§ 19. Аксонаметрычныя праекцыі геаметрычных цел. Знаходжанне пунктаў, якія ляжаць на паверхні геаметрычных цел

Аксонаметрычныя праекцыі паверхняў вярчэння

Акружнасці, якія ляжаць у асновах цыліндра і конуса, размешчаны паралельна гарызантальнай плоскасці праекцый. Пабудову праекцый цыліндра і конуса пачынаюць з правядзення восей сіметрый і пабудовы ніжняй асновы. Ніжняя аснова аксонаметрычных праекцый цыліндра і конуса — эліпс.

Прамавугольная ізаметрычная праекцыя цыліндра. Аснова цыліндра — эліпс. Вышыня цыліндра супадае з воссю z, а аснова раз-мешчана ў плоскасці восей x і y. Памеры вызначаюцца вышынёй і дыяметрам асновы.
1. Праводзяць восі ізаметрычнай праекцыі. Затым будуюць ніжнюю аснову цыліндра.
2. З цэнтра асновы аднаўляюць перпендыкуляр і адкладаюць вышыню цыліндра. Будуюць верхнюю аснову (эліпс).
3. Праводзяць бакавыя ўтваральныя цыліндрычнай паверхні, вызначаюць бачнасць ніжняй асновы.

Вызначэнне размяшчэння пункта А
1. Ад цэнтра асновы па восі х праводзяць прамую хА= m. З пункта m праводзяць прамую, паралельную восі у да перасячэння з асновай.
2. З атрыманага пункта паралельна восі z праводзяць прамую zА= h.

Складзіце алгарытм знаходжання пункта на паверхні цыліндра, улічваючы той факт, што пункт размешчаны на ніжняй аснове цыліндра.

Прамавугольная ізаметрычная праекцыя конуса. Аснова конуса — эліпс. Пабудова праекцыі конуса падобна да пабудовы праекцыі цыліндра. Вызначэнне размяшчэння пунктаў на паверхні конуса падобна да пабудоў пунктаў на пірамідзе. 

Выкарыстоўваючы раней вывучаны матэрыял, вызначыце спосаб знаходжання становішча пунктаў В і С, адлюстраваны на рысунку.