушчана памылка.


2. Па прадстаўленым на рысунку разрэзе вызначыце яго выгляд. Мысленна сканструюйце дэталь, чарцёж якой змяшчаў бы гэты разрэз. Пабудуйце яе чарцёж.

3. Па паказаным на рысунку ступеньчатым разрэзе мысленна сканструюйце дэталь, чарцёж якой змяшчаў бы гэты разрэз. Пабудуйце яе чарцёж

Практычная работа № 12. Выкананне разрэзаў

У рабочым сшытку, улічваючы габарытныя памеры з захаваннем прапорцый, выканайце чарцёж дэталі ў трох праекцыях. Выканайце і пазначце франтальны разрэз, нанясіце памеры. Улічвайце, што адтуліны ва ўсіх дэталях скразныя.

Практычная работа № 12.1. Складаны разрэз

У рабочым сшытку, улічваючы габарытныя памеры і захоўваючы прапорцыі, выканайце эскіз дэталі ў трох праекцыях. Выканайце і абазначце франтальны разрэз, нанясіце памеры.