§ 19. Аксонаметрычныя праекцыі геаметрычных цел. Знаходжанне пунктаў, якія ляжаць на паверхні геаметрычных цел

Аксонаметрычныя праекцыі мнагаграннікаў

Прамавугольная ізаметрычная праекцыя прызмы. Аснова прызмы — правільны многавугольнік (напрыклад, шасцівугольнік). Вышыня прызмы супадае з воссю z, а аснова размешчана ў плоскасці восей x і y. Памеры прызмы вызначаюцца іх вышынёй і памерамі фігуры асновы.

1. Праводзяць восі ізаметрычнай праекцыі. Затым будуюць ніжнюю аснову прызмы.
2. З кожнай вяршыні праводзяць перпендыкуляры, на якіх адкладаюць адрэзкі, роўныя вышыні прызмы.
3. Праз атрыманыя пункты праводзяць прамыя, паралельныя кантам асновы. Вызначаюць бачнасць кантаў.
Вызначэнне размяшчэння пункта А
1. Ад цэнтра асновы па восі х праводзяць прамую хА = n. З пункта n праводзяць прамую, паралельную восі у, да перасячэння з асновай прызмы.
2. З атрыманага пункта паралельна восі z праводзяць прамую zА = h.


Вызначыце паслядоўнасць пабудовы праекцыі пункта, размешчанага на канце прызмы.

Прамавугольная ізаметрычная праекцыя піраміды (напрыклад, чатырохграннай). Асновы піраміды — ромб. Вышыня піраміды (OS) супадае з воссю z, а аснова размешчана ў плоскасці восей x і y.

1. Праводзяць восі ізаметрычнай праекцыі. Памеры піраміды вызначаюцца памерамі яе асновы і вышынёй. Затым будуюць ніжнюю аснову піраміды, паралельную гарызантальнай плоскасці.
2. З цэнтра асновы О аднаўляюць перпендыкуляр, на якім адкладаюць вышыню піраміды.
3. Злучаюць атрыманы пункт S з вяршынямі асновы. Вызначаюць бачнасць кантаў.
Вызначэнне размяшчэння пункта А
1. Ад цэнтра асновы О па восі х адкладаюць адлегласць хА = m.
2. На восі у адкладаюць адлегласць уА = n.
3. Паралельна восі z праводзяць адрэзак zA = h.